Муляраўка – цудоўны кут такі.
Бягуць па рэйках цягнікі,
А жыхары, што тут жывуць,
Спартыўнай станцыю завуць.
Цягнік як толькі сцішыць ход,
У аўтобус рынецца народ.
Таксама ехаць давялося.
Божа, што ж тут пачалося?!
Цесната, самлелі ногі,
Павылазяць нат вантробы.
Забалела ўжо спіна,
Яйкі лопнулі ў карзіне.
Няма парадку. Што за лад?
Шафёр, хутчэй адкрый ім “зад”!
Сабраўся люд са ўсіх канцоў
Нібы ў бочцы селядцоў.
І гэтак вось не раз у год
Шыбуе ў Петрыкаў народ.

Гэты верш з адценнем гумару я напісала даўно. Цяпер чытаю яго з усмешкай. Але тады, у тыя далёкія часы, усё было менавіта так. На чыгуначную станцыю Муляраўка прыходзіў маленькі аўтобус. Для ўваходу ў салон былі толькі адны дзверы. У народзе гэты аўтобус звалі “каробачкай”. Былі выпадкі, калі ён не мог забраць усіх пасажыраў. Людзей у аўтобус садзілася столькі, што нельга было, як кажуць, палец уваткнуць. Вось тады яны і пачыналі выказваць сваё незадавальненне.

Шыбуе ў Петрыкаў народ…Пасля з’явіліся большыя аўтобусы, у якіх былі і заднія і пярэднія дзверы, але ж праблема заставалася вострай, бо ўласныя легкавыя аўтамабілі можна было палічыць па пальцах. Цяпер жа, дзякаваць Богу, амаль у кожнага на двары стаіць машына, а то і дзве. Аднак патрэба ў грамадскім транспарце яшчэ вялікая.
Па маршруце Петрыкаў-Муляраўка Пятро Здаравенка водзіць аўтобус не так даўно. Заўсёды ветлівы, прыязны, стрыманы. Паважаюць і любяць яго за гэта пасажыры. Людзі едуць розныя і ўсім патрэбна дагадзіць. Аднак, калі складаецца якая непрадказальнасць, ён знойдзе выйсце, каб пасажыр застаўся задаволены. Напрыклад, просіць жанчына ў гадах спыніцца, а аўтобусны прыпынак тут непрадугледжаны. Пятро Мікалаевіч зробіць усё магчымае, каб выканаць просьбу. Асцярожна абыйдзе складаныя павароты, як на дарозе, так і ў жыцці.
Нядаўна і я ехала з Петрыкава ў Муляраўку. Села на адзінарнае сядзенне каля шафёрскай кабіны. Я люблю тут сядзець, бо ўсё навокал відаць і ніхто табе не замінае.
Калі ў аўтобус зайшоў Пятро Мікалаевіч, запытала: “Добрае тут месца, ці не прагоніце мяне?”.
“Добрае то яно добрае…” – і больш нічога не сказаў. Нешта не дагаварвае, ці можа мне здалося.
Адказ вадзіцеля зразумела толькі тады, калі за руль села маладая жанчына-стажорка. Пятро Мікалаевіч перабраўся ў кабіну і прысеў на кукішкі, бо не хапала месца выпрастаць ногі. Сядзець на сагнутых нагах яму было нязручна, але ж працягваў стажыраваць дзяўчыну.
Я назірала за гэтым чалавекам, а ў душы ўзнімалася цёплая хваля ўдзячнасці. Не, не збяднела наша зямля на добрых, талерантных людзей. Такімі былі, ёсць і будуць беларусы.
З аўтобуса выходзіла апошняя.
“Ну што, – кажу, – моцна забалелі ногі? Чаму Вы не папрасілі мяне з гэтага месца?”
“А я паважаю Ваш узрост”.
Вельмі хочацца, каб такіх людзей мы сустракалі не толькі ў грамадскім транспарце, а ўсюды ў нашым жыцці.
Паважаны Пятро Мікалаевіч! Вы не памыліліся ў выбары прафесіі. Шчыра віншую Вас з прафесійным святам! Добрага Вам здароўя і заўсёды толькі шчаслівай дарогі.
Антаніна РЫБАЛКА.
Фота з архіва газеты.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о