Сёлетняе прафесійнае свята юбілейнае для супрацоўнікаў аддзялення  анестэзіялогіі, інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі. Сорак пяць гадоў таму першым у вобласці яно было створана легендарным урачом нашага раёна  Валерыем Трусянковым. Сюды праз некалькі гадоў пасля заканчэння медыцынскага вучылішча прыйшла працаваць Наталля Кліменка, бо хацела ўсяму навучыцца, усё ведаць у прафесіі. А праз тры гады была прызначана старшай медыцынскай сястрой аддзялення.
Наталля Якаўлеўна параўноўвае сваё аддзяленне з сэрцам медыцынскай установы. Зладжаная работа кожнага члена калектыву, апаратуры нагадвае менавіта гэты орган чалавека. Каму як не медыку мець права рабіць такія высновы!
– Некалі на пачатку працы Валерый Трусянкоў вучыў мяне, што кожны пацыент – нечый родны чалавек, трэба разумець яго боль, боль яго родных і дапамагаць усім. Для нас важны не толькі стан самога хворага, але і сувязь з яго сваякамі, якія прыходзяць да дзвярэй аддзялення за добрымі весткамі, часам, нават за цудам, – расказвае старшая медсястра. – Цяпер гэтаму вучу сваіх маладых калег. Мы павінны быць высокакваліфікаванымі спецыялістамі, бо нашы пацыенты не заўсёды могуць расказаць пра сваё самаадчуванне. На дапамогу прыходзіць апаратура, якую трэба ўмець наладзіць, па ёй вызначаць самыя нязначныя змяненні ў стане хворага, своечасова паведаміць пра іх урачу.
Аддзяленне анестэзіялогіі разлічана на шэсць ложкаў. І кожны пацыент на іх патрабуе асаблівага догляду, увагі, псіхалагічнай дапамогі. Падысці, пагутарыць, падтрымаць, і ўбачыць на твары хворага ўсмешку – шлях да выздараўлення. Так лічыць увесь калектыў аддзялення, касцяк якога – сярэдні медыцынскі персанал. Сярод іх – медсястра Таццяна Занкевіч, якая амаль усё працоўнае жыццё прысвяціла аддзяленню рэанімацыі. Нават перад выхадам на пенсію яна адмаўляецца перайсці на больш спакойнае месца. Марыя Андрыенка прыйшла сюды пасля вучылішча і яшчэ памятае, калі кропельніцы былі шматразовымі, а ўсім пацыентам трэба было кожныя дзве гадзіны “ўручную” вымяраць ціск, пульс, тэмпературу. Цяпер гэта робіць апаратура. Эла Бычкоўская 25 гадоў адпрацавала ў аддзяленні медсястрой анэстэзіяністам.
Сэрца бальніцы– Ганаруся сваімі калегамі, нас 13 медыцынскіх сясцёр – зазначае Наталля Якаўлеўна. – Усе яны – спецыялісты шырокага профілю, ад педыятрыі і хірургіі, да спецыялістаў электроннай апаратуры. Калектыў стабільны, прыходзяць маладыя і застаюцца. Нават пасля дэкрэтных водпускаў вяртаюцца да нас. Тыя ж, каго жыццёвыя абставіны прымушаюць з’ехаць з Петрыкава, тэлефануюць, віншуюць са святамі, прыязджаюць наведаць. Лічу, што менавіта гэтым вызначаецца згуртаванасць калектыву, спрыяльная і плённая атмасфера ў ім. Зразумела, што ўрачы аддзялення яе падтрымліваюць.
Яшчэ пры Валерыі Трусянкову пачаў працаваць ў аддзяленні цяперашні яго загадчык Алег Мацвееў. Аляксандр Маслаў, які цяпер займае пасаду намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы, не пакінуў практыку, працягвае працаваць тут. Для маладых жа ўрачоў каштоўны вопыт, які яны атрымліваюць ў аддзяленні, часта без удзелу вузкіх спецыялістаў, замяняючы іх. Сёння былыя ўрачы гэтай структуры ЦРБ працуюць ва ўстановах аховы здароўя ўсіх абласных цэнтраў і сталіцы. Спадзяёмся, што замацуюцца і застануцца Аксана Доўгая, Дзмітрый Камоцкі, Людміла Корбут.
Важна, калі побач ёсць згуртаваны і надзейны калектыў. Тады і праца ў радасць. У гэтым Наталля Кліменка ўпэўнена.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

 

 

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о