Петрыкаўскі раённы выканаўчы камітэт у асобе старшыні Аляксандра Кохана, Савет дырэктараў суб’ектаў гаспадарання ў асобе генеральнага дырэктара ДПУ “Нацыянальны парк “Прыпяцкі” Юрыя Апановіча і Петрыкаўскае раённае аб’яднанне арганізацый прафсаюзаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў асобе старшыні Галіны Шчэрбак заключылі раённае Пагадненне на 2022-2025 гады.

Як вядома, раённае Пагадненне вызначае асноўныя напрамкі рэгулявання сацыяльна-працоўных адносін і ўстанаўлівае агульныя прынцыпы правядзення ўзгодненай сацыяльна-эканамічнай палітыкі раёна. Бакі прызнаюць паўнамоцтвы адзін аднаго і абавязваюцца прытрымлівацца прынцыпаў сацыяльнага партнёрства, раўнапраўя і ўзаемнай павагі, засяроджваюць намаганні на канкрэтных напрамках па стварэнні ўмоў для ўмацавання эканомікі, павышэння прадукцыйнасці працы і павышэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва раёна.

Сацыяльнае партнёрства, безумоўна, неад’емная частка сферы працы. Пры гэтым размова ідзе не пра зліццё інтарэсаў, а пра дасягненне аптымальнага балансу паміж органамі дзяржаўнага кіравання, наймальнікамі і прафсаюзамі як паўнамоцнымі прадстаўнікамі работнікаў шляхам дасягнення кансенсусу, выпрацоўкі і ажыццяўлення адзінай, узгодненай пазіцыі.

Як адзначыў у час размовы старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан, апошнія гады наглядна нам прадэманстравалі, што канструктыўнае сацыяльнае партнёрства выступае найважнейшай умовай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і рэгіёну, эфектыўным інструментам забеспячэння працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў людзей.

Так, дыялог улады, прафсаюзаў і наймальнікаў дае магчымасць не толькі спадзявацца на механізмы рынку, але і праводзіць курс сацыяльна арыентаванай дзяржавы. У гэтым заключаецца яшчэ адна важная функцыя партнёрства – захаванне стабільнасці як гарантыі прагрэсу.

– Праблемы прысутнічаюць у  кожнай сферы. Мы прымаем усе меры па іх вырашэнні. Але ў адзіночку нам не справіцца.

Сацыяльна-эканамічныя рэаліі аб’ектыўна падштурхоўваюць да далейшага развіцця сацыяльнага партнёрства. Праца прафсаюзаў з’яўляецца неабходнай і значнай.

Менавіта сумесныя дзеянні здольныя дапамагчы не толькі канкрэтнаму чалавеку, але і ў цэлым грамадству, а таксама захаваць яго сацыяльную стабільнасць, – упэўнены кіраўнік раёна.

Сацыяльнае партнёрства ў Петрыкаўскім раёне мае багатую і плённую гісторыю. Асноўным інструментам у ажыццяўленні і развіцці сацыяльнага партнёрства з’яўляюцца пагадненні, якія заключаюцца на розных узроўнях, а таксама калектыўныя дагаворы, якія заключаюцца паміж наймальнікамі і прафсаюзамі.

– У рамках сацыяльнага партнёрства мы актывізуем сваю работу па павышэнні якасці прадукцыі, стварэнні належных умоў працы і іншых значных напрамках. Найважнейшымі застаюцца тэмы забеспячэння вытворча-тэхналагічнай, працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, недапушчэння выпадкаў п’янства на вытворчасці, – пазначыў старшыня райвыканкама.

Сярод значных аспектаў кіраўнік раёна адзначыў таксама канструктыўнае ўзаемадзеянне з наймальнікамі пры ўзнікненні на прадпрыемствах эканамічных цяжкасцей, а таксама ўзаемадзеянне з органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па захаванні рабочых месцаў, працаўладкаванні і перанавучанні вызваленых работнікаў.

Асноўным нарматыўным дакументам, які рэгулюе працоўныя і сацыяльна-эканамічныя адносіны на прадпрыемствах, у арганізацыях, з’яўляецца калектыўны дагавор.

– Менавіта калектыўны дагавор дае магчымасць канкрэтызаваць нормы і абавязацельствы, устаноўленыя ў нарматыўных прававых актах, Генеральным, тарыфным і мясцовых пагадненнях, – засяродзіла ўвагу Галіна Шчэрбак. – Узровень сацыяльна-эканамічнай абароны работнікаў, магчымасці ўключэння ў калектыўныя дагаворы павышаных абавязацельстваў у параўнанні з дзеючым заканадаўствам у асноўным вызначаюцца фінансавым становішчам арганізацыі. Ацэньваючы змест калектыўных дагавораў арганізацый, трэба адзначыць, што яны забяспечваюць высокую ступень сацыяльнай абароны работнікаў.

Калектыўныя дамовы з’яўляюцца гарантам правоў працаўнікоў на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы. У іх уключаюцца абавязацельствы па выдзяленні сродкаў на стварэнне вытворчых і бытавых памяшканняў, абсталяванне пакояў прыёму ежы, кабінетаў па ахове працы і тэхніцы бяспекі.

З тэкстам раённага Пагаднення можна пазнаёміцца на сайтах раённага выканаўчага камітэта petrikov.gomel-region.by, Петрыкаўскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі petrikov.fpb.1prof.by, газеты “Петрыкаўскія навіны” petrikov.by.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о