За апошнія 10 гадоў колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці са смяротным зыходам у нашай вобласці зменшылася амаль удвая. Пра гэта сказана на афіцыйным сайце Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама. У пазамінулым годзе на Гомельшчыне на вытворчасці загінулі 16 работнікаў, 97 былі цяжка траўміраваны, летась – 14 і 73 адпаведна. У параўнанні з іншымі рэгіёнамі краіны наша вобласць выглядае больш-менш стабільна: па траўміраванні адзін з найменшых паказчыкаў (менш толькі ў Магілёўскай вобласці), а па смяротнасці на вытворчасці Гомельшчына выглядае горш за Віцебшчыну (9 выпадкаў), Магілёўшчыну (12) і Гродзеншчыну (13).
Наш раён сёлета паставіў своеасаблівы антырэкорд у гэтай статыстычнай зводцы. Сярод раёнаў вобласці мы сталі лідарамі ў колькасці няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам – 3 здарэнні, а таксама быў дапушчаны адзін выпадак цяжкага траўміравання. Годам раней – адна гібель і дзве цяжкія траўмы.
Як паведаміла загадчык сектара сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Талаш, у абавязкі якой уваходзіць здзяйсненне кантролю за выкананнем заканадаўства па ахове працы на тэрыторыі раёна, сёлета ў нас не было фактаў траўміравання работнікаў у стане алкагольнага ап’янення.
– Аналіз прычын вытворчага траўматызму паказаў, што няшчасныя выпадкі адбыліся з-за неналежнага забеспячэння працадаўцамі бяспечных умоў працы, невыканання абавязкаў па ахове працы, а таксама парушэння пацярпелымі працоўнай і вытворчай дысцыпліны, – пазначыла Таццяна Талаш. – Сістэма кіравання аховай працы, створаная ў нашым раёне, накіравана на рэалізацыю канцэпцыі нулявога траўматызму. Гэта мерапрыемствы па прафілактыцы траўматызму на вытворчасці, зніжэнні прафесійнай рызыкі, узмацненні экалагічнай, вытворчай і пажарнай бяспекі, вытворчы кантроль і ахова працы, папярэджанне прафесійных захворванняў. Больш паловы выпадкаў вытворчага траўматызму ўвогуле адбываецца па прычынах арганізацыйнага характару: нездавальняючая арганізацыя вытворчасці работ, эксплуатацыя няспраўнага абсталявання, нізкая якасць працоўных месцаў. Ухіленне гэтых прычын не патрабуе значных матэрыяльных затрат. Элементарнае выкананне тэхналагічнага працэсу магло б выратаваць многія жыцці. Важна падкрэсліць, што і без свядомай унутранай матывацыі на бяспечную працу ўсіх работнікаў прадпрыемства дасягнуць высокага ўзроўню бяспекі працы немагчыма.

Шлях да бяспекі – тэхналогія і ўнутраная матывацыя
Летась, у сакавіку быў цяжка траўміраваны вальшчык лесу Брынёўскага лясніцтва ЭЛПГ “Ляскавічы”. Пры выкананні работ па валцы ён пакінуў спіленае дрэва ў завіслым стане і пачаў ў яго бок валіць іншае, не адышоў на бяспечную адлегласць. Праверкай ўсталявана, што мужчына пры выкананні работ парушыў шэраг тэхнічных і лакальных прававых актаў. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты дырэктар прадпрыемства, галоўны ляснічы і ляснічы лясніцтва.
У лютым быў цяжка траўміраваны работнік прыватнага прадпрыемства “ЭлікаТранс”, які атрымаў удар у сцягно фрагментам дошкі, які адляцеў з зоны апрацоўкі мнагапільнага дрэваапрацоўчага станка. Праз тры дні ў ЦРБ мужчына памёр. Прычынай няшчаснага выпадку паслужыла эксплуатацыя станка з няспраўнай сістэмай упораў. Вінаватым у парушэнні актаў заканадаўства пра працу і ахову працы, тэхнічных нарматыўных прававых актаў вызначаны дырэктар прадпрыемства.
У выніку дарожна-транспартнага здарэння ў красавіку загінуў трактарыст-машыніст УП “Палессе-Аграінвест”. Прычынай няшчаснага выпадку з’яўляецца выпуск на лінію аўтамабіля з няспраўным рулявым кіраваннем. Аўтамабіль не меў перадрэйсавага агляду, што было пастаўлена ў віну вадзіцелю. А інжынер па эксплуатацыі машына-трактарнага парка своечасова не выявіў пашкоджанне аўтамабіля. Вінаватыя прыцягнуты да адміністрацыйнай ці дысцыплінарнай адказнасці.
У жніўні быў смяротна траўміраваны вальшчык леса Петрыкаўскага лясгаса. Пры падрыхтоўцы працоўнага месца да валкі ён праводзіў абрэзку галін, падпусціўшы крананне ветак канцавой часткай пілы. Пілу адкінула, і тая нанесла смяротную траўму ў шыю. У выніку расследавання прычынай няшчаснага выпадку стала парушэнне загінулым патрабаванняў інструкцыі па ахове працы.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о