“Маё дзяцінства, дзякуючы працавітасці бацькоў, прайшло ў дастатку. Мама ні разу не адправіла дзяцей раніцай у школу, не прыгатаваўшы сняданак, хоць самой трэба было бегчы на ферму і ўпраўляцца па гаспадарцы. З раніцы нас чакаў на стале стос духмяных блінцоў, смачная яешня ды свежае малачко, а на абед стаялі ў печы тушаная бульба з мясам, боршч, бабка, каша.
Мама — цудоўная вышывальшчыца ў юнацтве. Яе квяцістыя сурвэткі, настольнікі, накідкі на падушкі, вышытыя гладдзю, упрыгожвалі наш дом, асабліва на Вялікдзень, прастольнае свята Праводная, калі ў госці з’язджалася блізкая і далёкая радня бацькоў.
Мама — гасцінны чалавек. У доме заўсёды бывалі людзі: састарэлыя суседзі, якія бавілі ў нас доўгія вечары, знаёмыя, якім патрэбна была дапамога ці парада.
Бацькі многа працавалі, і нас прывучалі да працы. У кожнага былі абавязкі па гаспадарцы. Я, напрыклад, магла падаіць карову, летам скласці сена ў копы, адпасціць чаргу і нават насячы дроў.
Мама заўсёды ў клопаце пра сваіх дзяцей. І зараз, калі мы ўжо ўсе дарослыя, яна ўсім патэлефануе ў нядзельку, пацікавіцца нашымі справамі, часам паскардзіцца на здароўе. Мама- наш арыенцір па жыцці, наша вялікае сонца”.

СЭРЦА МАЦІ ЦЯПЛЕЙ ЗА СОНЦА
Гэтыя цудоўныя словы на адрас сваёй маці выказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Капаткевіцкай сярэдняй школы Наталля Каліцька. Наталля Яўгенаўна — узор старэйшага дзіцяці ў шматдзетнай вясковай сям’і. Нягледзячы на жыццёвыя выпрабаванні, яна захавала любоў і пяшчоту ў сваім сэрцы. Мы неаднаразова пісалі пра Наталлю Яўгенаўну. Яна цікавы суразмоўца, цудоўны мовазнаўца, педагог, прывабная жанчына.
Калі старшыня Колкаўскага сельсавета Ганна Сянько мне прапанавала завітаць да шматдзетнай маці, ветэрана працы, 84-гадовай Фаіны Петух, я нават не магла здагадацца, што гэта жанчына мае дачыненне да Наталлі Яўгенаўны. Пазней даведалася пра гэта. А калі на ганак дома па вуліцы Брагінскай у Колках выйшла сустракаць нас з Ганнай Уладзіміраўнай самая малодшая з дочак — Рыта, то адразу ўбачыла знешняе падабенства сясцёр. Той жа разрэз вачэй, цёплы позірк, сціплая ўсмешка і мяккі, мілагучны голас. Рыта Яўгенаўна гасцінна запрасіла ў дом.
Фаіна Фомаўна, невысокая, хударлявая жанчына, загадзя ведала, што я завітаю да яе на размову, таму прыбралася ў прыгожую сукенку і касцюм. Пра сябе расказала няшмат. Сама з Акцябрскага раёна, з Жукавіч. Фаіна Фомаўна пабачыла на сваім жыцці шмат: у адзінаццаць гадоў яе забралі ў канцэнтрацыйны лагер Азарычы. Пра гэта і цяпер цяжка ўзгадваць, слёзы свавольна кацяцца з вачэй.
Не было да яе жыццё літасцівым і пазней. Стварыла сям’ю і доўгі час пражывала ў вёсцы Брады. З мужам, Яўгенам Паўлавічам, нарадзілі Наташу, Алу, Надзею, Уладзіміра і Рыту. Муж працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады. Сама Фаіна Фомаўна была даглядчыцай. Яе цяляты заўсёды добра прыбаўлялі ў вазе, за што заахвочвалі ў саўгасе і даглядчыцу.
Усё б нічога: пяцёра дзяцей, вялікая гаспадарка дома, апрацоўка зямлі — гэта звычайная справа, але рана пайшоў з жыцця муж. Малодшыя сын і дачка былі на той час школьнікамі. Не апусціла рукі перад цяжкасцямі Фаіна Фомаўна, цвёрда крочыла наперад. Жаліцца было няма каму.
Дастойнымі выраслі яе дзеці. Мае цяпер жанчына адзінаццаць унукаў і восем праўнукаў. Даўно пераехалі яны з Рытай і зяцем Анатолем Сарокам з Брадоў у Колкі. Тут набылі дом, зрабілі рамонт. Трымае дачка карову, працуе прадаўцом у прыватнай краме. Зяць — трактарыстам у мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Шмат цёплых слоў выказвае Фаіна Петух на адрас сваіх дзяцей. Бачна, што жанчына тут у радасць, а не ў цяжар. Дай Бог, каб усе дзеці даглядалі так сваіх бацькоў. Застаецца толькі жыць, радавацца.
У студзені Фаіна Петух адзначыць юбілейную дату — 85 гадоў з дня свайго нараджэння. Пажадаем ёй доўгіх гадоў жыцця ў радасці і клопаце блізкіх людзей.
Віншуем Фаіну Фомаўну і ўсіх жанчын з Днём маці! Дабрабыту, шчасця, цеплыні і спагады ў доме! А на заканчэнне друкуем верш старэйшай дачкі Фаіны Фомаўны — Наталлі. Такія простыя, даступныя і цёплыя словы, прысвечаныя матулі.

Не сумна мне гарэць у сусвеце,
А на зямлі быць удвая,
Пакуль жыве на белым свеце
Матуля, мамачка мая.

Не заблукаю ў лабірынце
Ані цяпер, ані пасля,
Пакуль жыве на белым свеце
Матуля, мамачка мая.

Мне быць заўсёды ў яснаквеце,
Нібыта груша ў ручая,
Пакуль жыве на белым свеце
Матуля, мамачка мая.

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о