Старонка ў сацыяльнай сетцы Таццяны Ляскоўскай стракаціць яркімі фарбамі. Прагортваючы стужку з фотаздымкамі вырабаў тартоў мімаволі спаймала сябе на думцы: няўжо такое магчыма зрабіць з цеста?

Пакуль я змагаюся з пазывамі слінааддзялення, рэкамендую вам пазнаёміцца бліжэй з нашай кандытаркай, а пры магчымасці – замовіць у яе торт і паспрабаваць ласунак. Тым больш, што кошт у майстра цалкам прымальны.

Таццяна нарадзілася і вырасла ў вёсцы Вялаўск Петрыкаў-скага раёна. Цяга да творчасці ў яе ад бацькі, які добра маляваў. Ён і перадаў дачцэ густ. Пасля заканчэння 8 класа Таццяна паступіла вучыцца ў Лоеўскае педагагічнае вучылішча.
У час вучобы яна прыняла ўдзел у алімпіядзе па выяўленчым мастацтве і заняла 3 месца. Гэтая перамога дазволіла ёй паступіць на мастацка-графічны факультэт у Віцебскі педагагічны ўніверсітэт імя Машэрава без уступных экзаменаў.

Салодкая казка з цеста
Таццяна днём працуе дыфектолагам у ДУА “Петрыкаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі”, а вечарам пераапранаецца ў форму кандытара.

З 2013 года наша гераіня займаецца вырабам тартоў рознай складанасці, тэматыкі і дызайну. Яна – паспяховы майстар, мама шасці дзяцей і шчаслівая жонка.
Упэўнена, каб з розных кампанентаў зрабіць смачны і прыгожы дэсерт – патрэбны прафесійныя, залатыя рукі, вострае ўспрыманне смаку і, вядома, талент.
– Па факце я – самавучка, – распавяла нам Таццяна Ляскоўская. – У савецкі час пра кандытарскія курсы і марыць нельга было. Сёння, дзякуючы інтэрнэту, розным майстар-класам, курсам, можна стаць добрым шэф-поварам.

За 7 гадоў упартай працы, тэхніка выканання тартоў у Таццяны ўдасканалілася. І зараз тарты робяцца значна хутчэй, але смакавыя якасці ад гэтага не губляюцца.
– З чаго пачалося маё захапленне? Вядома, у першы час я выпякала для сям’і. Хацелася парадаваць родных смачненькім.

Салодкая казка з цестаГатаваць заўсёды любіла, але ніколі не ставілася да свайго таленту як да магчымасці стварэння бізнэсу. Калі мае сябры бывалі ў мяне ў гасцях, спрабавалі мае тарты і пірагі, то ўсе ў адзін голас казалі: пара рэстаран адкрываць. Дарэчы, у якасці падарунка на вяселле я папрасіла падараваць мне міксер.
Калі толькі пачынала браць заказы, у законе ў нас не было прапісана адпаведнага артыкула. Дзякуючы новаму Указу, які рэгулюе рамесную дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь, у нас з’яві-лася законная платформа для працы.

На старце сваёй практыкі я выпякала ад 3 да 5 тартоў у дзень, часцей іх выкананне адкладала на начны час. Так значна прасцей і спакайней, асабліва, калі ў цябе ёсць маленькія дзеці.
З часам давялося купіць яшчэ адзін халадзільнік і вызваліць больш месца для захоўвання ўсялякіх дэкаратыўных элементаў.

Вядома, я перыядычна мару пра ўласную кандытарскую, але пакуль гэта ўсяго толькі мары … У любым бізнэсе ёсць свае нюансы і цяжкасці. За апошнія гады канкурэнцыя ў нашай сферы вырасла, з’явілася больш майстроў. Пакуль няма магчымасці арандаваць памяшканне. Да канкурэнтаў стаўлюся з вялікай павагай, мы часта дапамагаем адзін аднаму.
У астатнім задаволена. Упэўнена, што раблю вельмі добрую справу – мае вырабы нясуць людзям шчасце і адчуванне свята. А гэтага так часта ўсім нам не хапае.
У якасці прадукцыі ўпэўнена на 100%, бо мае ўласные стандарты не ніжэй за дзяржаўныя. Санітарна-гігіенічныя нормы – само сабой зразумелае, а ва ўмовах пандэміі – тым больш.

Салодкая казка з цеста– Выпечка – гэта элегантнае спалучэнне дакладнай навукі і мастацтва, – працягвае Таццяна. – Шмат чым цікаўлюся, так што натхніць мяне на стварэнне новага дэсерту можа што заўгодна. Кандытарская справа дапамагае мне творча рэалізоўвацца. Вельмі люблю ствараць нешта новае, іграць са смакам і формамі. Заказы паступаюць зусім розныя, самы незвычайны – торт у форме вядомага карабля Тытаніка, а самы доўгі заказ вырабляўся 5 дзён. Магу сказаць, што цікавых тартоў было шмат. І чым яны складаней у выкананні, тым цікавей. Гэта свайго роду выклік, спраўлюся я ці не. Як правіла, спраўляюся.

Вядома, ёсць заказы, якія рыхтую строга па рэцэпце, бо так патрабуе кліент. А ў астатнім – імправізірую на тэму базавых рэцэптаў. Я прайшла толькі некалькі майстар-класаў, вопыту набралася дзякуючы шматлікім эксперыментам і анлайн-заняткам. Праз месяцы такой практыкі выпрацавала ўласныя рэцэпты, у якіх магу быць упэўненая цалкам, бо яны падабаюцца маім заказчыкам.
… Тарты з масцікі, 3D-тарты, адкрытыя пірагі з садавіной, капкейкі, тварожнік, шматслойныя тарты і печыва – пералік прадукцыі дастаткова разнастайны.
У перыяд навагодніх святаў адназначныя фаварыты – імбірнае печыва, калядныя кексы, тарты і мафіны. Можна зараз выкарыстоўваць тарты або пернікі ў якасці падарунка.

Наша гераіня ставіцца да тых людзей, якія знайшлі сваё паклі-канне і цяпер атрымліваюць задавальненне ад кожнай пражытай хвіліны.
– Мае дзеці таксама прымаюць актыўны ўдзел у вырабе тартоў. Не абыходзяць бокам выпечку і сыны. Падарыць сваёй дзяўчыне на свята кулінарны шэдэўр – арыгінальны спосаб заляцання, лічыць мой старэйшы сын. Я падтрымліваю. Хто з нас, дзяўчынак, адмовіцца ад салодкага? Муж – своеасаблівы крэатыўны дызайнер, непасрэдны ўдзельнік працэсу , часта падкідае мне ідэі. Калі гаворка ідзе пра падрыхтоўку тартоў да сямейнага свята, то тут я пас: дзеці цалкам бяруць гэтую частку на сябе.

Ну што ж, наша гутарка з Таццянай завершана, а я ўсё яшчэ працягваю любавацца тартамі на яе фотаздымках і сур’ёзна падумваю пра замову.
Сапраўды, арыгінальны дызайн – вытанчаная фантазія майстра. Таццяне, на мой погляд, атрымоўваецца максімальна наблізіць стылістыку торта да тэмы свята. А разнастайнасць фарбаў, якія яна выкарыстоўвае як кандытар, падымуць настрой нават самаму спакушонаму гурману.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о