Перад пачаткам спаборніцтваў “Прарыў-2020” майстар спорту па паўэрліфтынгу міжнароднага класа Ілля Марчанкоў правёў майстар-клас для ўдзельнікаў турніру. Спартсмен распавёў, як правільна выконваць тэхніку практыкаванняў і не траўміраваць сябе, пра свой вопыт удзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах, пра работу з дзецьмі, якія знаходзяцца на розных відах прафілактычнага ўліку.

Ствары сябе сам

– У падлеткавым узросце хапае момантаў, каб аступіцца і здзейсніць штосьці супрацьзаконнае. Вельмі важна, каб у падлетка быў лідар, з якога можна браць прыклад. Гэта можа быць хтосьці з сяброў, бацькоў, са спартсменаў або зорак кіно. На жаль, некаторыя бацькі не заклалі ў сваё дзіця добрыя законы, якімі карыстаюцца людзі ў грамадстве. Гэтыя дзеці, без прынцыпаў, лезуць у краму і крадуць. Для многіх з іх мерка поспеху – мабільны тэлефон і модныя красоўкі, таму важна іх накіраваць на іншы лад. Ствары сябе сам – такі мой дэвіз.

На трэніроўках я імкнуся закласці ў спартсмена маральна-валявыя якасці, а потым ужо фізічныя. Не важна, якое ў сям’і матэрыяльнае становішча, трэба быць чалавекам і не ісці на глупства. Сённяшні петрыкаўскі турнір – гэта добры падмурак для вялікіх спартыўных спраў.

Нагадаем, што Ілля Марчанкоў – майстар спорту міжнароднага класа па паўэрліфтынгу, тройчы рэкардсмен Беларусі па жыме лежачы без экіпіроўкі, у 2017 го-дзе стаў чэмпіёнам краіны, а ў 2018 годзе заваяваў тры медалі на Чэмпіянаце Еўропы, дзе стаў абсалютным чэмпіёнам.

Ствары сябе сам

У мінулым годзе Ілля заваяваў тытул чэмпіёна Міжнароднага турніра WRPF (гэта найбуйнейшая федэрацыя паўэрліфтынгу ў свеце і самая прэстыжная – заўв. аўтара). Многія яго вучні сталі майстрамі спорту. Добрых вынікаў яны дасягнулі на рэспубліканскіх і міжнарожных спаборніцтвах – гэта Максім Паторскі, Руслан Герасіменка, Георгій Шатырын і Яўген Лазарчык.

– У снежні 2020 года планую выступіць на Чэмпіянаце свету, – працягнуў Ілля. – Але пакуль трэба заявіцца на Чэмпіянат краіны і Еўропы.
Паўэрліфтынг – гэта цяжкі від спорту, які патрабуе ад спартсмена знясільваючых трэніровак, правільнай дыеты, дысцыпліны і поўнай самааддачы. Для падняцця такіх вялікіх вагаў трэба мець добра развітыя мышцы ног, рук, спіны і грудзі. І паверце, куды важней мець унутраны настрой на перамогу і працу над сабой. Адных фізічных якасцяў недастаткова.


Спецыялісты ўпэўнены, адна з асноўных прычын здзяйснення падлеткамі правапарушэнняў – недастаткова арганізаваны вольны час, непрадукцыйнае выкарыстанне часу, адсутнасць асабістых інтарэсаў. Як вядома, заняткі спортам можа стаць наймацнейшым стымулюючым фактарам пры фарміраванні валявых і маральных якасцяў падлетка.
Як распавёў метадыст аддела адукацыі Уладімір Кульба, зараз трэба адарваць падлеткаў ад згубнага ўплыву “вулiцы”, перасцерагчы ад дрэнных учынкаў, прапанаваўшы наўзамен розныя спартыўныя мерапрыемствы і заняткі ў спартыўных гуртках і секцыях, якія адказваюць густам дзяцей.
– У Петрыкаўскім раёне больш за 150 дзяцей стаяць на ўліку па розных відах прафілактыкі, 80% дзяцей наведваюць спартыўныя секцыі. За кожным замацаваны настаўнік фізічнай культуры. У сувязі з тым, што з’явілася дадатковая спартыўная пляцоўка “Bonfesto”, мы плануем правесці ў красавіку бягучага года раённую спартакіаду з найбольшым маштабам.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о