Па меркаванні многіх экспертаў-эколагаў, адной з галоўных праблем чалавецтва на сёння з’яўляецца смецце. Па самых сціплых падліках у развітых краінах кожны жыхар пакідае ад 1 да 3 кілаграмаў смецця штодзень. У маштабах планеты гэта складае мільярды тон. Праблема ў тым, што Зямля не здольная “ператраўліваць” неарганічнае смецце.
Перадавы вопыт паказвае, што ўтылізацыя адходаў – гэта перш за ўсё папярэдняя іх сартыроўка з мэтай наступнай перапрацоўкі. У Германіі, напрыклад, такая канцэпцыя атрымала назву “нуль адходаў”. Дарэчы, еўрапейскім краінам спатрэбілася 15 гадоў для павелічэння долі перапрацоўваемых адходаў у 2,5 раза.
Што такое вываз смецця па-аўрапейску? Ён пачынаецца з некалькіх кантэйнераў, куды асобна складваюцца харчовыя адходы, пластыкавы, шкляны посуд і макулатура. Лідэрамі ў гэтай нялёгкай і важнай справе з’яўляюцца зноў тая ж Германія і Швецыя, дзе посуд са шкла фасуецца нават па колеры.
Цяпер ў свеце намечаны некалькі новых накірункаў, сярод якіх энергетычная ўтылізацыя адходаў з мэтай атрымання чыстых энерганосьбітаў, збор і ўтылізацыя біягазу з палігонаў ЦБА. Біягаз таксама можна атрымліваць метадам аэробнага ферментавання.
Пытанням навядзення парадку на зямлі ў нашай краіне надаецца значная ўвага. Арганізацыя работ па зборы адходаў ад насельніцтва здзяйсняецца камунальнымі прадпрыемствамі. У нашым раёне гэтым займаецца КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас”.
Па стане на 1 жніўня 2019 года ў Петрыкаве знаходзіцца адзін палігон цвёрдых бытавых адходаў, які ўключаны ў рэестр аб’ектаў па захаванні адходаў, і восем дзеючых міні-палігонаў у Капаткевічах, Ляскавічах, Мышанцы, Навасёлках, Пцічы, Вялаўску, Макарычах, Снядзіне. Закрыты дзевяць міні-палігонаў у населеных пунктах Конкавічы, Забалацце, Лучыцы, Кашэвічы, Бабунічы, Камаровічы, Муляраўка, Брынёў і Грабаў. Вядуцца работы па рэкультывацыі іх у Конкавічах, Забалацці і Грабаве.
Як паведаміў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Міцура, за 7 месяцаў бягучага года аб’ём прынятых цвёрдых камунальных адходаў на палігоны склаў 3812 тон. У той жа час аб’ёмы збору другасных матэрыяльных рэсурсаў склалі 1017,7 тоны. У большасці з іх займаюць папера і картон, а таксама шкло. Астатні працэнт нарыхтоўкі прыпадае на зношаныя шыны, палімерныя адходы і адходы электрычнага і электроннага абсталявання, адпрацаваных масел. Узровень вымання другасных матэрыяльных рэсурсаў з цвёрдых камунальных адходаў дасягнуў 26,6%.

СМЕЦЦЕ – ВЯЛІКІ “ГРУЗ”
Асноўнымі аператарамі па зборы і нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў з’яўляецца райжылкамгас і райспажыўтаварыства.
КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” збірае адходы згодна з распрацаванай і актуалізаванай схемай абарачэння з камунальнымі адходамі, што зацверджана рашэннем райвыканкама № 954 ад 29 ліпеня 2019 года.
Для арганізацыі гэтага працэсу камунальнае прадпрыемства мае 89 абсталяваных кантэйнерных пляцовак, з якіх 45 у горадзе. На іх устаноўлены 223 кантэйнеры: па горадзе – 142, па раёне – 81. У тым ліку для раздзельнага збору адходаў усталяваны 135 кантэйнераў: па горадзе – 107, на вёсках – 28.
За гэты час бягучага года работнікі інспекцыі правялі 47 кантрольных мерапрыемстваў за станам аб’ектаў захавання адходаў і выявілі 27 парушэнняў парадку эксплуатацыі аб’ектаў, па якіх выдадзены 10 рэкамендацыі (12 пунктаў), накіраваны 14 інфармацыйных лістоў па іх ухіленні.
У рамках кантролю за навядзеннем парадку на зямлі праведзены 32 маніторынгі і 43 абледаванні. У ходзе іх выяўлены 210 парушэнняў, 93 факты з якіх тычаць несанкцыянаванага размяшчэння адходаў. Выдадзены 34 рэкамендацыі і накіраваны 62 інфармацыйныя лісты суб’ектам гаспадарання для ўхілення выяўленых парушэнняў.
Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 15 пасадавых і 8 юрыдычных асоб, накладзены 23 адміністрацыйныя спагнанні на агульную суму 6936 рублёў.
Варта адзначыць, што за дапушчаныя парушэнні згодна з часткай 2 артыкула 15.63 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях у адносінах вінаватых пасадавых асоб прадугледжаны папярэджанне альбо штраф у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – да 200 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – да 1000.

І. АЛЯКСАНДРАВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о