У аграгарадку Навасёлкі самадзейныя артысты віншавалі вяскоўцаў з Калядамі.

Сустракай, гаспадар, КалядуЛюбімая ўсімі калядная традыцыя шчадравання – старажытны народны звычай, які многія з нас памятаюць з дзяцінства. Ён прыносіць вяселле, добры настрой, ухваленне гасцінных гаспадароў. У філіяле “Навасёлкаўскі сельскі Дом культуры” традыцыі шануюць, таму на Каляды ўдзельнікі фальклорнага калектыву “Вячорніца” накіраваліся па вуліцах аграгарадка.

Калядаванне – традыцыйны абрад славянаў. Ад дня напярэдані Ражства і да Хрышчэння калядоўшчыкі ходзяць ад хаты да хаты, пяюць абрадныя песні, жадаючы гаспадарам шчасця і поспеху, за што і атрымліваюць частаванні.
Удзельнікі нашага калектыву ад традыцыі вырашылі не адступаць, да абрада падыйшлі абгрунтавана: падрыхтавалі касцюмы, развучылі калядныя песні, падрыхтавалі рэквізіт, сярод якога – калядная зорка. Не забылі і пра галоўную дзеючую асобу – Казу. Здаўна з гэтай жывёлай асацыіравалі дастатак, добры ўраджай, радасць і дабрабыт.

Прыбрацца ў Казу выпала ўдзельніцы фальклорнага калектыву Любові Савянок. Трэба сказаць, што Каза атрымалася выдатная. Вывернуты кажух зрабіў сваю справу, вобраз дапоўнілі яркія рогі. Ужывацца ў ролю Любові Іосіфаўне доўга не давялося: аптымізму, вяселля і добрага настрою ёй не займаць. У кожным выхадзе Казе давялося нялёгка, трэба было падаць. Каб падняць гэту госцю, гаспадары не павінны былі шкадаваць частаванняў. А яны не сквапіліся, шчодра адорваючы калядоўшчыкаў.

Быў сярод калядоўшчыкаў і свой механоша – удзельніца “Вячорніцы” Святлана Кучынская. Ёй была адведзена асаблівая роля – несці мех, у які гаспадары хат, куды заходзілі калядоўшчыкі, клалі свае падарункі. Менавіта самі апускалі, бо ні механоша, ні іншыя калядоўшчыкі не павінны браць падарункі з рук гаспадароў.
Сярод калядоўшчыкаў быў і гарманіст Мікалай Кукса. Спевамі і музыкай ён абяцаў людзям добры, багаты, удалы год.

Трэба сказаць, што калядоўшчыкі падабраліся ўсе вясёлыя, з пачуццём гумару, са звонкімі галасамі. Каля кожнага дома абавязкова пыталі дазволу пакалядаваць. Даўно лічылася вялікім грахом адмовіць калядоўшчыкам. Але і ў нашы дні ў прыёме доўгачаканым гасцям ніхто не адмовіў. Усе гаспадары сустракалі Каляду гасцінна, разам весяліліся, слухалі калядныя песні, шчодра дзякавалі.
За калядны вечар самадзейныя артысты абыйшлі каля дваццаці двароў у Навасёлках. Кажуць, што да тых, да каго прыходзілі калядоўшчыкі, абавязкова ў дом прыйдзе шчасце і дабрабыт, мір і працвітанне. Няхай так і будзе!

Ганна РАМАНЧУК,
аграгарадок Навасёлкі.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о