Ліпень аказаўся “ўраджайным” на падлеткаў, якія спрабавалі паказаць сваю даросласць праз ужыванне піва.
Чатыры такія факты былі разгледжаны на нядаўнім пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Адзін з гэтых выпадкаў мог мець трагічны вынік, каб не своечасовая дапамога выпадковай жанчыны, якая знайшла дзяцей.
У ЦРБ былі дастаўлены двое падлеткаў – хлапчук і дзяўчынка – якіх забралі з альтанкі, дзе тыя распівалі піва. Побач была бутэлька з 1,5 літра гэтага напою. Калі дзяўчынка фізічна была больш рухомая, то хлопчыка ў “хуткую” давялося несці на руках. У крыві яе аказалася 0,7 праміле алкаголю, у яго – 3,9. Як гэта дзіця не загінула – цуд.
На пасяджэнні камісіі хлопец запэўніваў, што пілі толькі гэта піва, хаця нарколаг сумняваўся: такая колькасць праміле магчыма пасля прыблізна бутэлькі гарэлкі. Прычыну ўзнікнення ў іх дзівацкага жадання напіцца падлеткі не змаглі сфармуляваць. Матулі іх казалі, што пайшлі гуляць тыя толькі на некалькі гадзін – да васьмі вечара. Па ўсім відаць, гэта парачка павінна была разумець, што давядзецца паўстаць перад матулямі ў любым выглядзе. І за такі, што давала піва, бацькі б па галоўцы, напэўна, не пагладзілі. Хаця, што грэх утойваць, самі матулі перыядычна з’яўляюцца ў спісах пастаўленых на прафілактыку за ўжыванне алкаголю.
Пытанняў з боку членаў камісіі многа. Адно з іх: хто купіў дзецям піва? У байку пра тое, што гэта быў “нейкі незнаёмы мужчына”, члены камісіі амаль што паверылі. Дык вось.
Паважаны незнаёмы мужчына! Вы са сваім “спагадлівым сэрцам” маглі стаць вінаватым у бядзе, ад якой дзеці былі ў адным кроку. Члены камісіі шчыра просяць: не купляйце спіртныя, слабаалкагольныя напоі і піва непаўналетнім, цыгарэты таксама ўваходзяць у гэты спіс. Найперш, да васемнаццацігадовага ўзросту нельга спіртное ўжываць. Па-другое, дзеці яшчэ не ведаюць наступстваў такой дэгустацыі, а таксама не могуць разлічыць магчымасці свайго арганізму. Гэта – скачок у цемру. А ці будзе там глеба – на ўдачу.
Матулі дзяцей атрымалі па 10 базавых велічынь штрафу. Самі падлеткі пастаўлены на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх і да ўрача-нарколага, са ўсімі вынікаючымі з гэтага наступствамі.

Алена БРУЦКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о