Заўтра ўстановы адукацыі адчыняць дзверы ў новы навучальны год. Гэта асаблівы дзень для дзяцей, бо сустрэча з аднакласнікамі, настаўнікамі роднай школай для многіх – доўгачаканая. І ўжо разам – да ведаў, творчых і спартыўных здзяйсненняў, перамог і паражэнняў, узлётаў і расчараванняў.

Школа яднае на ўсё жыццё
Год за годам такія вераснёўскія сустрэчы паказваюць, наколькі блізкім табе стаў класны калектыў. Павязаўшы перад люстэркам стужку “Выпускнік”, усведамляеш, як будзе не хапаць тых, з кім пражыў адной сям’ёй школьныя гады. На выпускным вечары мы даём абяцанні сустрэч і  “быць на сувязі”, але жыццёвы вір з яго паўсядзённымі клопатамі  бярэ хутка ў свой палон і часу, хапае толькі  на ўспаміны і “лайкі” ў сацыяльных сетках.
Але ёсць прыклад школьнага калектыву, для якога абяцанне, дадзенае ў юнацтве, – не пустыя словы. Не так даўно мне давялося стаць сведкай сустрэчы выпускнікоў першай гарадской школы 1972 года, якія кожныя пяць гадоў збіраюцца разам. Месца сустрэчы – гарадскі парк. Сямнаццаць былых “аднакашнікаў” з усіх куткоў краіны і бліжэйшага замежжа, не хаваючы эмоцый, абдымаюцца, смяюцца, “адпускаюць” жарты і на перабой дзеляцца навінамі. Наперадзе ў іх цэлы вечар, але першыя хвіліны – самыя шчырыя.
– Гэтага моманту мы чакалі пяць гадоў. Сустрэча дорыць нам імгненні шчасця, надае энергіі і  вяртае маладосць, – распавёў  арганізатар сустрэчы Аляксей Каюкала. – Некаторых няма з намі на гэтым свеце і сёння мы кожнага ўспомнім. Сябры з Эстоніі, Украіны, Ізраіля не змаглі па волі лёсу прыехаць на радзіму, але  па відэасувязі і ў сацыяльных сетках яны будуць разам з намі. Ніякая палітычная сітуацыя  не прымусіць нас забыць, што мы браты і сядзелі за адной партай.
Кожны з прысутных, з вышыні свайго жыццёвага вопыту, напісаў словы-пажаданні, якія будуць карыснымі ў пошуку сапраўдных каштоўнасцяў для сучаснай моладзі. Што пішуць тыя, хто набыў жыццёвую мудрасць? Сухамера Наталля – “мірнага неба вам”, Дзечка Таццяна – “настальгія па Радзіме ўсё мацней, беражыце родную зямлю”, Герасіменка Тамара – “схіляю галаву перад настаўнікам”, Сасаеў Яўген – “школьныя гады – самыя шчаслівыя”, Аляксей Каюкала – “упэўнена глядзіце наперад”… Калі сабраць усе іх думкі, то атрымаецца прыкладна так: атрымлівайце асалоду ад жыцця, шануйце кожны дзень сумеснай працы з настаўнікамі, зносінаў з сябрамі, выберыце правільны арыенцір у жыцці і будзьце вернымі свайму слову.
Прыслухайцеся да слоў старэйшых, каб застацца такімі маладымі, шчаслівымі і ўпэўненымі як нашы землякі на памятным фота.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о