Алена Фалько і пасюль не глядзіць фільмаў пра вайну. Ёй дастаткова і тых цяжкіх успамінаў, што трывала заселі ў яе свядомасці з жахлівых гадоў. Можа, каб давялося ёй бачыць на экране экранізацыю знакамітага “Хлопчыка ў паласатай піжаме” Джона Бойла, то жанчына пазнала б сябе, свае паўпразрыстыя дзіцячыя далоні, што цягнуліся да сытых і дагледжаных нямецкіх дзяцей праз калючы дрот канцлагера.

Шчымлівая памяць

Здаецца, што магло застацца ў памяці, калі вайну яна сустрэла ў чатырохгадовым узросце. Але штодзённы, штохвілінны страх, чаканне смерці сваёй і блізкіх, голад урэзаліся ў памяць назаўсёды.
Калі фашысты спалілі Беразнякі з яго жыхарамі, усе Аголічы кінуліся ў лес. Сям’і Стракачоў давялося амаль два гады жыць у куранях. Атабарыліся побач сваякі, род якіх па-вясковаму называлі Бацейкі. І сёння тыя мясціны клічуць бацейкавы курані. Доўга пасля вайны тут яшчэ можна было знайсці рэшткі цэглы з печы, у якой пяклі перасяленцы для партызанаў хлеб.

Малая Гелька разам з маці і крыху старэйшым зводным братам Шуркам туліліся на сасновых лапках каля маленькага вогнішча ў сваім новых жыллі тут, у выратавальным гушчары. Старэйшыя тры браты і бацька ўжо былі ў партызанах.
Сёння Алена Якаўлеўна, узгадваючы той час, фізічна адчувае моцнае пачуццё голаду і пакуты ад вошай, часоткі і залатухі.

– Калі ранняй вясною 1943 года ў лесе пачаліся нямецкія аблавы, мы на дзень сыходзілі ў балота, а на ноч вярталіся ў курэнь, – расказвае жанчына. – Маці была глухаватая, таму і не пачула, што ў адзін з падвячоркаў нас у курані чакала засада. Пагналі нас назад у Аголічы, затым у Капцэвічы. Адтуль на цягніках, без вады, ежы і абагрэву – праз Брэст у Нямеччыну. Шура памятаў назву горада, пад якім быў наш лагер, а я забылася. Памятаю дашчаныя баракі з трох’яруснымі нарамі, высокія трубы, што дымілі круглыя суткі і канаўку, па якой сцякала смуродная вадкасць. Маці казала, што гэта людскі тлушч.

Алена Якаўлеўна перыядычна спыняла аповед, бо трэба было суняць слёзы і дрыжэнне голасу. А потым працягвала.

– Дзяцей у лагеры не кармілі. Шклянку вады з варанай бручкай і дзве бульбіны давалі толькі працуючым. Гэтым і дзяліліся з Гелькай маці і брат, якіх на ўвесь дзень ганялі на працы. Дзеці ж спанаровіліся раніцай і ў абед станавіц-ца ўздоўж дроту, прасоўваючы ў яго рукі. Па той бок па асфальтаванай дарозе двойчы на дзень, у школу і назад, хадзілі нямецкія дзеці. Часам яны давалі ім акрайчык хлеба, яблык. Неяк нават і марожанае нехта атрымаў.

– Яўрэяў палілі адразу, як прывозілі, яны ў лагеры надоўга не затрымліваліся, – жанчына, пазіраючы ў акно, пагладжвае сваю кошку. Магчыма, так ёй лягчэй расказваць такое. – Час ад часу і іншых людзей вадзілі ў бок комінаў, назад яны не вярталіся. Маці мне казала, што іх водзяць у лазню. Аднойчы раніцай дарослых нашага блока на работы не павялі, а загадалі пастроіцца сем’ямі. Маці ўзяла нас з братам за рукі і са скамянелым тварам рушыла ў натоўпе, у бок тых лазняў. Памятаю, у вялікім цёмным без вокнаў памяшканні, дзе было спякотна, дзверы за намі закрыліся. Падлога нібы здрыганулася і пачала нахіляцца. Людзі закрычалі, убачыўшы ў шчыліну паміж сцяною і падлогай вогнішча. І раптам усё спынілася. Дзверы адкрыліся, нас выпусцілі.

Так пачаўся іншы этап вязніцкага жыцця сям’і Стракач. Людзей адабралі па нейкіх вызначаных параметрах і пагналі ў бліжэйшы горад. А там іх забіралі па некалькі чалавек людзі ў цывільным. Быў ужо падвячорак, калі і Гелю з маці і Шурам паклікаў да сябе малады мужчына. Ім загадалі ісці за гэтым чалавекам.

Далей быў чысты шкляны чыгуначны вакзал, цягнік, у якім ехалі прыгожыя людзі і пахла ежай. І ферма, дзе ім давялося жыць наступны год.
Смак таго малочнага супу з макаронамі Алена Якаўлеўна дасюль памятае. Кажа, што больш смачнага нічога ў жыцці не ела. А водар мыла і цеплыню той сапраўднай лазні, здаецца, і сёння адчувае.

Шуру забралі на суседнюю ферму, а іх з маці павялі на другі паверх дома ў асобны пакой. У першую ноч маці з дачкою нават не асмеліліся легчы на ложак – белы, з падушкамі і пярынай.

Маці і брат працавалі ў гаспадарках, Гелі ж давяралі пасвіць гусей. З часам яна стала добра разумець нямецкую мову, пазнаёмілася з гаспадарскімі дзецьмі, пасля якіх ёй даставалася прыгожае адзенне.
– На Вялікдзень там ёсць звычай шукаць яйкі, – нават момант вызвалення ў Алены Якаўлеўны застаўся ў памяці ў тым, дзіцячым, успрыманні. – Яйкі фарбуюць і хаваюць. А дзеці павінны іх шукаць. Я назбірала каляровых яек у хлявах і павецях поўны прыпол. А калі прынесла гаспадарам, каб яны мяне пахвалілі, знайшла іх у акружэнні салдат у падвале з узнятымі ў гару рукамі. Прыбегла маці і стала моцна галасіць, гаварыць, што мы едзем дадому, бо выратаваныя.

Дарога на радзіму была пакут-лівай. З аднаго сартавальнага пункта на другі вазілі іх у вайсковых машынах. Маці моцна захварэла на тыф, яе забралі ў лазарэт. А потым аддалі яе рэчы. Памерла. Разгубленыя, нікому не патрэбныя дзеці аказаліся адзін на адзін з горам. Трымаліся побач з аднавяскоўцамі, якіх сустрэлі ў час шматлікіх пераездаў. Шура раз-пораз усё папракаў, што з-за сястры адмовіўся ехаць у Амерыку. Амерыканскія салдаты, якія іх вызвалялі, прапанавалі гэта ўсім падлеткам і маладым людзям.

Ужо ў школе пачаліся заняткі новага навучальнага 1945 года, калі Шура і Геля ступілі на чыгуначную платформу ў Капцэвічах. Хутка іх знайшоў бацька. Аголічы былі спаленыя. І на зімоўку сям’ю пусцілі людзі ў Свабодзе. Потым бацька пабудаваў і сваю невялікую хацінку.

Двое братоў Гелі загінулі. Андрэй – у красавіку 1945 ў Берліне, а Мікалай – пад Пцічом у час бою каля чыгуначнага маста. Іван застаўся жыць пасля вайны недзе за Арэсай, дзе і быў у партызанах. Шура падаўся ў Ленінград у ФЗА, потым пайшоў у армію. Доўгі і складаны шлях яго быў. А пахавала яго сястра ў родных Аголічах, калі было таму 60 гадоў. Усе ўгаворваў сястру ехаць шукаць у Польшчу магілу маці. Ды так і не паспеў.

– Толькі сем класаў скончыла я дома ў Аголічах, – пра мірнае жыццё ў голадзе і нястачы, але ж дома, успаміны не такія падрабязныя і яркія. – Пайшла ў восьмы ў Капцэвічы. Была ў мяне світка з нямецкай шынэлі. Сталі мяне дразніць, маўляў, фрыц пераапрануты. Крыўдна было вельмі, таму школу кінула. Хутка і бацька памёр. Засталася зусім адна. Потым 10 класаў скончыла ў вячэрняй школе. Пераехала ў Капцэвічы.

Пакуль дазваляла здароўе, Алена Якаўлеўна працавала на гароднінасушыльным заводзе. Апошнія 20 гадоў – кладаўшчыком ў даме-інтэрнаце. І тая, новая, пасляваенная гісторыя яе жыцця напоўнена падзеямі, радасцямі і гаротнымі стратамі. Яны – іншая гісторыя. Важна, што сёння побач з ёй сын і дачка, якія ахінаюць жанчыну клопатам. І добрая памяць пра мужа, што памёр тры гады таму. Побач таксама спагадлівыя людзі, якія ідуць з прапановамі дапамогі. Над былым вязням узяў шэфства дом-інтэрнат і яго валанцёры дапамагаюць ва ўсіх гаспадарчых справах. І цяпер, напярэдадні Дня Перамогі, наведаюць па традыцыі з віншаваннямі.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о