У нашым раёне пражываюць 38 дзяцей, якім не праведзены адпаведна рэспубліканскага календара прафілактычныя прышчэпкі з-за адмовы на гэта іх бацькоў. Між тым, толькі 8 дзетак маюць медыцынскія супрацьпаказанні для правядзення вакцынацыі.

Стань героем Тыдня

Такую інфармацыю паведаміла на пасяджэнні “круглага стала”, прысвечанага Еўрапейскаму тыдню імунізацыі, раённы ўрач-педыятр Святлана Мацвеева. Дарэчы, сёлетні тыдзень, што прайшоў напрыканцы красавіка, прысвечаны “героям вакцынацыі” – медыцынскім работнікам, якія працуюць з гэтым напрамкам, бацькам, што прынялі сваё рашэнне ў бок прышчэпкі, кожнаму з нас, хто знаходзіць час зайсці па запрашэнні з ЦРБ у прышчэпачны кабінет.
У рабоце “круглага стала” прынялі ўдзел медыцынскія работнікі ЦРБ і райЦГіЭ, прадстаўнікі арганізацый сацыяльнай сферы. Таксама былі запрошаны бацькі- “адказнікі”, але ніхто з іх не прыйшоў, каб выслухаць аргументы медыкаў і паспрабаваць даказаць сваю праўду.
Дзяржава дае права грамадзяніну самастойна клапаціцца пра захаванне свайго здароўя, прымаць рашэнні, якім чынам ён будзе абараняць сябе ад інфекцыйных захворванняў. Але і дае абавязкі забяспечыць бяспеку свайму дзіцяці, у тым ліку і ад хвароб. Чалавек не нясе адказнасці перад грамадствам і дзяржавай за тое, што можа стаць крыніцай інфекцыі (выключэнне – ВІЧ), калі не мае адпаведнай прышчэпкі. А калі ў пэўных месцах здараюцца ўспышкі інфекцыйных захворванняў, як нядаўна фіксавалася ў Расіі і Украіне ўспышка адру (рус. – корь), то ўся адказнасць кладзецца на медыкаў, якія не дастукаліся да грамадзян і не запэўнілі, што толькі прышчэпка дазволіць не падвяргаць жыццё рызыцы.
Дзякуючы правядзенню прафілактычных прышчэпак і падтрыманню высокага ўзроўню ахопу імі, у нашай вобласці няма выпадкаў дыфтэрыі, поліяміэліта, а захваральнасць коклюшам і эпідэмічным паратытам знізілася ў параўнанні з дапрышчэпачным перыядам да 400 разоў. Падтрыманне спрыяльнай эпідэмічнай сітуацыі па кіраванні інфекцыямі магчыма толькі пры ўмове правядзення прафілактычных прышчэпак 95% дарослых і 97% дзяцей. Трэба адзначыць, што Петрыкаўскі раён прытрымліваецца вызначаных нарматываў.
Штогод на Гомельшчыне робіцца больш 800 тысяч прышчэпак дзецям і дарослым. Нават пры такой іх колькасці зарэгістраваны адзінкавыя пабочныя рэакцыі. Прычым, ні адна прафілактычная прышчэпка не можа быць крыніцай інфекцыі.
Сучасныя вакцыны высокаэфектыўныя і бяспечныя, аднак, як і любыя лекавыя сродкі, ні адна з іх не можа поўнасцю выключыць рызыку развіцця пабочных эфектаў, якія ў тысячы разоў ніжэй, чым наступствы перанесенай інфекцыі.
У Петрыкаўскай ЦРБ кожны жадаючы можа атрымаць не толькі бясплатную прышчэпку згодна з рэспубліканскім планам вакцынацыі, але і на платнай аснове выбраць варыянт імпартнай вакцыны для гэтага.
Што тычыцца адзёру, то медыкі нагадваюць, што для аматараў падарожжаў нядрэнным было б прайсці паўторную вакцынацыю ад гэтай хваробы. Прычым такая паслуга ў ЦРБ прадастаўляецца бясплатна.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о