Наступны тыдзень распачнецца з Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая 105 гадоў таму адбылася ў Расійскай Імперыі і абвясціла новую эпоху ў гісторыі не толькі значнай часткі тэрыторыі кантынента, але, па вялікім рахунку, і ўсяго свету.
Зразумела, кожны зараз па-свойму адносіцца да эпохі савецкага часу. Людзі больш сталага веку пераконваюць, што менавіта на гэты перыяд прыпадаюць хіба не найлепшыя іх успаміны. “Ды і ўвогуле, жылі мірна ў адной, агульнай краіне. Савецкі Саюз перамог у Вялікай Айчыннай вайне, першым запусціў чалавека ў космас, выхаваў самае чытаючае ў свеце грамадства, пры ўліку таго, што каля 80% насельніцтва да Кастрычніцкай рэвалюцыі было непісьменным. Бясплатныя медыцына і адукацыя, маштабная будоўля жылля – гэты спіс можна працягваць доўга”.
Іншыя, наадварот, узгадваюць сталінскія рэпрэсіі, ваяўнічы атэізм, хібы каманднай эканомікі і дэфіцыт, зазначаючы, што савецкі час даўно мінуў і Дзень Кастрычніцкай Рэвалюцыі, дзякуючы якому ўтварылася тая краіна – больш варты статусу гістарычнай даты, чым свята.
А мне здаецца, што сэнс святкавання ў гэты дзень у шанаванні і акумуляцыі ўсіх дасягненняў і станоўчага вопыту савецкай эпохі. Тым больш, што столькі нашых грамадзян з цеплынёй узгадваюць тыя часы. Пры мностве недахопаў і перагібаў, менавіта савецкая ўлада стварыла вобраз сучасных краін СНД з сукупнасцю сацыяльных інстытутаў.
У Год гістарычнай памяці, незалежна ад поглядаў на мінулае, варта прызнаць, што пераасэнсаваныя механізмы развіцця СССР у той ці іншай ступені ўжываюцца ў сучасных рэаліях развітых краін. На чале Кітаю – другой эканомікі свету, стаіць камуністычная партыя, у скандынаўскіх краінах, што лічацца аднымі з самых прыдатных і камфортных для жыцця, паспяхова працуе сістэма глыбокага пераразмеркавання даходаў. Буйныя індустрыі будуюць не толькі вертыкаль, але і развітую гарызанталь вытворчасці і інфраструктуры для сваіх працаўнікоў. Падобны вопыт даволі ўдала працуе і ў Беларусі, вось толькі некаторыя лічаць яго нейкім местачковым, свядома абмінаючы сваёй увагай прыклады многіх іншых развітых краін.
Няма нічога дрэннага, што і Беларусь карыстаецца вопытам і захоўвае лепшае ад той гістарычнай эпохі. Я, прынамсі, шчыра падтрымліваю даступнасць сацыяльных выгод. Больш за тое, я мрою, каб народы нашага ўсходнееўрапейскага рэгіёна былі самымі чытаючымі і надалей мелі самы шырокі сацыяльны пакет ад працадаўцы.

Людзі сталага веку кажуць, што савецкія грамадзяне былі, няхай і крыху, але больш уважлівымі да суайчыннікаў. І калі так, то няхай бы гэтую рысу мы таксама здолелі нанова выхаваць у сабе.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о