Стрэчанне, або Грамніцы, – зімовае свята, у якое, паводле народных меркаванняў, зіма сустракаецца з летам. Менавіта ў гэты дзень у Муляраўскім сельскім Доме культуры адбыўся канцэрт народнага клуба аматараў народнай творчасці “Вечарына” Жыткавіцкага цэнтра традыцыйнай культуры і фальклору.Сейбіты народных песень

 

Мне вельмі пашанцавала, што трапіла на гэты канцэрт. Так хочацца верыць, што ў душы кожнага чалавека жыве песня. Песня вабіць словам, геніяльнай народнай музыкай і прафесійным выкананнем. Песня – гэта цэлы чароўны, непаўторны свет, які, нібы бальзам, лечыць душу.

На сцэну выйшлі артысты і раздольна загучалі народныя песні. Апранутыя ў народныя касцюмы, яны ўпэўнена трымаліся на сцэне. Сваімі моцнымі галасамі адразу захапілі сельскую аўдыторыю. Няпроста і нялёгка асвойваць дастаткова складаныя песні. Патрэбна ўпарта працаваць над кожным гукам, каб глыбока раскрыць змест кожнага радка, наш вясёлкавы і песенны край, каб загучала кожная песня зладжана і дружна.
Парадавалі таксама выканаўцы жартоўна-сатырычных твораў. З гэтай нагоды мае землякі добра павесяліліся.

Сярод артыстаў былі і людзі паважанага ўзросту. Зараз яны, таленавітыя і няўрымслівыя, маюць магчымасць заняцца тым, на што не хапала часу раней. Яны не могуць маўчаць гэтак жа, як і не можа не спяваць сваю песню салавей.

Нашы дзяды і прадзеды шанавалі і перадавалі народныя песні з пакалення ў пакаленне. Дзякуючы продкам мы не згубілі гэты скарб.
Кіраўніком клуба з’яўляецца На-дзея Некрашэвіч, акампаніятарам – Анатоль Саенка. Нязменна выступаюць у складзе клуба Аляксандр і Любоў Варановічы, Валянціна Прылуцкая, Таццяна Сулкоўская, Вольга Хільман, Марыя Рыбак, Лілія Лоўгач, Валянціна Казачук, Ганна Лой.

Не магу не сказаць ухвальных слоў на адрас Анатоля Саенкі. Ён не толькі таленавіты музыкант, а яшчэ і цудоўны спявак. Калі пяе, надаючы голасу лірычнасць, як віртуоз, перабірае лады на баяне, націсне на басы, выразна і гучна загрыміць музыка, то здаецца, спявае ўся твая душа, а ногі просяцца ў скокі.

Сёння мы імкнемся да развіцця нацыянальнай культуры, захавання традыцый беларускага народа. Менавіта такія калектывы выхоўваюць у людзях добры густ, абуджаюць станоўчыя пачуцці.

Увесь канцэрт ішоў у суправа-джэнні гучных авацый, а на заканчэнне ўдзячныя слухачы віталі артыстаў стоячы.

Хочацца пажадаць гэтаму цудоўнаму калектыву, каб ён і далей трымаў глыбокую сувязь з народнай песеннасцю, радаваў сваіх слухачоў майстэрствам і дзяліўся душэўнай цеплынёй.
Добрага вам здароўя, шаноўныя! Да новых сустрэч!

Антаніна РЫБАЛКА,
па просьбе жыхароў
п. Муляраўка.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о