Будаўнікі з’явіліся ў той час, калі чалавек вырашыў выбрацца з пячоры і пачаў узводзіць для сябе больш камфортнае жыллё. Усе збудаванні, цяперашнія помнікі архітэктуры, якія захаваліся са старажытнасці да нашых часоў, былі створаны рукамі чалавека. Гэта спадчына заварожвае сваёй непаўторнасцю, тонкасцю выканання, якасцю будаўніцтва і матэрыяламі, што прымяняліся пры ўзвядзенні. За апошнія дзесяцігоддзі ў галіне будаўніцтва з’явілася шмат тэхналогій і ў вырабе будматэрыялаў, і выкананні саміх работ. Паскорыліся і тэмпы ўзвядзення. Гэта паляпшае аблічча мегаполісаў і такіх маленькіх рэгіёнаў, як наш.
Вось і Петрыкаў значна ажывіўся і абнавіўся з пачаткам будаўніцтва горна-абагачальнага комплексу: пашыраюцца жылыя мікрараёны, з’явіліся новыя гандлёвыя кропкі. Застаецца спадзявацца, што ён будзе развівацца і прынясе шмат новага і карыснага жыхарам.
Напярэдадні прафесійнага свята будаўнікоў я наведала вёску Фаставічы. Там работнікі ПМК-110 ААТ “Палессебуд” заняты на ўзвядзенні вытворчага памяшкання на існуючай малочнатаварнай ферме. Як паведаміў прараб Іван Кірычэнка, да будаўніцтва прыступілі ў красавіку. На сёння работы выкананы на 80%. На аб’екце заняты 19 чалавек і 7 – з субпадраднай ПМК-109 Акцябрскага раёна. Ідуць дахавыя работы. Акрамя звычайнага шыферу прысутнічаюць элементы з празрыстага, што замяняе дадатковыя аконныя праёмы ў сценах. Гэта тыповы праект.
Дзяўчаты-аддзелачніцы якраз на даху апрацоўвалі антысептыкам драўляныя канструкцыі. Тут жа ішла ўкладка шыферу. Паралельна ідуць аддзелачныя работы. У хуткім часе можна будзе прыступіць да мантажу абсталявання ў даільным блоку і ў самім кароўніку. Рабочых штодзень дастаўляюць з Петрыкава.

IMG_9381
Уладзімір Хамец
Канстанцін Фалееў
Канстанцін Фалееў

Уладзімір Хамец пачынаў працоўную дзейнасць вадзіцелем райспажыўтаварыства, развозіў хлеб. І пяты год як змяніў месца працы і транспартны сродак. У раёне адзіны такі “італьянец”-аўтабетоназмяшальнік. За суткі ён здольны вырабляць да 50 кубаметраў бетону. Адзін замес выдае 3,8 кубаметра раствору і выліваецца ён з дапамогай спецыяльных латкоў. Сама машына манеўраная, можа любым бокам павярнуцца, каб выгрузіць у патрэбнае месца раствор. “Разумны” камп’ютар паказвае, колькі і якіх кампанентаў трэба для вырабу бетону і якой маркі.
Толькі на гэтым аб’екце выраблена і зрасходавана ўжо больш за 700 кубаметраў бетону. А наперадзе яшчэ будаўніцтва выгульных пляцовак для жывёлы.
Уладзімір Пятровіч – паважаны чалавек у калектыве. Ды і дома добры муж і бацька. Дачушка сёлета пойдзе ў першы клас, а жонка Ірына працуе цырульнікам.
Канстанцін Фалееў сваё прафесійнае свята адзначае сёлета з настроем, бо яго праца адзначана Ганаровай граматай райвыканкама. І гэта заслужана.
У будаўнічую арганізацыю прыйшоў адразу пасля школы. Навучыўся на муляра. Першыя аб’екты, якія ўзводзіў Канстанцін Васільевіч, выпалі ў канцы 80-х гадоў у роднай вёсцы Конкавічы: клуб, дзіцячы сад, жылыя дамы. Затым на тры гады пайшоў служыць на Ціхаакіянскі флот. Вярнуўся і зноў працаўладкаваўся ў ПМК-110. У Брагіне быў заняты на ўзвядзенні водазабору. Працаваў на бульдозеры, экскаватары. Апошнія 6 гадоў на Амкадоры. Іх, дарэчы, у арганізацыі два.
Планіроўка тэрыторыі на любым будаўнічым аб’екце, пагрузка-выгрузка – гэта тое, чым займаецца Канстанцін Васільевіч. Дома, па гаспадарцы, таксама шмат работы.
Жонка Таццяна Іванаўна працуе ў ПМК-110 бухгалтарам. І старэйшы сын Мікалай сёлета прыйшоў сюды. Набывае навыкі ў выкананні аддзелачных работ. Будзе заняты на ўкладцы пліткі. Малодшыя Васіль і Іван яшчэ школьнікі.
З прафесійным святам вас, паважаныя будаўнікі! Здароўя, дабрабыту і новых аб’ектаў!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о