Стартуем разам!

У суботу, 15 кастрычніка, у спартыўнай зале Петрыкаўскай ДЮСШ прайшло сямейнае мерапрыемства “Стартуем разам”. Рэгламент таварыскіх спаборніцтваў быў даволі мяккі, таму, апрача бацькоў і матуль, разам з дзецьмі на старт маглі выходзіць і іншыя родныя.
Турнір сабраў 12 сем’яў з Петрыкава. Распачалося ўсё з конкурса-размінкі, калі ўсе ўдзельнікі, падзяліўшыся на дзве каманды кідалі мячы ў вялікі кошык, а далей паспрабавалі сябе ў эстафеце. Пасля, прадстаўнікам моцнай паловы было прапанавана ўзняць на плечы дзяцей, якія спрабавалі сваю трапнасць у баскетбольных кідках. Потым старэйшыя аматары спорту дэманстравалі свой спрыт са скакалкаю асабіста і разам з дзецьмі.
Удзельнікаў чакаў і інтэлектуальны этап турніра. Пакуль арганізатары падпісвалі дыпломы ўдзельнікам, мужчыны выказалі жаданне згуляць у футбол.
У час узнагароджання, як многія здагадаліся, было абвешчана, што перамагло сяброўства. Ды і як інакш, калі галоўная мэта падобных мерапрыемстваў – папулярызаваць актыўны адпачынак і аб’яднаць сямейных людзей у памкненні да жыцця разам са спортам. Акрамя дыпломаў кожная сям’я атрымала сертыфікат на наведванне трэнажорнай залы фізкультурна-аздараўленчага комплекса “Прыпяць”.
Дырэктар ДЮСШ Петрыкаўскага раёна Валянціна Урбанчык адзначыла: “Я шчыра ўдзячная за вашую актыўнасць. Няхай сертыфікаты будуць стымулам да сумеснага цікавага і карыснага баўлення часу. Многія з прысутных ужо з’яўляюцца заўзятымі наведвальнікамі нашых спартыўных аб’ектаў і станоўча, што ў будучыні такіх сем’яў стане больш. Спадзяюся, што наведванне трэнажорнай залы, ды і ўвогуле актыўны адпачынак стануць для ўсіх добрай традыцыяй”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о