Штомесяц аддзяленнем Дзяржаўтаінспекцыі РАУС сумесна з аддзелам прымусовага выканання раёна праводзіцца рэйдавы выезд па спагнанні запазычанасцяў з даўжнікоў. У спісы адрасоў наведвання трапляюць даўжнікі па штрафах, накладзеных за парушэнні Правілаў дарожнага руху. У адзін з такіх рэйдаў быў запрошаны і карэспандэнт нашай газеты.

Выезд пачаўся на адным са скрыжаванняў горада, дзе старшы інспектар АДАІ Дзмітрый Прыходзька па адзінай базе дадзеных звяраў наяўнасць правапарушэнняў і пагашэння штрафаў у спыненых вадзіцеляў. У той дзень такіх даўжнікоў выяўлена не было.

Далей рэйдавая група выехала па васьмі адрасах жыхароў Петрыкава, якія працяглы час ухіляюцца ад выплаты накладзеных на іх штрафаў. Было выяўлена, што адзін не пражывае па ўказаным адрасе, у двух даўжнікоў вызначана месца працы, двое знаходзяцца на пенсійным забеспячэнні. Таму ім на працу і ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама будуць накіраваны выканаўчыя лісты. Таксама было складзена два акты пра немагчымасць спагнання штрафаў з-за адсутнасці маёмасці, па некаторых адрасах гаспадароў не было дома.

р 025

Начальнік аддзела прымусовага выканання Галіна Чарнобылец расказала, што па апошняй справаздачы ў аддзеле на выкананні знаходзяцца каля 12 тысяч выканаўчых вытворчасцяў, з іх 4 тысячы – па лініі ДАІ. Увогуле ж з аддзела ўнутраных спраў да іх паступае каля 44% выканаўчых лістоў.

– Нярэдка даводзіцца арыштоўваць маёмасць даўжнікоў, – тлумачыць начальнік аддзела. – Летась былі выпадкі арышту транспартнага сродка, канфіскацыі аўто ў залік пакрыцця шкоды, продажу двух аўтамабіляў для пагашэння штрафаў. Самая вялікая сума запазычанасці на сёння – 2 тысячы рублёў – лічыцца за жыхаром нашага раёна за ваджэнне транспартнага сродка ў нецвярозым стане. Ёсць два петрыкаўчаніны, браты Т., кожны з якіх мае па некалькі нявыплачаных штрафаў. З-за адсутнасці ў іх маёмасці і даходаў спагнанне пакуль немагчыма. Таму іх адрас на вуліцы Белкаўскай часта наведваюць прыставы.

Пра эфектыўнасць праводзімых сумесных рэйдаў гаворыць і Дзмітрый Прыходзька. Супрацоўнікі АДАІ маюць магчымасць карыстацца мабільнай базай дадзеных пра маёмасць даўжнікоў, а супрацоўнікі аддзела прымусовага выканання – права накласці арышт на маёмасць, што спрашчае многія моманты.

– Здараецца, і ў час патрулявання выяўляюцца сярод парушальнікаў ПДР неплацельшчыкі штрафаў, – тлумачыць старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы. – Мы маем права накласці арышт на аўтамабіль, адправіць яго на штрафстаянку да моманту пагашэння, незалежна ад уласнасці транспартнага сродка. Калі парушальнік Правілаў дарожнага руху не выплочвае штрафы, мы хадайнічаем перад аддзелам прымусовага выканання пра пазбаўленне гэтага чалавека права кіравання транспартным сродкам і права выезду за межы краіны. Прычым, права кіравання транспартным сродкам чалавек можа быць пазбаўлены нават тады, калі ў яго пакуль і няма яго – гэта не дасць яму магчымасці атрымаць вадзіцельскае пасведчанне да моманту выплаты штрафу.

Фактычна, сумленны чалавек на працягу месяца, а гэта тэрмін выплаты штрафу па пастанове і 40 дзён – па пратаколе, мае магчымасць выплаціць поўнасцю ці часткова любое матэрыяльнае спагнанне, бо атрымлівае фінансавыя сродкі: зарплату, дапамогу, пенсію. Потым паведаміць пра гэта ў адпаведную структуру. На жаль, даўжнікі ў нашым раёне вылічваюцца тысячамі.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о