23 красавіка ў выратавальныя службы паступіла паведамленне пра пажар: гарыць сухая расліннасць у балоцістай мясцовасці і лес на тэрыторыі Вільенскага лясніцтва.

Вёска Дзяржынск Гомельскай вобласці – бліжэйшы да месца пажару населены пункт. Па дадзеных Мінлясгаса, пажар прыйшоў у Беларусь з боку Украіны.
У сувязі з гэтым для ліквідацыі пажару на Століншчыне былі задзейнічаны 42 адзінкі тэхнікі і 139 чалавек.

Спецыялісты з Петрыкаўскага РАНС таксама працавалі на тушэнні пажару.
Некалькі сутак без сну і адпачынку нашы выратавальнікі змагаліся з агнём. У гэты раз “вораг” быў мацней, чым звычайна. Верхавінныя пажары – самае страшнае, што можа здарыцца ў перыяд засухі.

– Лясныя пажары – гэта заўсёды небяспечна, – распавёў нам старшы пажарны Максім Герасіменка. – Але верхавінныя пажары – гэта сапраўды жудасць. Стаіш ад агню ў метрах 200, а праз імгненне ён ужо над табой.

СТАЛЁВАЯ ВОЛЯ,  ЖАЛЕЗНЫЯ НЕРВЫ ПЕТРЫКАЎСКІХ ВЫРАТАВАЛЬНІКАЎ

Акрамя людзей у тушэнні былі задзейнічаны два верталёты Мі-8, пажарныя машыны, трактары з плугамі, якія абворвалі ўчасткі, усюдыходы. Тушэнне пажару ўскладнілася засушлівым надвор’ем і моцным ветрам.
Днём прымаліся меры па стрымліванні полымя, а асноўная праца па ліквідацыі праходзіла ноччу. Калі б ветру не было, то пры цяперашніх тэхнічных сродках пажар не меў бы такога маштабу.

Змагаліся з агнём не толькі выратавальнікі, але і работнікі лясгасаў. Лакалізаваць і патушыць лясны пажар удалося толькі пасля таго, як вецер аслабеў.
Максім Герасіменка нарадзіўся ў Пцічы. Скончыў школу, але адразу не трапіў на службу ў МНС. Хлопец атрымаў спецыяльнасць электрагазазваршчыка. Пасля трапіў у армію, у Мінскі гарнізон МУС. Пасля службы працаваў чатыры гады на Мінскім маторным заводзе.
– Ад працы на заводзе стаміўся. Прыехаў на адпачынак на радзіму і тут мне прапанавалі пасаду ў МНС. Яшчэ ні хвіліны не пашкадаваў, што стаў пажарным. Прафесія патрабуе моцнай фізічнай вынослівасці.
Уявіце сабе, што ў час надзвычайнай сітуацыі патрэбна рукавом (шлангам – праф. жаргон) кіраваць, а ён метраў пад 60 і захоўвае ў сабе 40 літраў вады. Таму шмат часу надаю спартыўным трэніроўкам. Набыў сабе веласіпед. Гуляю ў футбол і валейбол.

Прымаў удзел у пажарным мнагаборстве, а таксама ў спаборніцтвах на лепшага выратавальніка вобласці.
Калегі адзначаюць, что Максім па характары адказны чалавек, заўсёды прыйдзе на дапамогу.

СТАЛЁВАЯ ВОЛЯ,  ЖАЛЕЗНЫЯ НЕРВЫ ПЕТРЫКАЎСКІХ ВЫРАТАВАЛЬНІКАЎ

– Галоўнае – выконваць тэхніку бяспекі, – падзяліўся з намі сакрэтамі прафесіі выратавальнік з Курыцічаў Максім Ёрш. – Верхавінныя пажары сапраўды самыя небяспечныя. Нам была пастаўлена задача ахоўваць пажарную заставу. Суткі не адпачывалі. Выратавальнік на тое і выратавальнік, каб праяўляць сваю вынослівасць у розных умовах.
Максім працуе ў МНС 6 гадоў. Скончыў Бранскую дзяржаўную акадэмію сельскай гаспадаркі, але працаваць па спецыяльнасці не давялося.

СТАЛЁВАЯ ВОЛЯ,  ЖАЛЕЗНЫЯ НЕРВЫ ПЕТРЫКАЎСКІХ ВЫРАТАВАЛЬНІКАЎ

Уладзімір Агейчык працуе на
пажарным аварыйна-выратавальным пасту № 14 у вёсцы Муляраўка з 2011 года. Тут ён нарадзіўся, а школу скончыў у Смятанічах.
– Адукацыю атрымаў у Пінскім аграрна-тэхналагічным каледжы, працаваў механікам забойна-малочнага цэха ў Гомельскім раёне. Цяпер з жонкай выхоўваем дзвюх дзяўчынак.
Што тычыцца пажару, то тут мы працавалі разам з хлопцамі. Усё ж такі не наш раён выезду, трэба дапамагаць адзін аднаму. Нягледзячы на   тое, што я кіроўца, удзел у тушэнні пажару прымаў неаднаразова.
Праца мне мая па душы, пра пераход з вадзіцеля ў пажарныя ніколі не задумваўся.
Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о