Устойлівая сістэма сацыяльнай дапамогі насельніцтву – складальнік трывалага грамадства. А пра дасканаласць сацыяльнай абароны ў нашай краіне сведчыць яе стогадовая гісторыя.
Пачыналася гэта структура з дапамогі ў бедствах. У 1921 годзе ўжо быў прыняты першы закон аб сацыяльным страхаванні. У 1928 пенсіі сталі налічвацца ў суаднесенасці з зарплатамі таго часу. Потым органы сацыяльнай службы ўзялі на сябе абавязкі па ахове дзяцінства і мацярынства, клопату пра састарэлых людзей.
Сёння дзейнасць органаў па працы і сацыяльнай абароне мае вялікую грамадскую значнасць і ахоплівае многія аспекты жыцця чалавека. Эфектыўная структура дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі і абслугоўвання, устойлівая сістэма пенсійнага забеспячэння, падтрымка сем’яў пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, занятасць насельніцтва, ахова працы, выплаты заработнай платы – усё гэта справы работнікаў сацыяльнай абароны, якія сёння адзначаюць сваё прафесійнае свята.
Многа гадоў упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Петрыкаўскага райвыканкама кіруе Канстанцін Плікус. Напярэдадні юбілейнага свята ён расказаў пра штодзённыя справы і дасягненні свайго калектыву:
Сацыяльнай службе Беларусі – 100 гадоў

– Наша структура падзяляецца на два падраздзяленні. Гэта ўласна ўпраўленне і дзяржаўная ўстанова “Петрыкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”. Усяго сёння сваё свята ў нашых калектывах будуць адзначаць 167 чалавек. А таксама тыя, хто сваё працоўнае жыццё прысвяціў умацаванню і паспяховаму функцыянаванню сацыяльнай абароны ў нашым раёне – нашы былыя працаўнікі – ветэраны працы. Асабліва хочацца ўзгадаць тых, хто нёс на сваіх плячах цяжар кіраўніцтва службай. Гэта Надзея Сітнік, Валянціна Вашчылка, Раіса Якубовіч, Галіна Кудзіна і Аляксандра Янчанкава.
Больш чвэрці стагоддзя праяўлялі свой прафесіяналізм на розных пасадах Надзея Баўсун, Людміла Мартынава, Надзея Расада, Галіна Лазурына, Галіна Жукавец, Ганна Міцкевіч, Ніна Гарошка – ім сёння нашы шчырыя віншаванні і словы ўдзячнасці.
– Канстанцін Іванавіч, сёння пералік накірункаў дапамогі і падтрымкі грамадзянам настолькі вялікі, што ў адным артыкуле пра ўсё рассказаць немагчыма. Калі гаварыць моваю лічбаў, то пазначце аб’ёмы вашай дзейнасці.
– Больш 10,6 тысячы чалавек у раёне атрымліваюць пенсіі і дапамогі. На ўліку знаходзяцца амаль 1,2 тысячы інвалідаў 1 і 2 груп. Сёлета мы атрымалі права на аказанне матэрыяльнай дапамогі інвалідам і пенсіянерам са сродкаў Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва і 238 чалавек яе атрымалі толькі за першыя 9 месяцаў года. Дзяржаўную штомесячную ці адзінаразовую дапамогу атрымалі таксама 448 чалавек, сацыяльную дапамогу на падгузнікі – 557 чалавек, 122 – на бясплатнае дзіцячае харчаванне, дапамогу на пахаванне – 386 чалавек. З моманту ўвядзення дадатковых мер дзяржпадтрымкі сем’яў з дзецьмі, з 2015 года, сямейны капітал аформілі 276 сем’яў раёна.
Пяцёра беспрацоўных жыхароў раёна атрымалі субсідыю для адкрыцця ўласнай прадпрымальніцкай справы, 12 беспрацоўных накіраваны на прафнавучанне, 154 атрымалі накіраванні на працаўладкаванне.
– Значная частка пастаўленых перад упраўленнем задач прыпадае на калектыў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Што новага і значнага адбылося ў гэтай структуры за апошні час?
– З дня стварэння ў 2001 годзе цэнтрам кіруе Галіна Сухоцкая. Яе намеснік Валянціна Томаль і загадчыкі аддзяленняў Святлана Алёкса, Жана Купрэй, Наталля Века і Вольга Траяноўская са сваімі падначаленымі прафесійна і якасна, з творчым акцэнтам, выконваюць вялізную работу.
Самай запатрабаванай на сёння застаецца паслуга сацыяльнай дапамогі на доме – без малога тысяча чалавек. Зразумела, што большасць нашых працаўнікоў – гэта сацыяльныя работнікі ў 92 населеных пунктах раёна. Не так даўно ўведзена паслуга нянькі, а сёлета – замяшчальнай сям’і і паслугі сядзелкі.
Выдатна зарэкамендавала сябе і штогод набірае папулярнасць аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў і людзей пажылога ўзросту. Тут для іх працуюць клубы, творчыя аб’яднанні, арганізуюцца мерапрыемствы і акцыі. Людзі, што раней былі літаральна асуджаны на адзіноту – больш 50 пенсіянераў і 20 маладых інвалідаў – цяпер знайшлі сябе ў коле аднадумцаў і сяброў. З імі працуе шэраг спецыялістаў, што дае магчымасць штогод пашыраць кола заняткаў і паслуг.
Сацыяльная служба сёння мае свой твар. Дасканалая, зладжаная сістэма абароны, пабудаваная на гуманізме, спагадзе, дабрыні, міласэрнасці і цярпенні – гэта і ёсць мы – работнікі сацыяльнай службы.
Шчыра віншую ўсіх калег са святам. Няхай дні нашы будуць светлымі, падзеі яркімі, справы добрымі. Здароўя ўсім і шчасця!

Гутарыла Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о