Днямі спартыўная зала ДЮСШ прымала адкрыты турнір па міні-футболе “Петрыкаўская сняжынка 2023” сярод выхаванцаў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ 2010 года нараджэння і маладзейшых.

На спаборніцтвы заявіліся чатыры каманды з райцэнтра, дружына з Капаткевічаў “Вікторыя” і калектыў маленькіх футбалістаў Фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі Светлагорскага раёна. Варта адзначыць, што гэты турнір мае хіба не самую доўгую гісторыю сярод спартыўных спаборніцтваў Петрыкаўчыны і, адпаведна, свае моцныя традыцыі.
Так, удзельнікаў мерапрыемства павітала Снягурка, а потым футбалісты гучна пазвалі на пляцоўку Дзеда Мароза. Казачны персанаж зазначыў, што таксама любіць футбол і нават мае вопыт брамніка. Было вырашана, што спачатку на вароты стане Дзед Мароз, а яго здольнасці правераць прадстаўнікі ад кожнай каманды. Затым ужо стары праверыць варатароў міні-футбольных дружын на рэакцыю і спрыт.
Пасля імправізаванай размінкі, галоўныя героі навагодніх святаў прапанавалі віктарыну: за пра-вільныя адказы на футбольныя пытанні ўдзельнікі атрымалі прызы і цукеркі. Такім чынам, актыўная частка спаборніцтваў пачалася бадзёра.
Згодна з жараб’ёўкай калектывы былі падзеленыя на дзве групы, дзе гулялі паміж сабой па кругавой сістэме. Пасля групавой часткі з турніру выбылі дзве каманды: госці са Светлагоршчыны і адна з дружын пад кіраўніцтвам Міхаіла Сухарэнкі.
У барацьбе за прызавыя месцы заўзятары маглі пабачыць сапраўдныя эмоцыі, волю да перамогі і шчырае расчараванне ад спартыўных няўдач. У фінальным матчы паміж “Вікторыяй” і камандай ДЮСШ пад кіраўніцтвам Жана Дубіны разгарнулася сапраўдная барацьба, бо калектывы выступалі на роўным узроўні, але капаткевіцкія футбалісты на чале з трэнерам Валерыем Арыновічам былі ў той дзень крыху больш кемлівымі, тэхнічнымі і матываванымі, што дазволіла ім перамагчы.
Трэцяе месца дасталася другой камандзе пад кіраўніцтвам Міхаіла Сухарэнкі.
Глеб Палітычанка быў прызнаны лепшым варатаром турніру, Віталій Аўчыннікаў лепш за ўсіх спраўляўся на пазіцыі абаронцы, Тімафей Фіндзюкевіч праявіў сябе як лепшы нападаючы, самымі трапнымі бамбардзірамі сталі Ягор Камнацкі і Расціслаў Целепун, а званне лепшага іграка атрымаў Дзмітрый Рабушок.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о