Падыходзіць да свайго завяршэння аднаўленне горада. Атрымалі належны выгляд галоўныя транспартныя магістралі, неўзабаве скончыцца рамонт фасадаў пабудоў і, здаецца, вось ён, доўгачаканы парадак, якога так не хапала. Але на справе ўсё не так проста – прывабнае аздабленне вуліц зараз толькі падкрэслівае неахайнасць некаторых гаспадароў, што развялі на сваіх падворках, гаворачы мовай філасофскай, хаос.

Прычыны тут розныя і з побытавага пункту гледжання часам зразумелыя. Хтосьці, дачакаўшыся адпачынку, распачаў рамонт і таму будаўнічыя матэрыялы і смецце – неад’емная частка сённяшняга падворка. Шмат гаспадароў не жывуць у домаўладаннях пастаянна, а выкарыстоўваюць іх у якасці дачы, выбіраючыся на “фазэнду” па магчымасці. Есць і састарэлыя людзі, якім навесці належны парадак ужо не дазваляе стан здароўя. У кожнага такога падворка свая гісторыя, шкада толькі, што выгляд і санітарны стан у іх падобныя.
На гэтым тыдні супрацоўнікі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі па даручэнні райвыканкама накіраваліся з наглядам па вуліцы Камунальнай. Гэта транспартная артэрыя была абрана не выпадкова: менавіта яна сустракае гасцей горада з заходняга напрамку, ды і наракаць на кепскі стан грамадскай тэрыторыі ўжо не атрымаецца – і пакрыццё вуліцы, і шматкватэрнікі, і сацыяльна важныя аб’екты тут, як кажуць, “адкапіталеныя”.
Не так даўно супрацоўнікі цэнтра гігіены ўжо наведвалі “праблемныя” сядзібы, праводзілі тлумачальную работу, звярталі ўвагу на факты безгаспадарчасці, дапамагалі прафесійнай парадай. Неўзабаве настаў час праверыць працу гаспадароў і адзначыць заўвагі тым домаўладальнікам, якіх апошнім разам дома застаць не ўдалося.
Адразу адзначым, бадай кожнае абяцанне з боку жыхароў было ў большай ці меншай ступені выканана: на падворках падкошана расліннаць, бытавое і будаўнічае смецце пачало прыбірацца. Але варта памятаць, што частыя дажджы даюць бадыллю новую моц і ў хуткасці яно зноў пачынае буяць на падворках.
Вось і зноў знаёмы пейзаж: на сядзібе ў раёне школы сцежка ад брамкі да ганку зарасла травою, з-за дрэў і кустоўя амаль не відаць хаткі. Трапіць на падворак не атрымліваецца – на ўваходзе вісіць ланцуг з вялікім замком. Непадалёк яшчэ адзін падворак і справы тут куды лепей. Але хваляванне выклікае гаспадарчая пабудова, якая пахілілася да таго, што ад бэлькі ўжо “адстаюць” прыбітыя колісь дошкі. І тут ужо не да прывабнага выгляду – эксплуатацыя такога будынка наўпрост небяспечная для гаспадароў.
Бліжэй да стадыёна заўважаем зарослы падворак, але каля хаты працуе гаспадар. Да парад спецыялістаў ён адносіцца з разуменнем, маўляў, даўно б ужо падкасіў, але насычаны працоўны графік перашкаджае гаспадарчым планам. Здаецца, і самаму домаўладальніку не вельмі прыемная такая ўвага з боку санітарнай службы, мужчына абяцае навесці парадак да канца тыдня.
Крочым далей і на падворку шматкватэрніка ў раёне былога цагельнага завода заўважаем рэшткі нядаўняга навядзення парадку. Днямі адна з арганізацый дапамагала тут ліквідаваць гаспадарчыя пабудовы – будынкі прыбралі, смецце засталося. На другім баку вуліцы, ужо бліжэй да Дэпартамента аховы, у вочы кідаюцца рэшткі гаспадарчай пабудовы, што амаль спаўзлі ў канаву. Тут мы таксама сустрэлі паразуменне – гаспадар патлумачыў, што сам не мясцовы, прыбыў на дачу напярэдадні і ў хуткасці зробіць усё неабходнае, каб сядзіба выглядала не горш за суседскія.
Спадзяемся, што абяцанні гаспадароў абавязкова адлюструюцца ў справе і чарговая адноўленая вуліца атрымае да свайго аздаблення годныя сядзібы працавітых гаспадароў.
Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о