Матч, да якога была прыцягнута ўвага ўсёй другой лігі і не толькі, адбыўся ў мінулую суботу. У Магілёве ўпершыню згулялі два лідара групы “Б”: магілёўскі “Дняпро” ды наш “Шахцёр-Петрыкаў”.

Яшчэ ў мінулым годзе каманда з Магілёва, якая звалася “Дняпро-МЧЗ”, вынік аб’яднання з мінскай камандай “Луч”, гуляла ў вышэйшай лізе, але па выніках сезона згубіла прапіску ў “эліце” і была расфарміравана. І гэта ўжо быў другі такі выпадак за два гады. Тое ж самае адбылося з камандай і ў сезоне 2018: тады яшчэ проста “Дняпро” заняў месца ў канцы турнірнай табліцы “выляцеў” з першага дывізіёну.
Такія з’явы ў клубе сталі вынікам фінансавых складанасцяў, якія, у тым ліку, і прымусілі каманду пачаць усё з самага пачатку: заявіцца ў другую лігу.

Сутычка лідэраў. Петрыкаўскі «Шахцёр» у Магілёве сустрэўся з мясцовым «Дняпром»Да гэтага матчу і “Дняпро”, і “Шахцёр-Петрыкаў” праходзілі свой турнірны шлях без адзінага паражэння. Яны, як пісалі на старонках аднаго з спартыўных СМІ, “праглыналі сваіх супернікаў, як пітон кролікаў”. З гэтага выцякала і іх размяшчэнне ў турнірнай табліцы. І прадстаўнікі Петрыкава, і магіляўчане дзялілі першае месца з максімумам ачкоў. “Дняпро” быў вышэй толькі праз розніцу забітых-прапушчаных. Турнірная значымасць надала гэтай гульні статус прынцыповай, бо той, хто даб’ецца перамогі, здолее стаць аднаасобным лідарам. Значымасць супрацьстаяння пацвердзіла і цікавасць да яго глядачоў: у суботу на трыбунах магілёўскага стадыёна “Спартак”, паводле афіцыйных звестак, сабралася 900 чалавек. Дарэчы, прэс-служба каманды так з гэтай лічбай і не згадзілася, бо лічыла, што заўзятараў было нашмат больш.

Гаспадары стадыёну пачалі матч актыўна і з пазіцыі сілы. Першыя моманты ў брамы Станкевіча з’явіліся ўжо ў першай пяціхвілінцы. Адзін з гэтых наступаў, дарэчы, магіляўчане здолелі рэалізаваць: Яўген Елезаранка ўдарам галавой замкнуў падачу таварыша з правага фланга. Але “Шахцёр” прапушчаны гол не зламаў. Ужо праз хвіліну, калі стадыённы дыктар аб’яўляў аўтара першага гола, нашыя хлопцы пабеглі ў атаку, у якой Аляксей Хадневіч прымусіў суперніка парушыць на сабе правілы ў штрафной пляцоўцы. Суддзя паставіў пенальці, які сам Хадневіч і рэалі-заваў. Тым самым ён пацвердзіў статус лепшага галеадора каманды, гэты гол стаў для вопытнага нападаючага адзінаццатым у сезоне. Усяго праз дзве хвіліны пасля гэтага ўзяцця брамы “Шахта” мела яшчэ адзін выдатны момант: Хадневіч аддаў пас на Ганіча, але той, меючы перад сабой пусты вугал, трапіў у штангу.
Пасля гэтага моманту небяспекі ля брамы “Дняпра” давялося чакаць ажно да даданага часу. Гаспадары ў той час усімі сіламі стараліся паказаць свой статус: раз за разам падыходзілі да нашай штрафной і стваралі нядрэнныя моманты, реалізаваць якія да канца тайма так і не здолелі.

Другая палова сустрэчы пачалася з гуткай атакі магіляўчан, вынікам якой стаў фол Кірыла Цэвана ў сваёй штрафной. Да мяча падышоў Кірыл Сідарэнка і рэалізаваў адзіннаццацімятровы. Гол стаў для яго 17-м, гэта лепшы паказчык лігі. Лік 2:1 і стаў выніковым. Да завяршэння матчу пераважная колькасць момантаў была за “Дняпром”, але ж абарона спраўлялася, ды і брамнік Станкевіч зрабіў некалькі годных сэйваў. “Шахцёр” таксама некалькі разоў набліжаўся на штрафной гаспадароў, але ж да гола, як вы ўжо зразумелі раней, не дайшло.

Паўабаронца петрыкаўскага “Шахцёра” Алім Макоеў связаў пяўдачу з працяглай паўзай: “Разлічвалі прэсінгаваць і чапляцца за мячы ў атацы, але, думаю, задуманае было цяжка ажыццявіць з-за немалога прастою”. Таксама ён закінуў вудку на матч, які адбудзецца ў другім крузе: “Чакаем матч у адказ на хатнім стадыёне, думаю, там будзе зусім іншая гульня”.

Свой наступны матч “Шахцёр-Петрыкаў” згуляе ў суботу 11-га ліпеня на стадыёне “Прыпяць” у Петрыкаве. У суперніках – “Асіповічы”. Таксама даволі сур’ёзная каманда, якая на цяперашні момант займае трэцяе месца групы “Б”.

Ілья Шэлег.
Фота прэс-службы
ФК “Дняпро”

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о