Відавочна, што маладзёжныя пляцоўкі, аздобленныя выступленнямі артыстаў Петрыкаўшчыны, якія праходзяць кожную суботу ў гарацкім парку, прыйшліся даспадобы жыхарам раёна. Людзі чакаюць выхадных дзён, каб сустрэцца ў аблюбаваным месцы з сябрамі, выйсці прагуляцца з сям’ёй, адпачыць пад гукі музыкі. У мінулую суботу, наведваючы парк, я задалася пытаннем,  якая катэгорыя насельніцтва больш актыўна наведвае месца адпачынку? І ведаеце, назіраліся землякі ўсіх узростаў і кожны знайшоў занятак па душы.

Субота – інтарэс на любы густ
Неяк склалася, што частка парку каля краязнаўчага музея, больш ціхая, спакойная і рамантычная. Так і ў той дзень. Сустрэла моладзь з гітараю, маці з калясачкамі, дзеткі ў якіх спалі, дзяўчынкі з кніжкамі  і, нязменна, – закаханыя. На адной лаўцы  юнакі абмяркоўвалі заўтрашні нядзельны матч паміж петрыкаўскім “Шахцёрам” і футбольным клубам “Ліда” і вось поспех! Прагуляцца ў парк прыйшлі футбалісты адной з каманд,  якія прыехалі да нас напярэдадні. Ужо здалёк я бачыла, што моладзь падышла да спартсменаў і тыя не адмовілі ў зносінах  – уступілі ў дыялог з падлеткамі. Уяўляю, колькі радасці было ў хлопцаў!

Субота – інтарэс на любы густ
На  другой частцы парку жыццё бурліла  весела, гучна, з песнямі, танцамі, дзіцячым смехам, маладзёжнымі сучасным матывамі.  Дзіцячая пляцоўка сабрала дзетак, якія выбіралі гульнявыя элементы на свой густ,  знайшлося месца і для сямейнага велапрабегу, і месца “проста пасядзець і паглядзець” для сталай пары. Юнакі, далей ад гледачоў, паказвалі адзін аднаму танцавальныя рухі,  а дзяўчаты-прыгажуні  пазіравалі на фотакамеру. Ну і, канечне, прываблівала сцэна летняга амфітэатра, на якой ладзілі канцэрт артысты  філіяла “Брынёўскі сельскі дом культуры”.  На такія сустрэчы збіраецца шмат публікі і заўсёды людзі атрымліваюць асалоду ад творчых нумароў артыстаў. Усюды адчувалася атмасфера свята, спакою і гармоніі паміж прысутнымі і тым, што адбывалася навокал.  Куды не паглядзіш – усе шчаслівыя і вясёлыя. Нейкі райскі куток. Няхай так будзе заўсёды!
Да сустрэчы ў наступную суботу! Мне здаецца, што надвор’е  і артысты філіяла “Колкаўскі сельскі дом культуры” падораць  нам пазітыўны настрой!

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о