Вёска Старыя Кацуры ніколі не была вялікай, нават школу тут не будавалі. Але месца для пражывання вельмі зручнае: побач Пціч, з другога боку чыгуначны прыпынак. Знос дамоў тут амаль не праводзіўся, бо попыт на сядзібы цяпер перавышае прапановы. Пераважная большасць дамоў у вёсцы – дачы.

Сёння ў Старых Кацурах толькі 18 мясцовых жыхароў. Усе – людзі паважанага ўзросту. Сярод іх – Пётр Кіка, ураджэнец Валынскай вобласці Украіны, для якога Палессе ўжо 56 гадоў – другая Радзіма.

У канцы пяцідзясятых гадоў малады ўкраінец быў прызваны на вайсковую службу, трапіў у мышанскі гарнізон. Тут яго напаткала першае і адзінае каханне. Мясцовая дзяўчына Галіна так зачаравала, што вяртацца на Радзіму не было жадання. Тым больш, што нікога на Валыншчыне з родных не засталося.

Ажаніліся, з дапамогай цешчы пабудавалі дом. Сабе на радасць нарадзілі сына і дачку. Тыя памножылі гэту радасць трыма ўнукамі і ўжо чатырма праўнукамі.

IMG_1261

Усе гады Пётр Людвікавіч працаваў у мышанскім домакіраванні, спачатку інжынерам, затым начальнікам участка. Яго адказнасць да працы і імкненне дапамагчы кожнаму, хто сутыкнуўся з праблемай, сталі вызначальнымі для выбрання яго дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў па ваенным гарадку.

– Ужо некалькі дзясяткаў гадоў дэпутатам, – расказвае мужчына і, звярнуўшыся да старшыні Мышанскага сельскага Савета Ірыны Баяшэнка, дадае, – Можа, хопіць? Узрост не той. Старастам яшчэ буду, а дэпутатам цяжкавата.

Узгадвае Ірына Мікалаеўна пра нядаўна праведзены дэпутацкі суботнік, які праходзіў на мышанскіх могілках. Папярэдзіла і Пятра Людвікавіча пра яго правядзенне, але не запрашала, узрост паважаны. Аднак ён першы прыйшоў на месца, потым апошні пайшоў з яго.

– Самы складаны час быў, калі раскідаўся Савецкі Саюз, – узгадвае суразмоўца. –  Вайсковую часць вывелі, людзі засталіся без працы, без сродкаў да існавання. Працуючы ў домакіраванні, трэба было падтрымліваць тое, што засталося, у патрэбным выглядзе. Хоць гэтак падтрымаць дух людзей. Многа праблем і спрэчных пытанняў узнікала пры забеспячэнні кватэрамі. Імкнуўся заўсёды заняць бок чалавека, дапамагчы яму, папярэдзіць незадаволенасць. Скаргаў атрымлівалася не дапускаць.

Вырашаць праблемы іншых – унутраная неабходнасць Пятра Людвікавіча. Выйшаў на заслужаны адпачынак і ўзваліў на сябе яшчэ і абавязкі старасты ў сваёй вёсцы. Хоць людзей у Старых Кацурах і нямнога, але клопатаў заўсёды хапае.

Хто хоць калі-небудзь быў у вёсцы, разумее, што самай вялікай праблемай тут быў і застаецца пад’езд да населенага пункта. Раней былі непраходныя пяскі, якія нават не ўсякая грузавая машына часам магла пераадолець. Цяпер праходзяць і легкавікі. Гэта найперш заслуга старасты, які не толькі “выхадзіў” падвоз камення і друзу, але і ўласна кіраваў яго падсыпкай.

Як гаворыць старшыня сельскага Савета, у вёсцы жывуць самыя дысцыплінаваныя людзі. Ніколі не трэба тут арганізоўваць суботнікі, бо на вуліцах няма ні смецця, ні непатрэбнай расліннасці. Ёсць неабходнасць – Пётр Людвікавіч кліча суседа Пятра Паддубнага і самі спраўляюцца. Неаднойчы стараста і дрэвы паваленыя па вёсцы сам прыбіраў, у сельскі Савет паведамляў толькі пра зробленую работу. Прылаўчыўся нават грубкі аднавяскоўцам рамантаваць. Прывыклі людзі, што любая справа робіцца разам са старастам. Нават каб рамонтную якую службу выклікаць ці хуткую дапамогу, газ заказаць, ідуць да яго спачатку.

– Смецця ў вёсцы, прынамсі, ніколі не валялася, акуратныя тут людзі, – гаворыць гаспадар. – Цяпер усе падпісалі дагаворы на вываз смецця, спраўна выстаўляюць мяхі за брамы па пятніцах. А калі нешта і валяецца ўздоўж дарогі, дык гэта рыбакі кідаюць, што ідуць з чыгуначнага прыпынка да ракі. Дачнікі таксама акуратныя. Ім не трэба нагадваць, каб трымалі сядзібы ў парадку – раўняюцца на жыхароў. Сродкі самаабкладання здаць таксама не трэба нагадваць, усе акуратна пералічваюць. Бо бачаць вынік – новая агароджа на могілках усталявана менавіта за сродкі самаабкладання.

Гаспадарка ў сям’і Кікаў цяпер невялікая. Каровы ўжо другі год няма – трапіла пад цягнік, інакш дасюль бы трымалі. Ёсць конь, член сям’і, як жартуе гаспадыня Галіна Мітрафанаўна. На ім Пётр Людвікавіч усёй вёсцы дапамагае. Каму з’араць ці забаранаваць, каму нешта прывезці. А плату за тое ніколі не бярэ.

– У вёсцы інакш нельга, сёння я ім дапамагу, заўтра яны мне, – кажа мужчына і пераводзіць размову. – Вада вялікая наступнай вясной павінна быць. Краты капаюць з нізу на гару. Усе гады назіраю за ўзроўнем вады, пазаштатны супрацоўнік РАНС, – жартуе ён. – Многа гадоў паведамляю выратавальнікам паказчыкі метак на беразе. Калі не хварэю. Летась якраз быў у бальніцы, калі пойма вакол вёскі гарэла. Вельмі хваляваўся. А сёлета пчол сваіх “прахварэў”, не дагледзеў, пакуль у бальніцы быў, – паказвае гаспадар на дзясятак пустых вулляў. – Нічога, аднаўлю сем’і ў наступным годе. Пакуль сад расце, хоць і старэнькі ўжо, пчолы павінны быць. Без работы ў вёсцы нельга, у якім бы ўзросце ты ні быў.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о