Кожны раз, калі бяру інтэрв’ю ў чалавека, які перажыў Вялікую Айчынную вайну, у мяне ўзнікае пытанне: ці можа сучасны чалавек уявіць сабе ўсе жахі ваеннага ліхалецця?  Смерць, голад, холад, страх, страту дзяцей, мужа ці жонкі, маці ці бацькі, прытулку ў спаленых вёсках і разбураных гарадах…   Практычна кожны з маіх інтэрв’юіраваных распавядаў: “Мы варылі бульбяныя лушпайкі, нават даводзілася есці гнілую бульбу, радаваліся маленькаму кавалачку хлеба або святочнаму кавалачку цукру”. Няўжо гэта рэальная гісторыя, а не сцэнарый да фільма? Ды і фільмы перадаць не могуць таго болю, а вось вочы і дрыготкі голас – могуць. 

ШЧАСЦЕ – ПРАЦАВАЦЬ І МЕЦЬ СЯМ’Ю

   Ганна Фамінічна Палтаран, у госці да якой мы прыехалі ў вёску Бабунічы, ветліва нас сустрэла, запрасіла за стол і пачала частаваць кавай. Пасля выклала стос афіцыйных дакументаў на стол.

ШЧАСЦЕ – ПРАЦАВАЦЬ І МЕЦЬ СЯМ’Ю

   –  Я ж ударнік камуністычнай працы, у мяне ёсць узнагароды за доблесную працу, юбілейныя медалі да юбілею вайны, розныя падзякі, – пачала аповед жанчына, паказваючы нам савецкія пасведчанні. –  А нарадзілася я ў 1930 годзе на хутары Смалоўка, што знаходзіўся паўночней ад Бабунічаў. Бацьку саслалі на Далёкі Усход у 1937 годзе. Раскулачылі, бо ў нас была свая карова, коні, малатарня. Хлеб вырошчвалі – дык гэта лічылася кулацтвам. З таго часу бацьку ніколі не бачыла. Пасля падавала заяву ў пошук, толькі адказалі, што памёр ён у 1943 годзе, а пры якіх абставінах – невядома.

…Распавядаць пра жахі вайны вельмі цяжка. Памятаю, як мяне маці хавала пад галлём, калі немцы ішлі з аблавай, як нясцерпна я хацела есці…  Вымушана была працаваць ад самай раніцы да ночы, каб атрымаць той бясцэнны кавалак хлеба. А потым пакладзеш яго на далонь, пазіраеш, глытаючы сліну, і думаеш: з’есці зараз, ці яшчэ паглядзець на яго і панюхаць…
Мая маці нарадзіла 10 дзяцей. Выжылі толькі чацвёра. Адзін брат загінуў на фронце, другога забралі ў Нямеччыну. Там яго забраў да сябе на работу мясцовы пастух. Дзякуй богу, браток выжыў. Сястра мая таксама перажыла вайну.

Мне было 13 гадоў, калі забралі ў Германію. Фашысты бацькоў адганялі ў адзін бок, дзяцей – у другі. Нас павезлі ў Навасёлкі. Там  загналі, нібы жывёлу, у адзін хлеў. На шыі павесілі шыльдачкі з нумарамі.
Сярод астатніх дзяцей я была самая смялейшая. Нас вадзілі па патрэбе ў іншы хлеў, я пачала прасіцца часцей,  а сама пакрыху вырыла падкоп. На трэці дзень ужо самастойна магла выбрацца з хлява. Ва ўцёкі ўзяла з сабой сяброўку. У Навасёлках жыў стрыечны брат майго бацькі. Планавалі да яго завітаць, але гэтаму не дадзена было ажыццявіцца. Я схавалася ў траве, але немец знайшоў мяне, падняў за шкіркі і прывёў назад. Потым нас пасадзілі ў таварны цягнік.

…Год працавала ў Германіі. Дакладна не памятаю, дзе мы жылі, але будынак быў вялікі, падобны на  клуб. І я там прыбірала кожны дзень. Мужчыны , жанчыны і  дзеці жылі асобна. Вызвалілі нас амерыканцы. Колькі было радасці, бо жывая засталася, дадому вярнуся!

   Тут Ганна Фамінічна спыніла свой аповед. Імгненне прамаўчала, нібы штосьці прыгадвала.
– У мяне ж ёсць пінджак з медалямі. Дык давайце яго апрану.

ШЧАСЦЕ – ПРАЦАВАЦЬ І МЕЦЬ СЯМ’Ю
…Пасля вайны сям’я пачала аднаўляцца. Першапачаткова жылі з маці ў зямлянцы. Потым мы перайшлі  жыць у памяшканне сельскага савета, начавалі ў кутку.

Я вельмі шмат папрацавала. І ў свінарніку, і ў цялятніку, і ў полі, і кладаўшчыком. Вучыцца, праўда, не давялося:   скончыла ўсяго 4 класы, бо дзеці пачалі з мяне смяяцца, што такая дарослая дзеўка ходзіць у школу. А вось працы за жыццё хапіла – не было калі спіну разагнуць.
Усё жыццё пытаю сябе: калі ўжо высплюся?  Здаралася, што касіла па 60 сотак у дзень. Такое можна ўявіць? І нават зараз не магу спыніцца. Ёсць час – трэба працаваць. І ўсім раю – сапраўднае шчасце ў працы.

Двойчы давялося пабываць замужам. Нарадзіла 6 дзяцей. Сёння ў мяне 7 праўнукаў і 7 унукаў. Пра ўсіх дбаю, кожнаму хочацца чымсьці дапамагчы, бо вельмі іх люблю. Гэта ж мая сям’я – сэнс усяго жыцця.

ШЧАСЦЕ – ПРАЦАВАЦЬ І МЕЦЬ СЯМ’Ю ШЧАСЦЕ – ПРАЦАВАЦЬ І МЕЦЬ СЯМ’Ю
Сядзець на месцы – не ў маім характары. Радуе, што час ад часу запрашаюць вучні на школьныя мерапрыемствы распавесці пра сваё жыццё і пра вайну. У школу я завітваю  з задавальненнем.  Навучэнцам прыношу цукеркі, бо памятаю, як сама пра іх марыла ў дзяцінстве. А пачастуеш дзіцятка, і ўжо на душы лягчэй.

Бачыце, вунь  каля ложка стаіць мой любімы фотаздымак, дзе я разам са сваімі  дзеткамі. Прыгожыя  яны  ў мяне і шчастлівыя. А што ў жыцці трэба больш?

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о