Сваю гісторыю  мы беражліва захоўваем

Музей – скарб нашай памяці пра мінулае, якое ўжо сышло. Галоўная каштоўнасць музея – экспанаты, якія, як і чалавек, маюць свой лёс. Што можа зрабіць чалавек, які знайшоў цікавую рэч? Аддаць знаходку спецыялістам для вывучэння. Але так паступаюць далёка не ўсе. Разглядаючы экспанаты за шклянымі вітрынамі ў музеі, мы наўрад ці задумаемся над тым, як менавіта той ці іншы экспанат сюды трапіў…

Так, наш зямляк знайшоў у лесе кавалак іржавага металу, які яго зацікавіў, бо рэч была падобная на метыярыт. Вывучыўшы яго ў музеі, спецыялісты высветлілі, што камяк жалеза – крыца. Менавіта ў XIII – XIV стагоддзях нашы продкі атрымлівалі жалеза з балотнай руды, перапрацоўваючы яе спачатку ў крыцу, а потым атрымліваючы больш-менш якасны метал. Ну чым не артэфакт? Таму раім не праходзіць міма дзівацтва і загадак.
Нядаўна экспазіцыя нашага музея ўпершыню папоўнілася салдацкімі медальёнамі. Больш за 80 гадоў таму пачалася Вялікая Айчынная вайна. Аб тых гераічных гадах яскравей тысячы слоў могуць расказаць рэчы. Медальён з укладышам чырвонаармейца Івана Іванавіча Калоція, ураджэнца Украінскай ССР, Кіраваградскай вобласці, Ануфрыеўскага раёна, вёскі Куцаволаўка. Па абагульненым электронным банку дадзеных “Мемарыял” чалавек доўгі час лічыўся без звестак зніклым у 1943 годзе. У ходзе пошукавых работ на тэрыторыі нашага раёна яго рэшткі з асабістым медальёнам былі знойдзены каля вёскі Слінкі. Чырвонаармеец Іван Калоцій перазахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Конкавічы. У ходзе раскопак там жа быў знойдзены салдацкі медальён з укладышам Аляксеева. Гэта рэчыўная памяць, якая сведчыць пра штогадзінны гераізм народа і яго любоў да Радзімы зараз беражліва захоўваецца ў фондах нашага музея.
Нашу з вамі гісторыю, як вядома, робяць людзі. Не важна, якую пасаду займае чалавек: кіраўнік ён, жывёлавод ці трактарыст. Галоўнае, што ён любіў сваю справу, зямлю. Калекцыя ўзнагарод і дакументаў музея ў гэтым годзе папоўнілася нагруднымі знакамі: “Пераможца сацыялістычных спаборніцтваў” 1973-га і 1977-га гадоў, “Выдатнік сацыялістычнай сельскай гаспадаркі” Філіпа Іванавіча Шлягі, ураджэнца вёскі Сярэдняя Рудня, які працаваў трактарыстам у мясцовай гаспадарцы. Сапраўды, чалавек гэты – знакамітасць, а мы ў музеі нават не чулі пра яго. Цяжка знайсці апраўданне.
Сярод цікавых рэчаў, падараваных музею ў гэтым годзе, значнае месца займаюць святочныя паштоўкі з віншавальнымі тэкстамі з нагоды розных памятных дат. Чытаючы іх, датыкаешся да эпохі 70-80-х гадоў і разумееш, што людзі ў тыя часы, як і зараз, жадаюць адзін аднаму моцнага здароўя, сямейнага шчасця, дабрабыту і поспехаў.
Абавязкова наведвайце музей і адкрывайце для сябе нешта новае ў гісторыі нашага горада і раёна. Дакраніцеся да мінулага і адчуйце, наколькі важна гэта для ўсіх нас, для нашага часу. Бо будучыня, як вядома, магчыма толькі тады, калі мы беражліва захоўваем мінулае.

Галіна ЗАНКЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік музея.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о