16 лістапада — Сусветны дзень рукадзелля

Мы зноў вяртаемся да зорак інстаграм. На гэты раз гераіня артыкула – Вольга Ковель. Шматдзетная маці публікуе ў сетцы фота і відэа сваіх работ – а гэта арыгінальныя ўпрыгожванні для ёлкі, навагоднія вянкі, мяккія цацкі, паравоз з прысмакаў, восеньскія букеты, вазы з падручных матэрыялаў і многае іншае.
Шэдэўры з простых матэрыялаў Вольга не толькі дзеліцца сакрэтамі рукадзелля – яе адрознівае арыгінальная падача матэрыялу. Жанчына настолькі ўмела манціруе відэа, што прагляды яе вырабаў дасягаюць васьмі тысяч.
– Першапачаткова я захапілася мантажом відэа, а ўжо пасля заахвоцілася рукадзеллем, – распавяла суразмоўца. – Хацелася захаваць моманты з жыцця маіх дзяцей, а потым, знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку, падумала, чаму б не пайсці далей? І пайшла.
Вядома, маімі ідэйнымі натхняльнікамі былі людзі з інтэрнэту. Я перагледзела мноства відэаролікаў, перш чым пачала здымаць сама. А потым прайшла спецыяльны курс па апрацоўцы відэа ў інстаграм.
Так, зараз я атрымліваю ў сацыяльнай сетцы шмат водгукаў і каментарыяў. Многія просяць не спыняцца і працягваць далей. Гэта прыемна.
Вольга – ураджэнка Петрыкава, скончыла сярэднюю школу. Працавала аператарам сувязі на ўчастку паштовай сувязі да выхаду ў дэкрэт. З мужам пазнаёмілася ў Гомелі. Сям’ю ўжо стваралі на радзіме гераіні.
– Не скажу, што мы планавалі шматдзетную сям’ю. Так атрымалася. Мы шчаслівыя, што адбылося менавіта так. Мацярынскі капітал выдаткавалі на будаўніцтва кватэры.
Вольга ўпэўнена, што жанчыне ў дэкрэце важна знайсці сабе творчы занятак.– Тут з адным дзіцям цяжка справіцца, а калі ў цябе трое, і адзін з іх яшчэ ў пялёнках, трэба ўмела чымсьці заняць дзяцей. Рукадзелле прыходзіць на дапамогу. Дзеці актыўныя ўдзельнікі маіх відэаролікаў, яны з задавальненнем пазіруюць і гатовы на некалькі дзясяткаў дубляў.
Акрамя гэтага, яны дапамагаюць мне ў стварэнні цацак, паштовак. Такая актывацыя дробнай маторыкі заўсёды карысная. Так што, мамачкі, бярыце сабе на заметку! Плюс да гэтага, мы з дзецьмі гуляем па парку і лесе ў пошуках падручных матэрыялаў – а гэта вельмі карысна для здароўя і спазнання навакольнага свету. Ёсць, вядома, рэчы, якія купляем у краме – клей, ніткі, але астатняе здабываем у навакольным асяроддзі.
Па словах Вольгі, занятак падобным рамяством дапамагае супакоіцца і расслабіцца.
– Гэта своеасаблівая жаночая медытацыя, рытуал. Я таксама вучуся спалучаць колеры, фактуры і матэрыялы. Гэта вельмі важна. Творчы палёт думкі стварае добры настрой і ўнутраную гармонію, якія перадаюцца не толькі вырабу, але і ўсяму, што нас акружае, а ў маім выпадку – дзецям і мужу.
Шэдэўры з простых матэрыялаў
Таксама хачу сказаць, што падарунак, зроблены сваімі рукамі, – заўсёды ўнікальны. Не параўнаецца з рэчамі, зробленымі масавым тыражом.
Напрыклад, зрабіць арыгінальны навагодні вянок у дамашніх умовах нашмат прыемней, чым купіць шаблонны выраб у краме. Хутка пачнецца зіма – і такі падарунак будзе вельмі актуальны.
Трэба зрабіць трывалы каркас вянка. Яго можна зрабіць некалькімі спосабамі. Галоўнае, каб захоўваліся некалькі ўмоў. Нарыхтоўка павінна трымаць форму – не распадацца, не ўсыхаць з часам, вытрымліваць вагу. Гэта асабліва важна, калі выраб будзе падвешаны, а не пакладзены на стол.
Шэдэўры з простых матэрыялаўУпрыгожваць аснову вы можаце галінкамі ёлкі ці ігліцы, можаце штучнымі аналагамі, а далей справа густу і фантазіі – выкарыстоўвайце маленькія навагоднія шары, стужачкі, свечкі.
Надаць такой аснове навагодні выгляд вельмі проста – дастаткова абгарнуць яе навагодняй мішурой патрэбнага колеру. Можаце выразаць розныя фігуры з кардона або паперы.
Упрыгожванне з ігліцы і шышак – класічны варыянт навагодняга вянка. Таму варыянтаў афармлення ў падобным экастылі вельмі шмат. Такі дэкор можна знайсці ў літаральным сэнсе пад нагамі.
Шэдэўры з простых матэрыялаў
Цяпер Вольга працягвае вывучаць тонкасці інстаграма і марыць стаць сапраўдным блогерам.
– Так, сацыяльныя сеткі практычна цалкам запоўнілі наша жыццё. Падобная пляцоўка – ідэальнае месца для таго, каб прывабіць людзей, расказаць пра сваё хобі і, магчыма, нечаму навучыць. Я яшчэ толькі на пачатку творчага шляху.
Знайсці фота і відэа работы нашай гераіні можна ў інстаграм, набраўшы ў пошуку імя olgakovelll.
Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о