У пятніцу, 9 снежня ў Спартыўна-культурным цэнтры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў юбілейнага ХХ Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу “Пазнай Беларусь”. Нацыянальны парк “Прыпяцкі” перамог у намінацыі “Турыстычная кампанія года”.

Нацыянальны парк “Прыпяцкі” перамог у намінацыі “Турыстычная кампанія года” Што паўплывала на перамогу ў гэтай намінацыі, расказала начальнік аддзела турызму і экалагічнай асветы Нацыяльнага парку “Прыпяцкі” Анастасія Анішчонак.

– Нацыянальны парк на працягу многіх гадоў з’яўляецца любімым месцам адпачынку не толькі для мясцовых жыхароў, а і турыстаў з замежных краін. Мы распрацавалі праграмы, разлічаныя на розныя ўзроставыя катэгорыі. Кожны знойдзе сабе тут занятак па душы.
Самай папулярнай экскурсіяй застаецца шпацыр па “Сафары-парку”, дзе жывёлы знаходзяцца ў натуральным асяроддзі пасялення. Алені, лані, казулі, дзікі вольна гуляюць па спецыяльна адведзеных участках лесу, а наведвальнікі могуць назіраць за імі з паравозіка.

Нацыянальны парк “Прыпяцкі” перамог у намінацыі “Турыстычная кампанія года”Па словах Анастасіі Мікалаеўны, сёлета паркам распрацавана новая навагодняя праграма “У гасцях у Палескага Зюзі ў навагоднім Сафары-парку”, якая будзе працавацьу перыяд з 10 снежня 2022 па 28 студзеня 2023 года і ўжо карыстаецца вялікім попытам.
Спецыяліст удакладніла, што сёлета з’явіліся новыя турыстычныя маршруты: экалагічныя туры – “Ноч ваўкоў”, “У краі равучых аленяў”, “Поймавыя дубровы”, арніталагічныя туры – “Кальцаванне птушак”, “Уладар пярсцёнкаў”, Водныя туры – “Запаведная дуброва”, “Сьвіга light”, “Сьвіга medium”. І гэта далёка не ўвесь пералік.

– Нашай новай візітнай карткай таксама можна назваць чэмпіянат фота-сафары “Дзікае Палессе”, на які мы запрашалі ўсіх, хто любіць фатаграфаваць прыроду. Неверагодныя па арыгінальнасці і сладанасці фотаздымкі размясцілі ў галерэі на сайце НП “Прыпяцкі”.

Як расказаў генеральны дырэктар Нацыянальнага парку Юрый Апановіч, нацпарк не стаіць на месцы, турыстычныя паслугі распрацоўваюцца з улікам часу і пажаданняў гасцей.

– Мы імкнёмся прадбачыць настрой турыстаў, што ім будзе цікава, эксперыментуем з ідэямі. Магчыма, таму паток людзей з розных куткоў нашай краіны ўвесь час расце. Тыя, хто ўжо пабываў, пакідаюць добрыя водгукі, і ўжо наступным разам прывозяць з сабой сяброў. “Прыпяцкі” нікога не пакідае абыякавым, таму што ўсё зроблена з душой. Пагадзіцеся, што ў нас ёсць усе ўмовы і магчымасці, каб стаць у Гомельскай вобласці “сваёй” Белавежскай пушчай!

Наталля ПЕТРУШЭНКА. Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о