Слава знаходзіць годных

0
1660

Петрыкаўшчына падаравала беларускай зямлі шмат вядомых імён. Сярод іх – Героі Вялікай Айчыннай, вучоныя, грамадскія дзеячы, людзі працы, дзейнасць якіх унесла вялікі ўклад у развіццё раёна, вобласці, краіны. Мы пачынаем серыю публікацый пра слаўны шлях землякоў, якія атрымалі выйшэйшую працоўную ўзнагароду, для якіх адданасць Радзіме, выбранай справе – аснова жыцця. Першы наш маршрут – аграгарадок Курыцічы, радзіма трох Герояў Сацыялістычнай Працы.

Была ў гісторыі Петрыкаўшчыны цікавая і малавядомая многім старонка, якая вяла свой летапіс з пасляваеннага часу да 1953 году – вырошчванне культуры кок-сагыз, у млечным соку каранёў і сцёблах якога ўтрымлівалася вялікая колькасць каўчуку. У пасляваенных умовах, калі краіна толькі пачынала вяртацца да мірнага жыцця і востра мела патрэбу ў сыравіне, засваенне вырошчвання экзатычнай культуры было неабходна айчыннаму машынабудаванню і лічылася важным накірункам развіцця Народнай гаспадаркі БССР. Расліна, радзімай якой з’яўляюцца міжгорныя даліны Усходняга Цянь-Шаню, нядрэнна адчувала сябе на неўрадлівых землях. Так, па волі лёсу і рашэнні партыі, курыціцкія палі, са сваімі шырокімі плошчамі тарфянікаў, сталі пляцоўкай для вырошчвання кок-сагызу.

Слава знаходзіць годных
Буднік Ганна Іванаўна. (1922-2010), звеньявая калгаса “Бальшавік”

Як дзень твой пражыты
Працоўную дзейнасць Ганна Буднік пачала рана: у пятнаццаць гадоў уступіла ў мясцовую сельгасарцель курыціцкага калгаса “Бальшавік”, тады яшчэ Палесскай вобласці. З пачаткам вайны на фронт пайшоў бацька, а дзяўчына разам з маці, сёстрамі і братам падаліся ў лес, дзе жылі да прыходу Чырвонай Арміі. Пасля вызвалення раёна Ганна Іванаўна вярнулася працаваць паляводам на ранейшае месца. Трэба было ўладкоў-ваць мясцовыя ўгоддзі: за час вайны глеба парасла хмызняком і пустазеллем. Для аднаўлення патрэбны былі грошы і менавіта ў той час кіраўніцтва калгасу зрабіла стаўку на новую прыбытковую культуру – кок-сагыз. Пад расліну былі вызначаны спецыяльныя ўчасткі на асушаных балотах, агульнай плошчай 15 гектараў. Калгаснікі пачалі рыхтавацца да першай сяўбы: па вечарах збіраліся на заняткі, вывучалі тэхніку сяўбы і апрацоўкі культуры. Для гэтай справы дзяржавай быў выдзелены трактар.
З успамінаў Героя Працы: “Трактарам наразалася баразёнка, затым калгаснікі вельмі асцярожна сыпалі ў яе насенне, якое было памерам з макавае зернятка. Усходы ўручную даво-дзілася за лета праполваць тройчы. Не было выратавання ад пустазелля, але самае цяжкае было яшчэ наперадзе. Як толькі кок-сагыз адцвіў, паляводы прымаліся акуратна збіраць яго насенне, падобнае на насенне дзьмухаўца, і сушылі яго па калівах. А восенню ўсе браліся за рыдлёўкі. Пачыналася ўборка: трэба было кожны корань – дробны, тоненькі і доўгі выкапаць і не пашкодзіць, каб не выцекла каштоўнае каўчуковае малачко. Капаем дзень, збіраем, зносім у хату, каб сушыць на печы. Першы год працы з новай культурай стаў для нас пякельным выпрабаваннем”.
Крапатлівая і самаадданая праца дазволіла з гонарам справіцца з нялёгкай задачай. Ганне Іванаўне даручылі ўзначаліць каўчукаводчае звяно, якое на замацаваным за ёй участку аднагадовых плантацый плошчай два гектары, збірала па 67,8 цэнтнераў каранёў кок-сагызу з кожнага гектара.
Узнагароджана ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1952 годзе прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Слава знаходзіць годных
Сітніца Іван Васільевіч. (1924-1982), брыгадзір паляводчай брыгады калгаса “Бальшавік”

Майстар высокіх ураджаеў
У адзін дзень і адным Указам разам з зямлячкай вышэйшай працоўнай узнагародай быў ганараваны Іван Сітніца, брыгадзір курыціцкіх каўчукаводаў, якія збіралі па 60,5 цэнтнераў каранёў кок-сагызу з гектара з давераных ім 6 гектараў.
Сваёй жыццёвай біяграфіяй Іван Васільевіч дэманструе цвёрды характар патрыёта сваёй краіны, загартаванага працай, ваенным ліхалеццем, нялёгкімі сельскімі буднямі.
З пачаткам вайны, нягледзячы на юны ўзрост, зямляк добраахвотна пайшоў у партызаны. Праявіў мужнасць і гераізм у дыверсійных аперацыях, удзельнічаў у баявых дзеяннях на фронце. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў родную вёску. Аднойчы хлопца запрасілі ў райкам камсамола.
– Ты чуў пра такую культуру – кок-сагыз? – спытаў камсамольскі сакратар.
– Чытаў у газеце… У нас расліна не расце. Для яе вырошчвання патрэбны спецыялісты, адказаў юнак.
– Будзе расці, ты і будзеш яе вырошчваць,– сакратар перайшоў на афіцыйна тон.– Гэта – камсамольскае заданне. Краіне вельмі патрэбны каўчук.
У хуткім часе Іван Васільевіч ўзначаліў камсамольскую брыгаду па пасадцы і апрацоўцы кок-сагызу. Ён і падначаленыя яму паляводы, у кароткі тэрмін засвоілі тэхніку вырошчвання гэтай паўднёвай расліны, а самаадданая праца, сістэматычная вучоба і высокая культура земляробства дазволілі брыгадзіру зарэкамендаваць сябе як майстра высокіх ураджаяў. Перадавы калектыў здаў дзяржаве тысячы тон каштоўнай сыравіны.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны I і II ступені, баявымі медалямі. У 1952 годзе прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

 

Слава знаходзіць годных
Рудаўскі Аляксандр Сямёнавіч. (1913-1989), трактарыст калгаса “Бальшавік”

Гаспадар зямлі
З успамінаў Героя Працы: “Бацькоўская хата стаяла на ўскрайку. Выйдзеш за ваколіцу і бачыш зямлю ў яе прыгажосці: увесну – калі пакрываецца зялёнымі ўсходамі, улетку – калі шуміць залатое жыта, восенню бачыш над прыціхлымі палямі, як ляціць жураўліны клін, зімой – калі прасторы пакрыты снежным покрывам”. Аляксандр Рудаўскі яшчэ падлеткам выбраў прафесію трактарыста, бо любіў зямлю аддана, прытым праяўляў незвычайную працавітасць і цікавасць да сельгастэхнікі. У час службы ў радах Чырвонай Арміі быў механікам-вадзіцелям баявой машыны. Вярнуўшыся пасля службы ў родную вёску, адразу сеў за трактар, паказваючы ўзор у працы. З пачаткам Вялікай Айчыннай механізатар прыняў удзел у эвакуацыі трактароў. Удзельнік абароны Сталінграда, вызвалення роднай Беларусі.
Пасля Вялікай Перамогі вярнуўся дадому, дзе яму адразу прапанавалі працу трактарыста, на што юнак адказаў: “Зямлю люблю, разумею, што яна – жыццё”.
Пачаліся працоўныя будні. Пры поўнай адсутнасці сельскагаспадарчай тэхнікі, з дапамогай прымітыўных прылад працы, па шасцярэньцы, па вузельчыку, па дэталі пабітай і кінутай тэхнікі, збіраў самастойна так неабходныя машыны. Навучыўся рыхтаваць разоры на асушаных тарфяніках для сяўбы кок-сагызу, на трактары праводзіў рыхленне, праполку. Кіраваць дадзеным працэсам было вельмі складана, але дасведчаны механізатар спраўляўся з пастаўленай задачай. Акрамя гэтага, без адрыву ад працы авалодаў і паспяхова ўжываў на практыцы агранамічную навуку.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцягу. У 1952 годзе прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
У кожнага з нашых герояў быў свой жыццёвы шлях, па-рознаму склаліся лёсы пасля згортвання вытворчасці кок-сагызу. Але адно іх аб’ядноўвала заўсёды – глыбокае разуменне задач, пастаўленых дзяржавай, улюбёнасць у справу, вернасць абавязку. У нашай памяці яны застануцца носьбітамі працоўнай славы, чый прыклад кліча і натхняе на новыя здзяйсненні.

Падрыхтавала Святлана СОБАЛЕВА.

Рэдакцыя газеты выказвае ўдзячнасць кіраўніцтву, настаўніку гісторыі Васілію Ганусевічу ДУА “Курыціцкая сярэдняя школа”, старшыні Петрыкаўскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзіміру Жукаўцу за прадастаўленныя матэрыялы для напісання артыкула.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о