На тэрыторыі раёна з 12 па 19 чэрвеня праводзіцца прафілактычнае мерапрыемства “Юны веласіпедыст”.

Што трэба ведаць юнаму веласіпедыстуЗа 5 месяцаў бягучага году адбылося 16 здарэнняў з удзелам непаўналетніх, у якіх 17 – атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Ад агульнай колькасці здарэнняў з удзелам дзяцей, 5 ДТЗ адбылося па віне саміх непаўналетніх, тры з іх здзейснены дзецьмі-веласіпедыстамі. Дарэчы, летась пад калёсамі аўтамабіля “ЗІЛ” загінуў 13-гадовы веласіпедыст, што выскачыў перад машынай, пераязджаючы праезную частку ў неўстаноўленым месцы.

Веласіпед, і без таго папулярны транспартны сродак, становіцца яшчэ больш модным. Але далёка не ўсё бацькі тлумачаць сваім дзецям, як трэба ездзіць, не ствараючы пры гэтым небяспечных сітуацый для іншых удзельнікаў дарожнага руху і, у першую чаргу, для самога сябе.
Як паказвае статыстыка, менавіта перыяд школьных вакацый характарызуецца шэрагам пагроз для бяспекі дзяцей на дарозе, бо ў гэты час дзеці прадастаўлены самі сабе. Таму аўтаінспекцыя паведамляе правілы, якія неабходна нагадаць дзецям.

Рух на веласіпедзе можа ажыццяўляцца толькі па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці – па ўзбочыне, тратуары ці пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкод для бяспечнага руху пешаходаў. Пры адсутнасці адзначаных элементаў дарогі ці немагчымасці руху па іх, дапускаецца рух веласіпедыстаў па праезнай частцы ў адзін рад не далей метра ад правага боку, пры гэтым кіраваць веласіпедам без суправа-джэння дарослага дазволена толькі з 14 гадоў.

Пры руху па дарозе ў цёмны час ці ва ўмовах недастатковай бачнасці на веласіпедзе павінны быць уключаны спераду – фара (ліхтар), што выпраменьвае белае святло, ззаду – ліхтар, што выпраменьвае чырвонае святло. Пры перасячэнні праезднай часткі дарогі па пешаходнаму пераходу веласіпедыст павінен весці веласіпед поруч і прытрымлівацца правілаў дарожнага руху для пешаходаў.
Веласіпедысту забараняецца выкарыстоўваць тэхнічна няспраўны веласіпед і рухацца, не трымаючыся за руль ці не трымаючы ногі на педалях. Нельга паварочваць улева ці разварочвацца на дарозе, што мае больш адной паласы руху ў дадзеным напрамку, рухацца па дарозе ва ўмовах снегападу ці галалёдзіцы. Забараняецца перавозіць пасажыраў, за выключэннем выпадкаў, калі перавозяцца дзеці да сямі гадоў на дадатковым спецыяльна абсталяваным сядзенні.
Таксама нельга перавозіць грузы, што выступаюць за габарыты транспартнага сродку больш чым на 0,5 метра па даўжыні ці шырыні, а таксама грузы, што перашкаджаюць кіраванню. Недапушчальна буксіраваць веласіпед іншым транспартным сродкам, ці буксіраваць веласіпедам іншы транспарт.
Каб пазбезнуць небяспечных сітуацый, прапануем юным веласіпедыстам скарыстацца некалькімі парадамі. Галоўны навык язды на веласіпедзе – уменне трымаць раўнавагу. Сеўшы за руль веласіпеда, вы кіроўца і павінны выконваць усе патрабаванні Правілаў дарожнага руху. Не лішнім будзе надзець шлем, каб абараніць галаву ў выпадку падзення, а таксама накаленнікі і налакотнікі. Перад пачаткам руху праверце тэхнічны стан веласіпеда: лёгкасць вярчэння руля, напампоўку шын, надзейнасць тармазоў і гукавога сігнала.

Антон КОЛЬ,
старшы інспектар ДАІ.
Фота мае ілюстрацыйны характар.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о