У час правядзення аглядавай камісіі з супрацоўнікамі МНС (пра гэта мы пісалі нядаўна) да карэспандэнта раёнкі звярнуліся жыхары вёскі Рубчы.

– Хадземце да майго падворка, самі пабачыце, – пачала свой зварот прыемнага выгляду бабулька Марыя Пілецкая. Мы накіраваліся па Цэнтральнай вуліцы вёскі да яе хаты пад нумарам 24. Яшчэ здалёк жанчына засяродзіла ўвагу на легкавік, што праязджаў каля яе плоту.

IMG_2891_1

– Вось бачыце, дарогу зусім разбілі. Цяпер пад маім домам з’явілася велічэзная яміна. Зараз там па калена, а то і глыбей – вада, гразь. Вядома, кіроўцы намагаюцца ў яму не патрапіць, таму аб’язджаюць яе, паварочваючы пад самы плот. Я не так даўно агароджу паставіла, яшчэ дрэвам пахне, але ўжо гразечай залітая. Баюся, каб у поцемку які вадзіцель не зламаў яе ўвогуле. Вясной увесь гэты бруд сцякае ў мой агарод, пад самы калодзеж. Я не прашу новага асфальту – у нас вёска ўжо аджывае, але хаця б чым засыпалі гэтую яміну…

IMG_2964_1

– А вясной тут увогуле не праехаць, не прайсці, – падтрымліваюць бабульку суседкі.

Вяртаюся да цэнтра вёскі, дзе два разы на тыдзень пачынае бруіць жыццё з нагоды прыезду аўталаўкі. Людзі абмяркоўваюць апошнія клопаты, навіны, праграмы тэлебачання.

– Хадзіце, сфатаграфуйце наш будан! Вось тут мы чакаем нашу аўталаўку. Але толькі першыя тры-чатыры чалавекі, хто паспее месца заняць. А астатнія – стой. А ўявіце, калі гэта ў дождж, а чакаць даводзіцца і паўгадзіны, а калі і гадзіну.

Пабудову сапраўды ні прыпынкам, ні альтанкай не назавеш. Звычайная лавачка, з высокімі слупамі, на якіх трымаецца невялічкі дах. Але і дах не выратаванне ў час ападкаў пры моцным бакавым ветры.

Мы патэлефанавалі старшыні Галубіцкага сельвыканкама Уладзіміру Аляксандраву, які растлумачыў: дарога да могілак у Рубчы знаходзіцца на балансе ДРБУ-112. Там паведамляюць, што пакуль усе магутнасці знаходзяцца на Жыткаўшчыне. Як толькі праца будзе скончана, дарожнікі абяцалі адрамантаваць праблемны ўчастак дарогі.

Што тычыцца месца чакання аўталаўкі, Уладзімір Уладзіміравіч адзначыў, што праблема амаль вырашана. Рубчанскае лясніцтва пабудавала добрую альтанку і засталося толькі дачакацца крана, што дапаможа бяспечна даставіць канструкцыю на месца.

Падрыхтаваў А. Гусеў.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о