У другую суботу жніўня ў эпоху Савецкага Саюза адзначаўся Дзень фізкультурніка. Гэта традыцыя захавалася ў Расіі. Мы, беларусы, прафесійнае свята работнікаў фізічнай культуры і спорту адзначаем ў трэцюю суботу мая.
Але ёсць у раёне кагорта людзей, для якіх прафесійныя святам засталася менавіта жнівеньская дата – члены ветэранскай арганізацыі фізічнай культуры і спорту, пераважная большасць працоўнай дзейнасці якіх прыпала менавіта на тыя часы.
14 жніўня актывісты ветэранскай арганізацыі ладзілі чарговую сустрэчу з шэрагу шматлікіх, што сталі традыцыйнымі з моманту аб’яднання іх у афіцыйную структуру. Яе ў нашым раёне ўзначальвае былы спартыўны лідар Аляксей Каюкала.
Былыя настаўнікі фізічнай культуры і трэнеры спартыўнай школы, для якіх і цяпер галоўным прынцыпам застаецца здаровы лад жыцця, адзначылі свята на хвалях Прыпяці. Праўда, не ў байдарачным ці лодачным паходзе, як здаралася раней, а на цеплаходзе. Зразумела, што ўзрост уносіць свае карэктывы і ў аб’ёмы фізічных нагрузак.
Урачыстымі момантамі сустрэчы стала ўручэнне членскіх білетаў членам арганізацыі і прэзентацыя альбома “Гісторыя спорту Петрыкаўшчыны”, створанага Аляксеем Каюкалам. Трэба адзначыць, што самы стары фотаздымак тут датаваны 1946 годам. У альбоме – не толькі гісторыя спорту раёна ўвогуле, але і кожнага прыхільніка фізічнай культуры і спорту, якія з прафесійнымі абавязкамі сумяшчалі грамадскія – былі арганізатарамі і ўдзельнікамі спаборніцтваў, суддзямі і іх памочнікамі.
– Працягваем прымаць актыўны ўдзел у спартыўных падзеях раёна, – расказаў Аляксей Каюкала. – Асабістым удзелам або парадай патрымліваем сённяшняе кіраўніцтва спартыўных структур. Часта наведваем ветэранаў спорту дома. Апошнім часам стала складана з-за праблем са здароўем быць нашым актыўным ўдзельнікам былому лідару спартыўнага руху раёна Вячаславу Часнакову. Час ідзе, людзі сыходзяць. Таму важны кожны дзень, кожная сустрэча сяброў і аднадумцаў. Не так даўно не стала дырэктара ФСК “Ураджай” Ігара Шастапалава, нязменнага капітана капаткевіцкай зборнай па футболе Валянціна Кузміча, яе варатара Аляксандра Чауса, актывіста спорту Валерыя Пуціліна. Сёлета быў праведзены турнір па міні-футболе памяці загінуўшых маладых футбалістаў з Бабунічаў Аляксандра Шарухі і Сяргея Баярчука.

Спорт праз усё жыццё
Тэмамі для гутарак сярод ветэранаў фізічнай культуры застаюцца спартыўныя падзеі ў раёне, былыя і цяперашнія. Ветэранаў непакоіць, што сёлета з-за рэканструкцыі не маглі прыняць традыцыйныя спаборніцтвы спартыўныя пляцоўкі горада. Давядзецца ўсё гэта ўзнаўляць, калі стадыён і спартыўную залу ўвядуць у эксплуатацыю.
– Выдатна, што ў нашым раёне з’явілася аб’яднанне ветэранаў фізічнай культуры і спорту, – адзначае Віктар Іваноў. – Шкада, што яго не стварылі раней. Разам мы адчуваем сябе маладымі, энергічнымі і моцнымі. З вялікім нецярпеннем чакаем чарговых сустрэч, такіх нефармальных, ці спартакіяды ветэранаў. Усе падзеі нашага жыцця звязаны са спортам і адзін з адным. Наша сяброўства праверана дзесяцігоддзямі і спартыўнымі дасягненнямі. Стадыён аб’ядноўваў нас з дзяцінства, таму цяперашнім яго лёсам мы асабліва занепакоены, бачым ўсе плюсы і мінусы яго пераўтварэння.
Сяргей Шпак, Мікалай Мазуркевіч, Мікалай Хамец, Мікалай Галота, Сяргей Елька, Васіль Пінчук, Віталь Волкаў Мікалай Антанішын, Уладзімір Вабішчэвіч – іх імёны ў шэрагу іншых упісаны ў гісторыю спорту раёна. Са святам, паважаныя!

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о