З вышыні сваіх пражытых гадоў ведаю: не кожны чалавек здольны аддаваць сябе дзеля іншых. Менавіта такі чалавек не так даўно ўзначаліў Конкавіцкі сельскі Савет. Віталь Пілер – чалавек адказны і граматны, які ведае сваю справу і жыццё людзей. За яго плячыма вучоба ў Беларускай сельгасакадэміі, акадэміі Упраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, праца на кіруючых пасадах Петрыкаўшчыны.

Віталь Пілер бачыць жыццёвыя праблемы вяскоўцаўПершы раз я сустрэўся з новым старшынёй у яго кабінеце. Перада мной стаяў чалавек, які адразу выклікаў сімпатыю: ветлівы выраз твару, добрыя вочы, упэўненасць у сабе, уважлівае стаўленне да суразмоўцы. Бліжэйшае знаёмства адкрыла мне, што Віталь Ула-дзіміравіч просты ў зносінах, умее стрымаць слова і добра бачыць жыццёвыя праблемы вяскоўцаў. Нямала можна прывесці прыкладаў яго дзейнасці, пасля якой да яго пацягнуліся людзі. З яго хуткай падачы ў аграгарадок завезлі з Пціча авёс, ячмень, кукурузу, нават бульбу. Былой настаўніцы Вользе Майсюк ён асабіста даставіў неабходнае дадому і данёс у патрэбнае месца. На падзяку з боку жыхароў адказвае: “Гэта мой абавязак”. Зімовы, снежны снежань жыхароў таксама не напалохаў: пры непасрэдным удзеле новага старшыні ўсе дарогі расчышчаны, на вуліцах і завулках з’явіліся і гараць фанары. Могілкі ў Міцурах – гэта яшчэ адна справа, пра якую паклапаціўся Віталь Уладзіміравіч: месца, дзе пахаваны нашы продкі, даглядае Петрыкаўскі райжылкамгас. Прадстаўнік улады валодае добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, ён умела плануе свой працоўны дзень, увесь час сустракаецца з людзьмі, прымае меры па выкананні іх наказаў і просьбаў. У гэтым чалавеку спалучыліся і прыродная прадбачлівасць і настойлівасць у дасягненні мэты. Для жыхароў Віталь Уладзіміравіч стаў як родны чалавек. Мы радуемся яго поспехам і ўдзячны лёсу, што падарыў такому выдатнаму чалавеку апору ў жыцці – яго сям’ю. Жонка Ірына – лекар-лабарант Петрыкаўскай раённай бальніцы, сын Юрый скончыў ваенную акадэмію, капітан. Дачка Юлія – студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.
Калі хтосьці з чытачоў падумае, што мая замалёўка ліслівая ці хлуслівая – памыляецца. Многія мае аднавяскоўцы далучаюцца да слоў падзякі новаму старшыні. Мы бачым, што ў сельскім Савеце падабралася каманда, з якой мы ўпэўнена глядзім у заўтрашні дзень.

Аляксей МІЦУРА, пенсіянер, ветэран педагагічнай працы, аграгарадок Конкавічы.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о