У 2014 годзе пачалася перапіска прыхаджан храма Успення Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Кашэвічы з рознымі інстанцыямі з нагоды рамонту будынка царквы. Напярэдадні званіца царквы стала хіліцца ў бок галоўнага купала, пагражаючы ўпасці і пацягнуць за сабою глабальныя разбурэнні.

Справа рухаецца агульнымі сіламі
Камісійна было ўстаноўлена, што будынак царквы знаходзіцца ў аварыйным стане. Пашкоджанне даху прыводзіць да разбурэння нясучай канструкцыі. Нясучая бэлька, на якую абапіраецца страпільная сістэма галоўнага купала і званіцы, пашкоджана, часткова разбурана, што і стала прычынай нахілу званіцы. Стала зразумела, што сваімі сіламі сітуацыю не выправіць.

Тое, што царква з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь, адлічвае сваю гісторыю з 1642 года, толькі абцяжарвала сітуацыю, бо ні адна будаўнічая арганізацыі не рызыкавала, афіцыйна ці не, брацца за рамонт, спасылаючыся на адказнасць перад Законам аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. А каб не абыходзіць той самы закон, давялося прайсці нямала інстанцый, сабраць пакет дакументаў, якія патрабавалі значных фінансавых выдаткаў.

У чэрвені 2012 года ўласнікам храма, згодна з ахоўным абавязацельствам, стаў іераманах Міхаіл, накіраваны Епархіяй сюды для службы. Згодна з дакументам, на ім і ляжаць абавязкі па забеспячэнні захаванасці гісторыка-культурнай каштоўнасці. Сёння ён спасылаецца на мізэрнасць ахвяраванняў прыхаджан яго невялікага прыходу. Але адзначае вялікую працу, якую за гэты час зрабілі менавіта мясцовыя вернікі.

Раённы выканаўчы камітэт не адасабляўся ад існуючай праблемы. У Законе аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны сказана, што фінансаванне работ у рамках ахоўных абавязацельстваў здзяйсняецца са сродкаў уласніка, а за іх няйменнем – са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Супрацоўнічаючы з актывістамі прыходу, раённы выканаўчы камітэт дапамагаў у пошуку даследчых і праектных арганізацый для падрыхтоўкі дакументаў, пісаў звароты ў Тураўскую епархію з прапановай прыняць храм на баланс і пра магчымае фінансаванне выдаткаў, стварыў камісію па абследаванні Свята-Успенскай царквы, звяртаўся ў Міністэрства культуры з просьбай пра фінансаванне праектна-каштарыснай дакументацыі і наступнага рамонту. На бязвыплатнай аснове зрабіў пашпарт гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Нельга сказаць, што ўсе гэтыя пяць гадоў прыхаджане храма толькі прасілі дапамогі. На сабраныя ахвяраванні імі аплачаны абследаванні ТДА “Мазырпраект” пра мэтазгоднасць правядзення рамонтна-аднаўленчых работ, дэталёвае абследаванне канструкцый Беларускім дзяржаўным універсітэтам транспарту, выдаткі на афармленне праекта адводу і ўстанаўлення межаў зямельнага ўчастка, а таксама на тэхнічны пашпарт будынка, каштарысную дакументацыю рэканструкцыі царквы. Усё гэта на суму больш тысячы рублёў.

Наступны этап – выраб праектна-каштарыснай дакументацыі для прадастаўлення яе ў Міністэрства культуры Беларусі для разгляду на прадмет фінансавання. Кошт ПКД, мяркуецца, будзе многа большым за ранейшыя выдаткі. Таму і шукалі прыхаджане дапамогі ў іншых інстанцыях. Былі звароты ў аблвыканкам, адрасавалі пісьмы ў Адміністрацыю Прэзідэнта.

Пры наяўнасці сродкаў, прызначаных для фінансавання аб’ектаў недзяржаўнай уласнасці, фінансаванне рэканструкцыі царквы можа быць уключана ў бюджэт наступнага за годам падачы дакументаў года – так было пазначана ў адным з адказаў міністэрства на запыт райвыканкама.
На нядаўняй сустрэчы намесніка старшыні райвыканкама Дзяніса Хулупа і протаіерэя Свята-Мікалаеўскай царквы Васіля Немеша з жыхарамі вёскі былі акрэслены наступныя крокі.

Актывістка мясцовага прыхода Лілія Шчэпта пазначыла, што напрыканцы красавіка яны атрымалі дазвол Міністэрства культуры Беларусі на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі. Адпаведнае распараджэнне было падпісана райвыканкамам у маі. На аплату ПКД вернікамі сабрана некаторая сума. Астатняе будзе аплачана, пакуль па вуснай дамоўленасці, сацыяльна-рэабілітацыйным цэнтрам “Дом Міласэрнасці” і протаіерэем Фёдарам Поўным, настаяцелем Храма Усіх Святых ў Мінску.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о