У аграгарадку Чалюшчавічы самадзейны калектыў утварыўся больш 30 гадоў таму. А назву атрымаў ад вёскі Зарэчка – «Зарачанка».
Увесь гэты час збіраюцца яго ўдзельнікі ў сельскі Дом народнай творчасці, каб адпачыць ад штодзённых клопатаў, парадаваць сэрцы гледачоў песнямі сваіх маці, бабуль, прабабуль, народнымі танцамі, апрануўшы нацыянальныя строі, перадаць людзям прыгажосць беларускай культуры.

Славіць вёску “Зарачанка”
Кіраўніком калектыву з’яўляецца Тамара Піліпенка, якая ў далёкім 1998 годзе вярнулася з сям’ёй з Літвы на радзіму. Спачатку працавала брыгадзірам фермы мясцовага калгаса, потым была запрошана дырэктарам ў сельскі Дом культуры. Яна здолела арганізаваць спачатку аматарскі калектыў, які дзякуючы плённай працы і талентам яго ўдзельнікаў у 2007 годзе атрымаў званне “народнага”. Актыўная, заўсёды жыццярадасная, яна імкнецца падарыць людзям прыгажосць народных песень, раскрыць ідэі беларускай культуры, захаваць традыцыі беларускага народа.
За гады існавання састаў калектыву мяняўся. Усе яго ўдзельнікі розныя па ўзросце, прафесіях, а аб’ядноўвае іх любоў да народнай песні.

Славіць вёску “Зарачанка”
У вытокаў калектыву была пенсіянерка Вера Дземідзюк, якая славілася выдатным выкананнем народных песень. Яна перадала нам велізарны багаж народных абрадавых песень. Гледачы заслухоўваліся пяшчотнымі галасамі Валянціны Сідарок, Таццяны Піскун, Андрэя Тарасава, Людмілы Тарасавай, Алены Кароткай.
Нягледзячы на тое, што склад калектыву мяняўся, яго накіраванасць заставалася нязменнай: выконваць песні мясцовага фальклору з улікам усіх асаблівасцяў, характэрных для палескага рэгіёну.

Славіць вёску “Зарачанка”
Цяпер 14 удзельнікаў ходзяць вечарамі на рэпетыцыі, выступаюць з канцэртнымі праграмамі. Прыгожыя галасы Аляксандра Харчанкі, Надзеі Мальцавай, Тамары Цісавец, Алы Заяц, Віталя Бубліка нясуць радасць песні гледачам не толькі сваёй вёскі, але і раёна. Гарманіст Наталля Збароўская дапамагае адшліфаваць мелодыю і знайсці выразныя элементы ў танцах.
Штомесяц “Зарачанка” дае канцэрты на мехдвары і на фермах свайго сельгаспрадпрыемства. На прастольнае свята аграгарадка – Святых Пятра і Паўла – штогод прадстаўляюць гледачам не толькі канцэртную праграму, але і мясцовы абрад гэтага свята.

Славіць вёску “Зарачанка”
Неаднаразова калектыў запрашаўся на раённыя «Дажынкі» і свята «Купалле», на Дзень вёскі ў аграгарадок Кашэвічы. Нашы самадзейныя артысты выступалі на падворку стылізаванай вёскі Каўпак-Гора на IV і V міжнародных фестывалях этнакультурных традыцый «Покліч Палесся».
А яшчэ хочацца расказаць пра мастацкага кіраўніка “Зарачанкі” Тамару Козінец і яе сястру Ніну Цітоў. Сёстры прыехалі да нас з далёкай Малдовы. Больш за 30 гадоў жыве Тамара Уладзіміраўна ў Беларусі. Дзевяць гадоў таму ў аграгарадок прыехала і яе сястра Ніна. Адразу сталі выступаць на мясцовай сцэне. Ім вельмі палюбіліся беларускія песні, і яны іх з вялікім задавальненнем выконваюць. Аднак і свае, малдаўскія, не забываюць.

Славіць вёску “Зарачанка”У 2016 годзе Тамара Козінец і Ніна Цітоў упершыню былі запрошаны на абласны тур ХІ рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Рагачове. Удзельніцы ўвайшлі ў лік пераможцаў і ўвайшлі ў склад малдаўскай дыяспары на фестывалі нацыянальных культур у Гродна. Потым выступалі на ХХ Міжнароднай выставе «Вясна ў Гомелі». У гэтым годзе іх галасы гучалі ў сталічным парку Лошыцкі на сямейным фестывалі «Узор» сумесна з малдаўскай дыяспарай.
Майстэрства выканання народнай песні і танца асвойваем мы, навучэнцы сярэдняй школы. Нас аб’ядноўвае адно – любоў да народнай песні, яе выканання, што становіцца добрай традыцыяй, магчымасць сабрацца разам, падарыць радасць песні гледачам.

Мілена ШПАЛАК, Марына ХАЦЯНОЎСКАЯ, Юлія РЭДЗЬКОВА, удзельніцы фальклорнага гурту «Зарачанка».

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о