Изображение 001“Вайсковая справа – першая з мірскіх спраў і найважнейшая для абароны Айчыны”, – Пётр Першы.

100 гадоў таму былі ўтвораны  Узброеныя Сілы СССР.

Стварэнне і развіццё Узброеных Сіл маладой дзяржавы адбывалася ў  складаных умовах. Ішоў чацвёрты год Першай сусветнай вайны. Нямецка-аўстрыйскія войскі займалі значную частку Прыбалтыкі, Беларусі, Украіны. Неабходна было ў кароткі тэрмін стварыць новае, дысцыплінаванае рэгулярнае войска.

15 студзеня Уладзімір Ленін падпісаў дэкрэт аб стварэнні Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, а 29 студзеня – дэкрэт аб стварэнні Рабоча-сялянскага Чырвонага флоту. Пралетарыят добраахвотна ўступаў у войска, прымаліся і афіцэры рускай імператарскай арміі, што прынялі савецкую ўладу.

22 і 23 лютага ўпартае супраціўленне аказалі толькі што створаныя чырвонаармейскія атрады пад Псковам і Нарваю, якія далі адпор ворагу па дарозе на Петраград. З нагоды мужнага супраціўлення, гераізму працоўных, што аддана абараняюць Айчыну, штогод 23 лютага стаў адзначацца як Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-марскога флоту.

У 20-х гадах у войску была ўдасканалена арганізацыйна-штатная структура, на ўзбраенне паступіла сучасная тэхніка. У 1926 годзе Заходняя ваенная акруга была перайменавана ў Беларускую. Але не наканавана было нашаму народу мірна жыць. Другая сусветная вайна шчыльна падышла да межаў Радзімы.

Самыя яркія старонкі нашай гісторыі былі напісаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Войскі акругі, пераўтвораныя ў Заходні фронт, у ліку першых прынялі на сябе ўдар нямецка-фашысцкай армады. Першыя дні вайны паказалі рашучасць савецкага народа і войска адстойваць кожную пядзю роднай зямлі. У цяжкіх баях байцы Чырвонай Арміі і флоту разам з народам коштам вялікіх страт здзейснілі вялікі подзвіг дзеля Радзімы і нашчадкаў.

На працягу ўсяго перыяду акупацыі ў Беларусі дзейнічала 199 партызанскіх брыгад і 14 партызанскіх палкоў, 258 асобных партызанскіх атрадаў.

Чалавечыя ахвяры ў той вайне былі вялікімі: Беларусь панесла самыя адчувальныя страты сярод рэспублік СССР. У бойцы з фашызмам загінуў кожны трэці беларус. Спатрэбілася больш за чвэрць стагоддзя, каб узнавіць даваенную колькасць насельніцтва.

За мужнасць і гераізм больш 300 тысяч салдат і афіцэраў – выхадцаў з Беларусі – былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 441 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, 65 чалавек сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы.

Пасля вайны ў вайсковых часцях Беларускай ваеннай акругі пачалася планавая баявая падрыхтоўка, удасканальваліся форма кіраўніцтва войскамі ў баі, арганізацыя палявой і паветранай вывучкі, тактычнай, агнявой і спецыяльнай падрыхтоўкі асабістага складу. Узброеныя Сілы пачалі атрымліваць новую тэхніку і ўзбраенне.

У 1979-1989 гадах многія воіны акругі ўдзельнічалі ў аказанні дапамогі народу Афганістана. Больш за 30 тысяч салдатаў, сяржантаў і афіцэраў з Беларусі выконвалі інтэрнацыянальны абавязак, захаваўшы вернасць ваеннай прысязе. Сотні воінаў-інтэрнацыяналістаў не вярнуліся з гэтай вайны.

У 1991 годзе Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Будуючы новы механізм, краіна з першых дзён пачала ствараць войска з адначасовым глыбокім рэфармаваннем вайсковай арганізацыі дзяржавы. Прынцыпова важна, што ў сучасных умовах Узброеныя Сілы Беларусі з’яўляюцца перш за ўсё не інструментам вядзення вайны, а важнейшым сродкам яе стрымлівання. За апошнія гады ў нашай краіне створана нацыянальная  сістэма ваеннай адукацыі.

У Беларусі не адмовіліся ад тэрміновай ваеннай службы, бо яе назначэнне – падрыхтоўка ваеннаадукаванага рэзерву, атрыманне грамадзянамі ваенна-ўліковай спецыяльнасці.

Сёння за плячыма Узброеных Сіл Беларусі юбілей – 100 гадоў змаганняў, будняў ратнай працы мірнага часу. Нашаму войску ёсць чым ганарыцца.

Аляксандр АДАМОЎСКІ,

ваенны камісар Петрыкаўскага раёна, падпалкоўнік.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о