Знаёмцеся – наш зямляк малодшы сяржант кантрактнай службы Міхаіл Фядосік. Служыць ён у 30-й асобнай чыгуначнай брыгадзе. Аднак шлях Мiхаiла ў армію быў доўгім.

Служба па кантракце ў войску – упэўненасць у заўтрашнім днi

Ураджэнец вёскі Новыя Галоўчыцы Петрыкаўскага раёна Міхаіл пасля школы выбраў цяжкую і адказную, творчую і цiкавую прафесію – настаўнік. Скончыўшы Рэчыцкі дзяржаўны педагагічны каледж, малады спецыяліст, настаўнік нямецкай мовы адправіўся ў Колкаўскую сярэднюю школу. Праўда, асвоіцца ў прафесіі ён не паспеў – праз пяць месяцаў, зімой 2011 году, адправiўся у 30-ю асобную чыгуначную брыгаду для праходжання тэрмiновай ваенная службы. Службу праходзіў у 1-й роце 71-га асобнага пуцявога чыгуначнага батальёна.

– Памятаю, што паўтара года праляцелі непрыкметна. Тут я навучыўся новай прафесіі, стаў старэйшым манцёрам шляхоў. Цікавая спецыяльнасць, важная, патрэбная. Аднак разам з новай справай я за час тэрміновай ваеннай службы набыў яшчэ сёе-тое больш важнае – набраўся жыццёвага вопыту, выпрабаваў сябе ў новым статусе, – распавядае мой суразмоўца. – Пасля службы з хлопцамі мы яшчэ доўгія гады падтрымлівалі сувязь. Тут, на прысягі новага папаўнення сустракаліся не раз, успаміналі службу.

У час праходжання тэрміновай ваеннай службы Міхаіл Фядосік не аднойчы выдзяляўся камандваннем у лепшы бок, атрымоўвоў трох сутачныя звальненнi з правам выезду за межы гарнізона, а таксама восем дадатковых сутак да водпуску. І звальняючыся ў запас, яфрэйтар Фядосік выносіў з сабой добрую памяць аб таварышах, роднай роце і яе камандзіру старэйшым лейтэнанце Зміцеры Ляпараве. А ўжо праз некалькі дзён Міхаіл быў залічаны на завочнае аддзяленне Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, бо ўвесь вольны час у перыяд праходжання тэрміновай ваеннай службы хлопец аддаваў падрыхтоўцы да паступлення.

– Я працаваў настаўнікам нямецкай мовы ў сельскіх школах. І, мне здаецца, нядрэнным дасягненнем было, калі мае вучні для здачы цэнтралізаванага тэставання выбіралі нямецкую мову, – успамінае Міхась. – Пазней я быў сацыяльным педагогам у адной са сталічных школ. Не магу сказаць, калі, у які момант я прыйшоў да высновы, што хачу вярнуцца ў войска. Гэта атрымалася неяк само сабой. Прычым, мне хацелася вярнуцца менавіта ў сваю родную роту, у свой батальён. І зараз я рады, што ў мяне ўсё атрымалася, што мяне ўзялі на кантракт. Быў прыемна здзіўлены і тым фактам, што некалі мой камандзір роты цяпер з’яўляецца камандзірам батальёна.

Па словах Міхаіла, у ролі вайскоўца кантрактнай службы ён не так даўно – з пачатку гэтага году. Аднак ужо паспеў адчуць перавагі:

– Грашовае забеспячэнне мяне задавальняе. Я жыву ў інтэрнаце. Там камфортныя ўмовы, ды і калектыў добры. Многія вайскоўцы, перш чым атрымаць арэнднае жыллё ці пабудаваць свае кватэры, жылі ў інтэрнаце. Што датычыцца службы, у мяне ёсць вопыт як настаўніка і ён тут, у войску,

спатрэбіўся. Вядома, пасля сямігадовага перапынку прыйшлося зноў прывыкаць да спецыфікі армейскай службы. Але цяжкасцей не было. Адказнасцi зараз болей, салдаты па сваіх поглядах не такія, якімі былі мы. Але я прайшоў такі ж шлях і разумею іх, памятаю сябе салдатам тэрміновай службы. Гэта мне ў працы дапамагае.

Міхаіл Фядосік карыстаецца аўтарытэтам не толькі сярод салдат і сяржантаў, але і камандзіраў. Яны сыходзяцца ў меркаванні, што хлопец ён адказны, надзейны, ініцыятыўны, камунікабельны і прадказваюць яму кар’ерны рост. Міхаіл таксама імкнецца да росту ў новай прафесіі. У бліжэйшых планах – школа прапаршчыкаў, а затым і зоркі лейтэнанта.

– На маё рашэнне звязаць сваё жыццё з войскам паўплывалі важныя ў наш час аргументы: сацыяльныя гарантыі, стабільнасць, кар’ерны рост. Хочацца быць упэўненым у заўтрашнім дні і гэта гарантуе служба па кантракце ў войску, – перакананы малодшы сяржант кантрактнай службы Міхаіл Фядосік.

Алена Мяцельская, фота аўтара

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о