Апошнім часам пачасціліся выпадкі паступлення ў бальніцу падлеткаў у стане наркатычнага ап’янення. Толькі за навагоднія святы 2 непаўналетнія трапілі ў медустановы нашай вобласці.

Стан набліжэння няшчасцяНа дыспансерным уліку ў Петрыкаўскай ЦРБ знаходзяцца 8 чалавек з сіндромам залежнасці ад наркатычных рэчываў. На прафілактычным уліку – 5 чалавек, з іх двое непаўналетніх. Такую інфармацыю паведаміла ўрач нарколаг ЦРБ Алена Сапоненка.

– Адрозніваюць дзве асноўныя групы прыкмет ужывання наркотыкаў: паводзінавыя і фізіялагічныя. Іх павінны ведаць бацькі, каб своечасова папярэдзіць трагедыю, – пазначыла Алена Сяргееўна. – Гэта нарастаючая скрытнасць дзіцяці, позні адыход на сон, санлівасць ці бяссонніца, зніжэнне інтарэсу да вучобы, пагаршэнне памяці і ўвагі, павелічэнне фінансавых запытаў, з’яўленне новых сумніўных сяброў, неахайнасць у знешнім выгля-дзе, беспадстаўныя змены настрою, з’яўленне выкрутлівасці, выяўленне слядоў ін’екцый. Прыкметамі ўжывання наркотыкаў могуць быць бледнасць ці пачырваненні скуры, расшырэнне ці звужэнне зрэнак, пачырванеўшыя ці мутныя вочы, запаволенае ці паскоранае маўленне, страта апетыту, пахудзенне ці наадварот празмернае ўжыванне ежы, хранічны кашаль, дрэнная каардынацыя рухаў, скачкі артэрыяльнага ціску, расстройствы страўнікава-кішэчнага тракта.

Наркатычнае ап’яненне нагадвае алкагольнае, але без характэрнага паху алкаголю з рота. Агульная прыкмета гэтага ап’янення – узняты настрой, бесклапотнасць. Можа ўзнікаць і сэксуальнае ўзбуджэнне. Такі стан можа раптоўна змяняцца.

Папулярныя цяпер сярод моладзі спайсы называюць “дызайнерскімі наркотыкамі”. Гэта раслінныя сумесі з нанесенымі на іх сінтэтычнымі рэчывамі. З-за мноства хімічных камбінацый іх усе немагчыма ўнесці ў Рэспубліканскі пералік наркатычных рэчываў. Такія рэчывы хутка абсарбіруюцца, таму ў крыві іх вызначыць складана, а ў мачы метабаліты выяўляюцца на працягу 2-3 дзён.

Спайсы даюць супрацьбольны і супрацьтрывожны эфект, могуць быць глюцынагенамі, выклікаць трывогу, дэпрэсію, страту пачуцця рэальнасці. Ёсць верагоднасць псіхозаў і пераходу ў шызафрэнію.

– Калі такія прыкметы з’яўляюцца ў паводзінах дзяцей, бацькам найперш не трэба ўпадаць у паніку, – пазначае ўрач нарколаг. – Не паказвайце дзіцяці свайго хвалявання, але не ад-кладвайце рашучую гутарку. Да яе трэба падрыхтавацца, выберыце час, калі дзіця знаходзіцца не пад дзеяннем наркотыкаў, а вы можаце кантраляваць свае эмоцыі. Зразумейце прычыну і ступень уцягвання дзіцяці ва ўжыванне наркотыкаў. Высветліце, як дзіця адносіцца да праблемы, ці разумее, куды рухаецца. Будзьце гатовыя выслухаць тыповыя заявы, бачыць гульню на вашых пачуццях. Не апалчайцеся на яго, насупраць, пакажыце сваю любоў і веру ў яго сілы. Вы павінны пераканаць, што гэта страшная хвароба, якая прыводзіць да абавязковай дэградацыі і гібелі. Калі ж вашы дзеянні не даюць вынікаў, звяртайцеся да спецыялістаў, і чым раней, тым дапамога гэта будзе больш эфектыўнай.

Тэлефоны экстраннай псіхалагічнай дапамогі
2-82-05, 2-82-34 – з 8.00 да 18.20, Петрыкаўская ЦРБ.
8-232-37-91-91 – з 8 да 24 гадзін, абласная экстранная псіхалагічная дапамога.
170 – кругласутачна, Гомельскі гарадскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
8-801-100-16-11, 8-017-246-03-03 – кругласутачна, рэспубліканская “гарачая лінія” па аказанні псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім, якія трапілі ў крызісную сітуацыю.
8-801-100-21-21 – панядзелак-пятніца з 9 да 17 гадзін, для наркалагічных пацыентаў.
На партале pomogut.by інфармацыйную дапамогу атрымаюць людзі, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, у тым ліку нарказалежныя і члены іх сем’яў.

Алена БРУЦКАЯ.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о