Сёння вядомаму спартсмену і трэнеру Мікалаю Галоце з Пціча спаўняецца 70 гадоў. Выглядае ён куды маладзейшым, а вось расказаць пра жыццё гэтаму чалавеку сапраўды ёсць што. У размове Мікалай Іосі-фавіч аказаўся надзвычай лагодны, неаднойчы дзякаваў людзям, якіх сустракаў па жыцці, прызнаўся, што быў у дзяцінстве хударлявым і непрыкметным і нават баяўся магутнай тэхнікі. Як самы просты вясковы хлопец стаў сапраўдным асілкам, якога ведалі па ўсёй Беларусі, і пойдзе наш аповед.

Шлях чэмпіёна“Нарадзіўся я ў вёсцы Мардзвін у снежні 1950 года. За-пісалі мяне 9 студзеня, гэтая дата і лічыцца маім афіцыйным днём нараджэння. Тыя пасляваенныя гады часцяком называць цяжкімі, але тут трэба зразумець спецы-фіку часу: нястачы здаваліся дробяззю перад успамінамі грамадства пра ваеннае ліхалецце. Безумоўна, жыццё пасля вайны шыкоўным не назавеш, але бацькі мне распавядалі, як палілі фашысты зарэчныя вёскі да тла, як немцы забілі майго дзеда і іншых вяскоўцаў, таму мірнае неба над галавою здавалася тады найвялікшым шчасцем.

Людзі багата працавалі, але так жа ўдала ўмелі адпачываць. Моладзі ў вёсках тады было багата і як пасядзем мы на лодкі, як зацягнуць дзяўчыты па-над Прыпяццю песню, а спевы ліліся па ваколіцы аж на некалькі кіламетраў! Відаць было, што ўсе вельмі шануюць мір на зямлі”, – адзначыў Мікалай Іосіфавіч.

Бацька Іосіф Іванавіч вярнуўся з вайны не з заходняга боку: атрымаў раненні пад Брэстам у жніўні 1944-га, паўтары гады яго ставілі на ногі ўрачы шпіталя ў Махачкале. Але ў рэшце ён так і не змог хадзіць. Мікалаю расказвалі, што з усходу яго бацьку да Калінкавіч даставілі цягніком, а да Мардзвіна ўжо машынай у металічным ложку. Вадзіцель пазваў маці, маўляў прывёз я вам, Яфім’я Фёдараўна, вашага гаспадара. Матуля, казалі, яго на руках у хату і занесла. Важыў мужчына тады 45 кілаграмаў.

Шлях чэмпіёна Шлях чэмпіёнаМаці кінула працу даяркай у калгасе – трэба бяло даглядаць мужа. У сям’і нарадзілася трое дзетак: старэйшы, зараз, на жаль, ужо нябожчык Аляксандр, што звязаў свой лёс з Капаткевічамі, сярэдні Мікалай і малодшая Ганна, што жыве ў Петрыкаве.

– З дзяцінства мяне захапляла музыка. Яшчэ малым я “майстраваў” музычныя інструменты: прыбіваў да дошчачкі цвічкі, нацягваў дрот і намагаўся атрымаць музычныя гукі. Атрымлівалася не вельмі ўдала. Потым я маляваў на дошцы клавіятуру, біў па намаляваных клавішах пальцамі і напяваў нейкую мелодыю. Бацька таксама трохі граў на гармоніку і, зразумела, заўважыў маё захапленне. Іншы б вырашыў, што гэта дзіцячая забава, але Іосіф Іванавіч не па-кінуў мае мары па-за ўвагай і набыў у Петрыкаве ў кагосьці гармонік. Дакладна памятаю, адбылося гэта ў сакавіку, калі я навучаўся ў шостым класе, а праз тры месяцы я ўжо граў на вячорках – мы збіраліся ў асобнай суседскай хаце, усім вельмі падабалася танчыць. І мне напачатку было даспадобы граць для моладзі, а потым я ўсё часцей любіў проста граць у цішыні. Часам не хацеў ісці на вячоркі, дык тады прыходзілі хлопцы ўгаворваць. Казалі, што калі не прыйду, дык і мяне, і гармонік занясуць яны на руках у тую хату ці клуб. У восьмым класе бацькі набылі мне ўжо баян – узгадвае з усмешкай Мікалай Галота.

Вучыўся юнак добра, таму і адносіны ў настаўнікаў да яго былі адпаведныя. Восемь класаў скончыў Мікола з пяцёркамі за выключэннем адной тройкі па беларускай мове… Напэўна, расказвае суразмоўца, не знайшлося паразумення з настаўнікам. Старэйшы брат падказаў, што можна пасля базавай школы паступіць у музычнае вучылішча імя Сакалоўскага, што ў Гомелі.

Хлопец апрануў новы сіні касцюм, кеды і ўзяў ваенную кірзовую планшэтную сумку. Тады юнак упершыню пабачыў цягнік і адчуў сябе няўтульна. Мікалай Іосіфавіч патлумачыў, што тэхнікі ў вёсцы тады амаль не было, таму магутныя металічныя канструкцыі, што гучна грукаталі, выклікалі асацыяцыі з тымі сумна нашумелымі гадамі вайны. “Памятаю, як першы раз я пабачыў камбайн – вялікую машыну, што рухалася па полі і адразу ўзгадаў аповеды бацькі пра танкі і з жахам падумаў, што зноў пачалася вайна…”.

Мікалай Галота прыбыў у Гомель, накіраваўся да жанчыны, што прымала дакументы. Праз некалькі хвілін яна паведаміла хлопцу сумную навіну: нельга паступіць у вучылішча без папярэдняй адукацыі ў музычнай школе. Надзеі юнака імгненна разбіліся аб акалічнасці рэчаіснасці. Напэўна, яшчэ больш горка стала Мікалаю, калі потым ён даведаўся, што для некаторых абітурыентаў усё ж рабіліся выключэнні па загадзе адміністрацыі вучылішча. Але хто тады мог пра гэта падказаць вясковаму васьмікласніку ў незнаёмым горадзе?..
Мікола вярнуўся дадому, няўдалае паступленне дэмаралізавала хлопца і той нават прыхварэў. Трэба было зноў збірацца ў школу, на гэты раз ужо ў дзесяцігодку, што знаходзілася ў Петрыкаве. “Вучыўся ў першай гарадской школе, жыў у інтэрнаце трэцяй школы, што стаяў на скрыжаванні вуліц Леніна і Муляраўскай. Мы самі прывозілі бульбу, набывалі розныя прадукты. У сучаснасці над дзецьмі “паставілі” б 15 выхавальнікаў, а мы неяк самі жылі, адзінае што самі сабе есці не варылі”, – адзначыў суразмоўца.

Па крысе апатыя ад былога паступлення пачала змяняцца любоўю да спорту. Мікалай і ў Мардзвіне паказваў нядрэнныя спартыўныя здольнасці, асаб-ліва ў лёгкай атлетыцы. Напачатку навучальнага года ў школах традыцыйна праводзіліся “Дні спорту і здароўя”. Юнак запісаўся амаль на ўсе віды спорту і ў скачках у вышыню паказаў найлепшы вынік – 150 сантыметраў. Настаўнік фі-зічнай культуры Васілій Сцяпанавіч Падзіла не паверыў, вырашыўшы, што поспех хлопца – памылка і прапанаваў у доказ скокнуць перад усімі, хто на той момант знаходзіўся на ўрачыстым пастраенні. Вось так, без папярэдняй размінкі рэкорд быў амаль паўтораны. Чаму амаль? Настаўнік ставіў вышыню “на вока” і ўрэшце атрымалася 147 сантыметраў.

“Гэта зараз я выглядаю дужым, а ў дзяцінстве я быў хударлявы і непрыкметны. Але спартыўныя здольнасці меў. Юнакоў майго целаскладу звычайна называюць жылістымі ці нават звонкімі, але ў той час моцным на выгляд мяне дакладна ніхто б не ахарактарызаваў. Яшчэ ў мардзвінскай школе мне ў рукі трапіла цікавая кніга “Спадарожнік сельскага фізкультурніка”. У выданні было проста і зразумела, з яскравымі прыкладамі апісана арганізацыя трэ-ніровачнага працэсу.
Галоўнае – паступовасць нарошчвання нагрузкі, гэта, дарэчы, галоўны дыдактычны прынцып не толькі ў спорце, але і ва ўсёй педагогіцы. Тут жа быў апісаны выдатны прыклад антычнага атлета Мілона Кратонскага, што за чарговую перамогу атрымаў у якасці ўзнагароды быка, узваліў яго на плечы і некалькі разоў пранёс жывёлу па крузе спартыўнай арэны. Як ён здолеў?
Аказалася, што калі Мілон быў яшчэ малым, у хлеве пры яго хаце нарадзілася цяля. Хлопчык карміў яго і, забаўляючыся, насіў на плячах. Жывёла расла, нагрузка ўзмацнялася, але пастаянныя трэніроўкі давалі плён. Урэшце малады чалавек насіў на плячах ужо быка.
Тут жа была і парада славутага барца Івана Паддубнага: вазьміце звычайны мех і напоўніце яго тырсаю. Займайцеся, перакуляючы мех як мага разнастайней, каб задзейнічаць усе групы цягліц. Праз тыдзень высыпце невялікую частку тырсы і напоўніце гэты аб’ём ўжо зямлёю. Вось так, паступова напаўняйце мех зямлёй цалкам і ўрэшце з цяжкім “снарадам” вы будзеце абыходзіцца так жа проста, як і з лёгкім.
Апошняя парада ўдала падыходзіла для мяне – вясковага хлопца. Вось так, з мехам я і пачаў займацца. Яшчэ прымацоўваў да палкі цэглу, потым дадаваў яшчэ. Гэта таксама выдатны самаробны снарад: з-за таго, што цагліны трымаліся на палцы не шчыльна, прыктыкаванні трэба было рабіць дакладна і такім чынам выпрацоўвалася каардынацыя рухаў. У будучыні мне гэта вельмі дапамагло. Урэшце ў меня з’явілася новае мэта: ці спорт, ці нічога! – падзяліўся Мікалай Галота.

Пасля заканчэння школы Мікалай Іосіфавіч адправіў дакументы ў Бранскі інстытут на спецыяльнасць трэнера па цяжкай атлетыцы. Але сталася так, што ў той год на гэтую спецыяльнасць не набіралі, а адказ прыйшоў са спазненнем, калі ўжо пачаліся іспыты, таму юнак не паспяваў накіраваць свае дакументы ў іншую навучальную ўстанову. Тут жа Мікалай атрымаў прапанову ўладкавацца настаўнікам фізічнай культуры ў родную мардзвінскую школу. Дырэктар школы Віктар Маслаў заўсёды адносіўся да здольнага і таленавітага хлопца з цеплынёй і павагай, таму Мікалай Галота запрашэннем скарыстаўся. На наступны год недарэчная гісторыя з паступленнем паўтарылася ўжо ў Мінскім інстытуце фізічнай культуры і неўзабаве маладога чалавека прызвалі ва Узброеныя Сілы.
Акалічнасці службы не дазвалялі займацца спортам, сказвалася сакрэтнасць і загружанасць – акрамя першасных задач Мікалаю Іосіфавічу трэба было яшчэ падрыхтаваць “змену” – годных, як і ён сам, радыстаў.

Пасля службы трэба было здзейсніць сваю задуму – паступіць на факультэт фізічнага выхавання. Старэйшы брат Аляксандр, што на той момант ужо навучаўся на філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, прапанаваў сваю alma mater. На гэты раз усё прайшло як трэба, а іспыты ніякіх цяжкасцяў не выклікалі.

– Пасля другога курса, у 1974 годзе, я накіраваўся працаваць у Пціцкую школу. Зразумела, распачаў трэніроўкі і па цяжкай атлетыцы. Адпаведнай спартыўнай базы на той момант не было, але, з цягам часу, умовы ўдалося стварыць. Найбольш інтэнсіўна давялося папрацаваць з дзецьмі 1963–1969 гадоў нараджэння. Не заставаліся ў баку юнакі і пасля заканчэння школы – у доказ гэтаму трэнер паказвае артыкул з газеты “Фізкультурнік Беларусі” за 1981 год, дзе мы разам чытаем: “У мінулым годзе ў калектыве фізкультуры гаспадаркі падрыхтаваны 1 майстар спорту, 1 кандыдат у майстры спорту, 51 спартсмен-разраднік і 42 значкісты ГПА”. І гэта толькі за адзін год сярод працаўнікоў тагачаснай гаспадаркі! Адзінае, на што звярнуў увагу Мікалай Галота – непарыўнасць працы: “Вы ж разумееце, што адзначаны год – лагічны працяг работы вялікага часу, бо кандыдаты і майстры спорту за год не ствараюцца, яны прыходзяць да гэтага звання па ступенях разрадаў”.

На пэўны час таленавіты спецыяліст крыху змяніў род дзейнасці ў адукацыі. Грунтоўную падрыхтоўку цяжкаатлетаў прыйшлося прыпыніць. Мікалай Іосіфавіч 11 гадоў займаў пасаду дырэктара спачатку Конкавіцкай, а потым Пціцкай школ.
Так сталася, што да трэнерскай дзейнасці спецыяліста папрасіў вярнуцца былы начальнік Мазырскай мытні Алег Барцоў. Ведамства курыравала менавіта цяжкую атлетыку і мела на мэце ўзнавіць зацікаўленасць да гэтага віду спорту ў рэгіёне.
На пытанне “як выхаваць спартсмена?”, Мікалай Іосіфавіч адказвае з задуменнем: “Пэўна, трэба падзяляць эпохі на мінулую і сучасную. Раней у мяне быў шырокі выбар, кагосьці запрашаў на трэніроўкі, іншым, наадварот, раіў прыгледзецца да іншых відаў спорту. Фізкультура сапраўды была ладам жыцця, модай, прэстыжам. А зараз дзеці і юнакі больш апатычныя: дамовіліся сустрэцца на трэніроўцы, а той не прыйшоў. Цікавішся прычынай, а дзіця адказвае, што не мае жадання… Напэўна, ёсць і мая віна – ужо не займаюся, не даю прыкладу і цяжка дзецям данесці, што гэта карысна. Зразумела, што пэўную ўвагу падлеткаў адцягваюць на сябе гаджэты і, на жаль, такое баўленне часу часцей не мае плёну. Але ёсць і станоўчыя тэндэнцыі – па Пцічы я назіраю, што моладзь зараз стала значна меней ужываць алкаголь. Сёння пабачыць п’янага выпускніка – выключэнне, пэўна, у моладзі гэта не модна” – адзначыў Мікалай Галота.

Што да сям’і, то сваю абранніцу, Кацярыну Іванаўну, малады чалавек запрыкмеціў яшчэ ў Мардзвіне. Жыццё іх складвалася сінхронна: ён працаваў настаўнікам фізічнай культуры, яна – піянерважатай, ён служыў у арміі, яна – паступіла ў медыцынскае вучылішча. Урэшце стварылі сям’ю і выхавалі дваіх дзетак: Наталлю і Аляксандра, што таксама займаюцца спортам на аматарскім узроўні. Наталля працуе ў Мазыры ў дзіцячым садку, сын – на чыгунцы ў Калінкавічах. Дзеці падарылі сям’і нашага героя трох унукаў: Захара, Маргарыту і Расціслава.

Падводзячы вынік размовы, Мікалай Галота адзначыў: “Мне заўсёды шанцавала на людзей па жыцці. З бацькамі, настаўнікамі і нават выпадковымі асобамі, якіх я сустракаў на сцежцы лёсу. А калі вы цікавіцеся, як жыць, то ўзгадаю параду свайго бацькі. Ён, як сапраўдны паляшук, казаў мне: “Сынок, не пускайся без вясла, супраціўляйся. Будзеш плыць па плыні – занясе ў хмызняк ці трапіш у вадаварот. Таму, як бы не было цяжка, вясло ад сваёй лодкі жыцця не кідай”.
Дзякуй вам, Мікалай Іосіфавіч, за шчырую размову. Віншуем з 70-годдзем і жадаем здороўя і доўгіх гадоў жыцця Вам і Вашым блізкім.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара і з архіва Мікалая Галоты.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о