Не першы год на прамыя лініі да кіраўніцтва КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас”, у тым ліку якія праводзяцца рэдакцыяй газеты, звяртаюцца жыхары вёсак раёна з пытаннем пра аплату паслугі вывазу смецця. Сутнасць яго: навошта плаціць, калі адходаў практычна няма. Непрыняцце некаторымі вяскоўцамі прапанаваных умоў збору камунальных адходаў зразумелае. Калі ў гаспадарцы ёсць худоба або птушка, усе харчовыя адходы ідуць ім. Нешта кідаецца ў кампост. Усё, што гарыць, – у печ, хаця спальваючы цэлафан і іншы пластык мы разбураем азонавы пласт нашай атмасферы, гэтага рабіць увогуле нельга. Да таго ж такі попел вельмі шкодны для раслін і для людзей, калі трапляе ў грады. У астатку – шкляная бутэлька, трэснуты слоік ды бляшанка з-пад кансервы. Не так і многа.

Смеццевая тэма
Рашэннем Гомельскага аблвыканкама № 1095 ад 26.12.2018г. усталяваны тарыфы кошту паслугі па вывазе цвёрдых камунальных адходаў. Гэтым рашэннем вызначана, што кубічны метр смецця каштуе 7,3333 рублі, а у год на аднаго чалавека ў прыватным сектары прыпадае 1,77 кубічныя метры смецця, крыху менш – 1,74 – у добраўпарадкаваным жыллі. Вылічыць суму аплаты гэтай камунальнай паслугі ў месяц для канкрэтнай сям’і няцяжка. Прычым, заўважце, яна аднолькавая для тых, ад каго палігон камунальных адходаў знаходзіцца ў пяцікіламетровай ці дваццацікіламетровай аддаленасці. А за апошнія некалькі гадоў кошт вывазу смецця патаннеў дзесьці на 15 капеек.
У 2015 годзе Указам Прэзідэнта краіны абарот цвёрдых камунальных адходаў быў аднесены да асноўнай жыллёва-камунальнай паслугі. Гэта значыць, што абавязак аплаты за вываз смецця, як сказана ў артыкуле 29 Жыллёвага кодэкса, ва ўласніка наступае з моманту ўзнікнення права ўласнасці на памяшканні, у наймальніка ці іншага карыстальніка, адпаведна, з моманту перадачы ў карыстанне. У гэтым жа артыкуле пазначана, што адмова ад заключэння дагавору на аказанне асноўных жыллёва-камунальных паслуг, у нашым выпадку – на вываз цвёрдых камунальных адходаў, не вызваляе ўласніка ці карыстальніка жылым памяшканнем ад унясення платы за фактычна аказаныя паслугі. Падпісаны дагавор ці не, аплата будзе налічвацца.
Такім чынам, паслуга па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі носіць бесперапынны характар незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці смецця ў канкрэтнага спажыўца.
Ёсць мяхі ці пакеты са смеццем каля пэўнай сядзібы, ці не – транспарт жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінен ісці па канкрэтнай вуліцы, згодна з графікам. А гэта значыць, што камунальшчыкі гатовыя аказаць паслугу. Вынікае, што за сваю работу ЖКГ нясе сістэматычныя расходы – транспартныя, аплата заработнай платы работнікам і іншае. Акрамя гэтага камунальнае прадпрыемства, згодна з патрабаваннямі прыродаахоўнага і санітарнага заканадаўства, павінна падтрымліваць у належным стане палігоны, сартаваць адходы, упакоўваць, захоўваць і транспарціраваць другасныя матэрыяльныя рэсурсы – паперу, шкло, пластык і іншае. На тое таксама выдаткоўваюцца рэгулярныя адлічэнні. З гэтага і складаецца сума тарыфаў.
На жаль, некаторыя спажыўцы камунальных паслуг яшчэ працягваюць стаяць на сваім і не аплачваць па выстаўленых ім рахунках. Запазычанасці накапліваюцца, ЖКГ дасылае напамінанні, друкуе ў прэсе звароты пра неабходнасць пагашэння, але некаторыя сумы застаюцца неаплачанымі.
У разлікова-даведачным цэнтры камунальнага прадрыемства расказалі, што не так даўно быў выпадак, калі мужчына з іскам на камунгас звярнуўся ў суд, дзе пазначыў свой погляд на неправамоцнасць дзеянняў райжылкамгасу па выстаўленні яму сум за вываз смецця. Суд, абапіраючыся на Жыллёвы кодэкс і іншыя нарматыўныя дакументы, прыняў бок КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас”. Мужчыне давялося па рашэнні суда выплаціць запазычанасць за гэту жыллёва-камунальную паслугу, пеню за пратэрміноўку аплаты, а таксама 3 базавыя велічыні дзяржпошліны. Не зэканоміў, а нават застаўся ў мінусе.
Такая сітуацыя – хутчэй выключэнне, чым заканамернасць. Часцей даўжнікам па пошце дасылаецца паведамленне пра наяўнасць за імі запазычанасці па жыллёва-камунальных паслугах і неабходнасць тэрміновай аплаты пазначаных там сум. Калі запазычанасць не пагашаецца, райжылкамгас перадае выканаўчы подпіс ў аддзел прымусовага выканання. Тады сумы будуць спагнаныя ў бясспрэчным парадку. Грошы будуць адлічваць з заработнай платы ці пенсіі даўжніка. Калі ж ніякага даходу ў плацельшчыка жыллёва-камунальных паслуг няма, то будзе разгледжана пытанне пра спагнанне гэтай сумы ў салідарным парадку з іншых пражываючых разам з ім ў гэтым жылым памяшканні.
Часцей супрацоўнікам разлікова-касавага цэнтра даводзіцца працаваць з тымі, у каго ёсць запазычанасці з-за розных жыццёвых абставін, але праз пэўны час яны знаходзяць сродкі, каб іх пагасіць. Ідучы насустрач гэтым людзям, камунальная гаспадарка мае права хадайнічаць перад вышэйстаячай арганізацыяй пра спісанне пені, зразумела, калі асноўны доўг пагашаны. У такім выпадку трэба будзе ў ЖКГ прадаставіць шэраг дакументаў. Пра гэта могуць расказаць па нумары тэлефона 5-56-86.
Дапаўненнямі да Палажэння 571, якія ўступілі ў сілу год таму, вызначана, што па заяве ўласніка плата за паслугу па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі можа не брацца. Але для гэтага важны тры ўмовы: дом аднакватэрны ці блакіраваны жылы, у ім адсутнічаюць зарэгістраваныя па месцы жыхарства і па месцы знаходжання, плата можа не брацца не больш чым 6 каляндарных месяцаў.
Адстойваць свой пункт гледжання – гэта добра, выклікае павагу. Але найперш трэба дасканала вывучыць сітуацыю, падмацаваць свае доказы дакументамі і артыкуламі законаў. Не плаціць за вываз смецця сёння – няправільна.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о