Апошнія два туры Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па футболе першай лігі прайшлі з даволі вялікім перапынкам. Так, 9-ты тур петрыкаўскі “Шахцёр” згуляў у гасцях у “Слоніма-2017” яшчэ 11 чэрвеня, а вось наступная дамашняя сустрэча “калійшчыкаў” з гомельскім “Лакаматывам” прыпала толькі на 3 ліпеня.

Разгром на берагах Шчары
Згадваючы слонімскую дружыну мінулага сезона, я пакінуў спадзяванні на гарантаваную перамогу палешукоў. Летась табліца ўжо падказвала “лёгкія” тры ачкі для салевікоў, але на справе ўсё выходзіла інакш – спарынг з моцным апанентам, які мае некалькі планаў на гульню і можа ператварыць чаканую перамогу саперніка ў горкае паражэнне. Прыкладна такая карціна вымалёўвалася і ў гэты раз: “Шахцёр” займаў умоўнае першае месца, “Слонім-2017” замыкаў “табель аб рангах” першай лігі. Заставалася адно: стаць сведкам, як калектывы ўзору сезона 2022 падрыхтаваныя на гэты раз.
Напачатку гульня на футбольнай арэне “Юнацтва” ў Слоніме выглядала адносна роўна. Гаспадары нават двойчы непрыемна патурбавалі кіпера «Шахцёра», але далей справа не пайшла. Наступны востры момант назіраўся толькі на 30-й хвіліне, калі імклівая атака гасцей па левым фланзе працягнулася перадачай у цэнтр і ўдарам па варотах – 0:1, калійшчыкі выходзяць наперад.
Пасля небяспечнага, але безвыніковага ўдара ў створ брамы варатара “Шахцёра”, каманды пайшлі на перапынак, а заўзятары рыхтаваліся да самага цікавага, бо менавіта другая палова гульні павінна была расставіць усе кропкі над “і”.
Доўга чакаць не давялося, ужо праз тры хвіліны пасля свістка арбітра Максім Кавалевіч скарыстаўся мітуснёй у штрафной гаспадароў і павялічыў адрыў. Слонімчане зноў не выкарысталі выдатны момант у адказ, за што іх пакараў на 65-й хвіліне ўжо Ягор Карпіцкі, які нібы па праспекце прайшоў без перашкод па левай броўцы, далёка адпусціў мяч перад сабой, падабраў нагу і трапна прабіў у дальнюю дзявятку – 0:3.
Наступныя 20-ць хвілін выглядалі пэўнай перадышкай, як па тэмпе гульні, так і па рэалізацыі. Чарговы штурм “Шахцёра”, здавалася заглынуўся, але да рыкашэту мяча ад абаронцы гаспадароў падаспеў той жа Максім Кавалевіч, які пусціў мяч наперад і моцна прыклаўся да круглага левай акурат з паўкруга штрафной пляцоўкі – 0:4.
Неўзабаве скончыўся асноўны час, а вось кураж салевікоў не скончыўся. На 93-й хвіліне Карпіцкі, што ўжо адзначыўся голам, “нахабна” арудаваў на левым фланзе – абкруціў дрыблінгам абаронцу, зрабіў перадачу але трапіў у футбаліста гаспадароў, падабраў мяч, пракінуў яго перад сабой і знянацку, калі ўсе чакалі перадачы ў цэнтр, развярнуў корпус у апошні момант і прабіў у правую дзявятку з сярэдняй дыстанцыі – 0:5, “Шахцёр” забірае тры ачкі.

Выдатная абарона? Праверым!
Наступны клуб, на маё сціплае меркаванне, быў апошнім сур’ёзным канкурэнтам петрыкаўскай дружыны ў першым крузе другога дывізіёна. Гомельскі “Лакаматыў” займаў 6-е месца і адставаў ад “Шахцёра” на 6-ць ачкоў. Разам з тым, на дыстанцыі чэмпіяната гамяльчане славіліся, разам з “Нафтанам”, а майстры абароны – прапускалі менш за астатніх: у 8-мі сустрэчах брамнік чыгуначнікаў даставаў мяч з сеткі толькі 6-ць разоў. Трэці вынік па гэтым паказчыку быў як раз у петрыкаўскай дружыны – 9-ць прапушчаных. З гэтай прычыны будучая сустрэча станавілася яшчэ цікавейшай.
У Дзень Незалежнасці на стадыёне “Прыпяць” гульня распачалася ўпэўненым тэмпам. Абедзве каманды не жадалі адыгрываць другім нумарам: чапляліся за мяч, мэтанакіравана ішлі ў атаку. Крыху лепей выглядаў “Шахцёр”, якому, на жаль, не хапала крыху дасканаласці на завяршаючых стадыях сваіх штурмаў. “Лакаматыў”, разам з тым, выглядаў годна, стварылася нават уражанне, што чыгуначнікі вось-вось раскрыюць свой патэнцыял, зловяць гаспадароў на памылцы, скарыстаюцца напружанасцю і зменяць размеркаванне сіл на полі.
Але час ішоў, “Шахцёр” не аддаваў ініцыятыву, хоць і назіралася, што пры такім спякотным надвор’і гаспадары крыху стаміліся: запаволілі тэмп, больш марудна распачыналі атакі, часам адводзячы мяч на сваю палову. Першы тайм блізіўся да свайго завяршэння, калі на 41-й хвіліне Максім Кавалевіч вырашыў не ўскладняць і, атрымаўшы мяч, каля левага кута штрафной саперніка прабіў у дальнюю дзявятку – 1:0.
“Лакаматыў”, пэўна, вырашыў не фарсіраваць падзеі і проста дагуляць час першай паловы, адклаўшы вырашэнне надзённых футбольных задач пасля фарватару гульні. Гаспадары ж злавілі кураж і на 46-й хвіліне літаральна праціснулі мяч да варот гасцей. Кропку ў гэтым штурме паставіў удар Уладзіслава Кабышава – 2:0, перапынак.
У другім тайме “Шахцёр” працягваў умераны ціск. У такіх сітуацыях лік, часцяком, залежыць ад канкрэтнай сітуацыі, якая выпала гаспадарам на 75-й хвіліне, калі Дзяніс Кавалевіч, атрымаўшы мяч, пайшоў у адрыў ад апекі. Абаронца гамяльчан нічога не мог зрабіць з хуткасцю калійнага форварда і натуральна зачапіў яго каля штрафной сваіх варот. Як вынік – чырвоная картка і штрафны, які выдатна выканаў той жа Дзяніс Кавалевіч – 3:0.
Пасля гэтага ў футбалістаў прымаючага боку было яшчэ некалькі момантаў, каб павялічыць адрыў, тым больш што колькасная перавага адыгрывала на карысць жоўта-чорных. Але “Шахцёру” крыху не хапіла… Сказалася, мабыць, і стома, і пэўная эмацыйныя спустошанасць. Так ці інакш, але чарговыя тры ачкі і ўтрыманне першага месца пасля 10-га тура чэмпіянату застаецца за салевікамі.
Наступны матч “Шахцёр” згуляе ў гасцях у футбольнага клуба “Баранавічы”. Затым петрыкаўская дружына прапусціць 12 тур спаборніцтваў і ўжо ў апошняй гульні першага тура, 24 ліпеня, будзе прымаць на хатняй арэне ў Петрыкаве “Ліду”. Пачатак матча запланаваны на 16 гадзін.
Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о