Справа не толькі ў тэхналогіях, а і ў людзях

0
935

На пасяджэнні райвыканкама было агучана, што ў ААТ “Курыцічы” ўтрыманне цялят – адно з паказальных у раёне: сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе істотна павялічылася за апошні час, а захаванасць маладняку склала 100 %. Чым абумоўлены дадзены факт, высвятляў наш карэспандэнт.

Выконваючы абавязкі дырэктара Аляксандр Каляга ў час сустрэчы адзначыў, што на павелічэнне паказчыкаў паўплывала кадравае пытанне.
– Мы старанна прааналізавалі сваю работу, зразумелі, дзе нашыя слабыя месцы, на чым трэба засяродзіць увагу, змаглі выправіць многія памылкі, у тым ліку ў якасці харчавання жывёл. Шчыра кажучы, не ўсе супрацоўнікі адказна выконвалі свае абавязкі. Сёння, калі ў жывёлаводстве працуюць неабыякавыя да справы людзі, мы можам пахваліцца лічбамі: сутачнае прыбаўленне ў вазе ў сярэднім складае 700-900 грам.

Справа не толькі ў тэхналогіях, а і ў людзях
Дзякуючы намаганням Ганны Поляк цяляты растуць хутка і не хварэюць

Жывёлавод – прафесія, якую да нядаўніх часоў называлі проста цялятніца, пасада на ферме амаль галоўная. Забяспечвае цялятам належны догляд і ўвагу, своечасова корміць і поіць, а для самых маленькіх тры разы на дзень прыносіць з кароўніка па некалькі вёдраў малака – Ганна Поляк. Дзякуючы яе намаганням жывёліны растуць хутка і не хварэюць. З 2018 года кожны дзень з раніцы да вечара яна сочыць за цялятамі, каб усе 310 галоў былі чыстымі, накормленымі і здаровымі.

– Першапачаткова працавала з каровамі, але цяляткі больш прывабныя для мяне, – пачала размову жанчына. – За гады працы навучылася разумець жывёл “з парога”, і сёння ўпэўнена, што цялятніца – гэта нянечка ў дзіцячым садку.
Працаўніца адзначае, што на ферме спраўляецца не адна, дапамагае сястра Лідзія.

– Разам мы імкнемся забяспечыць прырост у вазе і захаванасць статка.
Мая гераіня атрымала адукацыю повара, але па спецыяльнасці не працавала. Знайшла сваё пакліканне на малой радзі-ме. Працуючы шмат гадоў на ферме ў Курыцічах, зарэкамендавала сябе з лепшага боку.
Работніца – шматдзетная маці. Дзяржава дапамагла пабудаваць дом побач з працай.

– У гэтым плане мне пашанцавала, жыву побач з фермай.
Рабочы дзень нашай гераіні пачынаецца а 4-ай гадзіне раніцы, а ў 5 яна ўжо корміць цялят.
Мы заспелі Ганну ў гадзіну раздачы камбікорму, жанчына не-не ды і пагладзіць асабліва паспешлівых цялят. Уражвае чысціня на ферме, наяўнасць рознага корму ў кармушках для жывёлін.
Суразмоўца разважае пра працу наступным чынам:

– Работу трэба выконваць якасна, а як інакш? Лічу, што калі ўжо ўзяўся за справу, рабі яе сумленна. Тады і зарплата будзе годная, і павага калектыву і кіраўніка, і вынік для вытворчасці ў цэлым.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о