З успамінаў жыхаркі горада Петрыкава, ветэрана працы Антаніны Іванаўны Новік:
– Мой свёкар, Сямён Іванавіч Новік нарадзіўся ў 1902 годзе ў горадзе Петрыкаве. Хата яго, што і зараз стаіць па вуліцы Камунальнай, добра вядомая гараджанам. Гэта менавіта той дом, што прызнаны зараз помнікам гісторыі. У іх сялянскай сям’і было сямёра дзяцей. Несалодка даводзілася людзям ў той цяжкі, галодны час. Але трэба было жыць, трэба было шмат працаваць і кожны ў сям’і гэта разумеў.

Шляхамі лёсу да Радзімы

Георгій Сямёнавіч Новік Шляхамі лёсу да РадзімыАнтаніна Іванаўна Новік

У 1921 годзе Сямён пабраўся шлюбам з Аляксандрай Стэльмах. Праз год у іх нарадзіўся першынец Георгій, ў 1925 годзе – сын Іван, а ў 1927 годзе – дачка Людміла. Георгій скончыў 6 класаў і ўжо працаваў лабарантам у раймаслапраме. Але неўзабаве ў мірнае жыццё прыйшла вайна, што ўварвалася ў кожны дом і прынесла з сабой бяду.
У першыя дні вайны свёкар са старэйшым сынам адправіліся да пункта прыёму і адпраўкі на фронт, які знаходзіўся ў будынку першай школы. Прыём быў арганізаваны няспынна, часу не хапала, бо ворагам былі ўжо захопленыя заходнія населеныя пункты. Неўзабаве, практычна без бою, фашысты занялі і Петрыкаў. Георгій паспеў адправіцца на фронт, а вось Сямён Іванавіч – не.
Немцы з першых дзён акупацыі пачалі ўстанаўліваць свой «парадак». Жыццё станавілася ўсё больш цяжкім. Тады свёкар, каб зарабіць сродкі для існавання, вырашае ісці на лесапілку. Заробак быў мізэрны, грошай хапала толькі каб выкупіць паёк. Адзіным выйсцем было дастаць свае інструменты і ўзгадаць шавецкую справу, якой у хуткасці авалодаў і сярэдні сын Іван.
У 1942 годзе падпольна-патрыятычнай групай пад кіраўніцтвам Кляўцова ў горадзе быў узарваны гебітскамісарыят. На вуліцах пачаліся аблавы, але падпольшчыкі паспелі пакінуць горад. Жах ахапіў усіх жыхароў, былі арыштаваны 11 мужчын і адна жанчына. Сярод іх быў і Сямён.
Вось як апісвае Іван Новік гэтыя падзеі ў лісце на фронт да брата Георгія: “28 студзеня 1942 года ўзялі бацьку. Яго выдаў бургамістр Белакураў, што сам жа і быў на вочнай стаўцы. Калі дапытвалі бацьку, Белакураў нагаварыў, што тата быў актывістам пры саветах, кандыдатам партыі. Што прапаноўвалі яму ісці ў паліцыю, але бацька адмовіўся і сказаў, што не жадае служыць нямецкім катам”.
Ранкам 29 студзеня 1942 года паліцаі пагналі арыштаваных на тэрыторыю бойні. Праз некаторы час пачуліся аўтаматныя чэргі. Людзі асядалі і падалі нежывыя. Трупы кінулі ў цаментную яму і прысыпалі снегам. Раніцай наступнага дня маці і жонкі галасілі па забітых. Колькі было крыку! Затым родныя прынеслі пяску і зрабілі нябожчыкам брацкую магілу.
Праз некаторы час немцы выклікалі і сярэдняга сына, 17-гадовага Івана. Выдаўшы яму вінтоўку і 20 патронаў, прымусілі ахоўваць суднаверф. Разам са зброяй, забраўшы з сабой сястру Людмілу і маці, Іван здолеў збегчы ў лес, дзе далучыўся да партызанскага атрада ў вёсцы Турбінка, што на Мазыршчыне. Неўзабаве пачалося наступленне Чырвонай Арміі і Іван пайшоў на фронт. Паводле кнігі “Памяць” ён знік без вестак у 1945 годзе.
Лёсам першынца Георгія стаў доўгі баявы шлях, што працягнуўся праз усю вайну. З 1941 года ён значыўся чырвонаармейцам стралковага Свярдлоўскага пяхотнага вучылішча. У 1942-1943 гадах быў памочнікам камандзіра ўзвода Камышлоўскага пяхотнага вучылішча. Перамогу сустрэў у Берліне ў званні сяржанта, на пасадзе камандзіра аддзялення 24 танкавай брыгады імя Ордэна Суворава. Меў тры раненні, узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”.
Пасля вайны Георгій адшукаў сваю маці і сястру Людмілу і прыехаў у родны горад. У студзені 1947 года мы з Георгіем Сямёнавічам ажаніліся. Да 1954 года наша маладая сям’я пражывала разам з яго бабуляй. Пасля з’ехалі на Алтай, потым адправіліся з мужам у Цалінаградскую вобласць Казахстана, дзе працавалі ў саўгасе “Арыкты”: муж – кавалём, а я – даяркай.
У 1962 годзе вярнуліся ў родныя мясціны, маючы ўжо пяцёра дзяцей: Аляксандра, Уладзіміра, Людмілу, Леаніда і Валянціну. Абзавяліся вялікай гаспадаркай, уладкаваліся разам на працу ў камбінат бытавога абслугоўвання. Дзеці падрасталі, атрымлівалі адукацыю: Леанід і Валянціна скончылі тэхнікум, Аляксандр і Людміла – ВНУ, Уладзімір – чыгуначнае вучылішча. Але радавацца працоўным поспехам дзяцей мужу давялося нядоўга – Георгій Сямёнавіч цяжка захварэў. Пасля перанесеных аперацый ён пайшоў з жыцця 28 сакавіка 1980 года. Зараз я маю 9 унукаў, 13 праўнукаў і прапраўнучка. Перажытыя жыццёвыя нягоды не прайшлі бокам, нажаль я страціла зрок і здароўе.
Сёння, калі прайшло шмат гадоў з пачатку вайны, мы ўсё часцей чуем словы пра тое, што вайна – гэта мінулае, але слухаючы сведкаў і ўдзельнікаў тых страшэнных падзей становіцца зразумела, што для гэтых людзей вайна не забытая. Яна пранізала іх душы назаўсёды.
Гутарыла Галіна ЗАНКЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік
Петрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

P. S. Сёння, 20 сакавіка, Антаніне Новік спаўняецца 95 гадоў. Віншуем!

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о