З даўніх часоў праца перадавых работнікаў ніколі не застаецца па-за ўвагай. Асабліва тых, хто, не ведаючы стомы, з дня ў дзень спраўна выконвае свае абавязкі. Ды што там выконвае – штогод імкнецца перавысіць свае ранейшыя паказчыкі. Хаця гэта часам бывае і не лёгка, асабліва ў сельскай гаспадарцы. Але ж спраўляюцца са сваімі задачамі. Трэба адзначыць, што такіх працаўнікоў у сельгаспрадпрыемствах можна літаральна на пальцах палічыць. Аднак жа, хоць іх і не багата, на іх у большай ступені і трымаюцца гаспадаркі, як на гэта ўказваюць іх кіраўнікі. І, што вельмі прыемна, сярод такіх перадавікоў усё часцей з’яўляюцца прозвішчы маладых працаўнікоў.

Менавіта да кагорты моладзі і адносіцца добра вядомы нашым чытачам механізатар з ААТ “Камаровічы” Мікалай Бажок. Мікалай Іванавіч кожны раз фігурыруе ў раённых зводках спаборніцтваў па сяўбе, уборцы зерневых і кукурузы і іншых работах як не ў лідарах, дык у прызёрах. Аднак найчасцей яго прозвішча значыцца на першых радках.
Такія добрасумленныя адносіны да справы не раз станавіліся падставай для прыняцця ўдзелу ў раённых Дажынках, злёце перадавікоў народнай гаспадаркі, дзе Мікалай не аднойчы атрымліваў заслужаныя ўзнагароды.
Акрамя таго, праца маладога механізатара не раз была адзначана падарункамі і граматамі райкама прафсаюза работнікаў АПК, а таксама абласнога камітэта галіновага прафсаюза.

Слава, здабытая справай
Вось і на гэты раз Мікалай Бажок за сваю добрасумленную працу атрымаў удзячны ліст ад абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК. Упэўнены, гэта яго не апошняя ўзнагарода. Наперадзе новы сельскагаспадарчы год з новымі задачамі, з якімі Мікалай абавязкова справіцца.
Таксама за добрасумленную працу і высокія вытворчыя паказчыкі ганаровую грамату абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК з рук старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірыны Берднік атрымала аператар машыннага даення з КСУП “Кашэвічы” Ніна Грынкевіч.

Слава, здабытая справай
Працу Ніны Іванаўны таксама лёгкай не назавеш. Працоўны дзень у яе пачынаецца а пятай гадзіне раніцы і працягваецца амаль да апоўначы. Аднак гэта не перашкаджае жанчыне любіць сваю прафесію. Таму і хварэе яна за добрыя надоі, за стан даверанай жывёлы, за якасць правядзення даення і чысціню даільнага абсталявання. Што, безумоўна, і дае свае станоўчыя вынікі.
Дзмітрый БЯЛЬКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о