Скараючы ваду, узнімаецца да вяршыняў

0
880

У нядзелю, 12 сакавіка, спаўняецца 35 гадоў з дня нараджэння нашай зямлячкі, адной з самых тытулаваных спартсменак Беларусі Марыны Літвінчук, у дзявоцтве – Паўтаран.

Скараючы ваду, узнімаецца да вяршыняўПералічыць усе дасягненні нашай вясляркі на байдарцы не хопіць, пэўна, і старонкі нашай газеты. Калі гаварыць сціслай мовай фактаў – Марына Літвінчук з’яўляецца срэбранай і 2-разовай бронзавай прызёркай Алімпійскіх гульняў, 6-разовай чэмпіёнкай свету і 7-разовай чэмпіёнкай Еўропы. Акрамя гэтага, Марына Віктараўна шмат разоў святкавала перамогу на міжнародных студэнцкіх спаборніцтвах, універсіядах, Еўрапейкіх гульнях і, вядома, нацыянальных турнірах. Колькасць медалёў жанчыны налічвае звыш дзвюх соцень.

– Я расла звычайнай вясковай дзяўчынкай у родных Бабунічах. Зразумела, да восьмага класа я не задумвалася пра будучую прафесію, але ў школе, апрача заняткаў фізічнай культурай, мне вельмі падабаліся матэматыка і беларуская мова, – адзначыла Марына.

– Увогуле, вучылася Марына добра, таму за справы дачкі ў школе я ніколі не хвалявалася. Апрача таго, яна заўсёды дапамагала мне ў хатніх справах і па гаспадарцы, словам, магу пажадаць кожнаму такіх паслухмяных дзяцей, што паважаюць бацькоў, – сказала матуля Вольга Іванаўна.

Спартыўная дзяўчынка бараніла гонар Бабуніцкай школы на раённых спаборніцтвах, дзе і прадэманстравала выдатныя вынікі, на турніры абласнога ўзроўню ў забегу была другой, прапусціўшы паперад сябе толькі адну дзяўчынку, што займалася лёгкай атлетыкай і была на год старэйшай. Апанентку запрасілі ў школу Алімпійскага рэзерву, а Марыне тады прапанавалі пачакаць. Але дзяўчынку заўважылі мясцовыя трэнеры па веславанні і, так бы мовіць, “перахапілі” спартыўную надзею.

– Так я аказалася ў школе алімпійскага рэзерву. Вядома, бацькі хваляваліся, ды і мне, чалавеку з глыбінкі, было напачатку вельмі складана прызвычаіцца да насычанага спартыўнага тэмпу жыцця ў горадзе. Раней я прыходзіла са школы, карміла свіней, прыносіла дровы, вучыла ўрокі і мела досыць вольнага часу. А тут ледзь паспявала з вучобы на трэніроўку, потым абед і зноў заняткі, трэніроўка. Увечары трэба было вучыць урокі. Часам, скажу шчыра, думала не вытрымаю, але брала сябе ў рукі і працягвала, бо разумела, што калі кіну – усе прыкладзеныя намаганні пройдуць дарма, – узгадала ў час гутаркі спартсменка.

Гэты ўнутраны стрыжань захаваўся на ўсё жыццё, дапамагаў пераадольваць цяжкасці і траўмы, хутка вярнуць спартыўную форму пасля нараджэння сына Эльдара і заваяваць срэбра на апошняй Алімпіядзе ў Токіа. Сама Марына тлумачыць асабістую матываванасць з усмешкай: “Гэта, пэўна, наша вясковая загартовачка. Канешне, вельмі дапамагаюць, ствараючы адпаведную цёплую атмасферу, родныя – матуля, муж, ды і 5-гадовы сынок таксама надае сіл”.

Што тычыцца парад для пачынаючых спартсменаў, то вяслярка гаворыць проста: “Як бы гэта трывіяльна не гучала, слухайце бацькоў і трэнера. І, вядома, не давайце гаджэтам захапіць увесь ваш вольны час. Спорт і рухомасць заўсёды дапамогуць у жыцці. Нават, калі гэта не стане вашым лёсам, вы не раз згадаеце гады, што падаравалі вам здароўе і выхавалі маральныя якасці”.

Мы віншуем Марыну Віктараўну з днём нараджэння, дзякуем ёй за тое шчаслівае пачуццё гонару за нашу краіну і выказваем упэўненасць, што яшчэ не раз перад блакітным экранам будзем, затаіўшы подых, суправаджаць яе байдарку ад старта да фініша.

Гутарыў Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о