За шматвекавую гісторыю наша краіна неаднаразова станавілася ахвярай жорсткіх войнаў. Кожная з іх пакінула пасля сябе смерць і спустошанасць. Самай кровапралітнай была Вялікая Айчынная вайна. Перамога ў ёй была дасягнута коштам вялікіх страт беларускага народа. Беларуская зямля прыняла ў сябе мільёны людзей, загінулых на ратным полі, але і метадычна забітых у ходзе здзяйснення гітлераўцамі акупацыйнага рэжыму.

СІВІЗНОЙ ЖЫВЫХ І КРОЎЮ ЗАБІТЫХ  АПЛАЧАНА ВАЙНА
З акту пра злачынствы, здзейсненыя немецкімі акупантамі ў гарпасёлку Капаткевічы і вёсках Зарэчка, Чалюшчавічы і Ванюжычы Капаткевіцкага раёна Палескай вобласці ад 30 чэрвеня 1943 года: “Мы, тыя, хто ніжэй падпісаўся, дэпутат Капаткевіцкага раённага Савета дэпутатаў працуючых Міхайлоўскі Анатоль Цімафеевіч, мясцовыя жыхары Капаткевіцкага раёна: гарпасёлка Капаткевічы – Самбук Фёдар Іванавіч, Ткач Уладзімір, Каліцька Пётр Захаравіч, вёска Чалюшчавічы – Сарочык Мікалай Гаўрылавіч, Сарочык Пелагія Пятроўна, Жукоўскі Фёдар Іванавіч, вёска Зарэчка – Харланчук Раман Кірылавіч, Пераходскі Трафім Яфімавіч, Арыновіч Ананій Аляксандравіч і вёска Ванюжычы – Горбач Сава Радзіёнавіч, Кудравец Фёдар Дзям’янавіч, урач Капаткевіцкай раённай бальніцы Лапцейка Васіль Парфенавіч, гэтага чысла склалі сапраўдны акт у ніжэйсказаным.

22-23 чэрвеня 1943 года атрад немцаў у колькасці да 500 чалавек, высадзіўшыся на станцыі Пціч і ўварваўшыся ў гарпасёлак Капаткевічы, вёскі Чалюшчавічы, Зарэчка і Ванюжычы, на працягу двух дзён, 22 і 23 чэрвеня, стаў рабіць нечуваныя ў гісторыі зверствы і здзеквацца над ні ў чым невінаватым насельніцтвам указаных вёсак, пагалоўныя падпалы ўсіх прыватных і грамадскіх пабудоў, рабаванне і гвалтаванне, выключна дзяўчат-падлеткаў ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў, забойствы жанчын, старых, дзяцей і прымусовы вываз працаздольнай часткі насельніцтва ў Германію. Усе гэтыя зверствы і здзекванні, гвалтаванні і рабаванні, падпалы і забойствы ў канкрэтных фактах зводзяцца: г.п Капаткевічы: спалена 1100 гаспадарак, што належаць вяскоўцам, спалены поўнасцю грамадскія і культурныя пабудовы, як бальніцы, клубы, школы, бібліятэкі, лазні, млыны і гэтак далей, знішчаны да 155 гектараў зерневых, тэхнічных і агародных культур, забіты 22 чалавекі мірных жыхароў – старых, жанчын, дзяцей. Згвалтаваны дзве дзяўчыны, сярод якіх Кузьміч Надзея – 14 гадоў і Царун Надзея – 17 гадоў. Больш 200 чалавек працаздольнага насельніцтва сагналі сілком на катаржныя работы ў Германію;
вёска Зарэчка: спалены 136 гаспадарак, што належалі вяскоўцам, спалены і знішчаны ўсе грамадска-калгасныя пабудовы, забіты і зверску закатаваны 16 чалавек, сярод якіх двухгадовае дзіця грамадзяніна Мазая Дзмітрыя Цімафеевіча, грамадзянка Паўлючок Алена – 90 гадоў, Мазай Макрэна – 80 гадоў, Каляда Наталля і Каляда Мелання – па 65 гадоў, Кароткі Аляксандр, Яфімаў (адзінаасобнік) – 60 гадоў, Пераходскі Павел Емяльянаў – 62 гады і гэтак далей.

Забойствы суправаджаліся зверскай расправай і дзікасцю, нечуваным варварствам і здзекамі: грамадзяніна Каляду Пятра Сямёнавіча падвешвалі 5 разоў і толькі на шосты раз павесілі, Кароткага Міхаіла Міронавіча – тройчы падвешвалі, затым пагналі з сабой, Паўлючэнка Алену – 90 гадоў – забілі жэрдкай, Мазай Макрэну – застрэлілі, а яе сына Мазая Архіпа, якому 2 гады, пакінулі жывым, каб здзеквацца, і ён, пакінуты без нагляду і абароны, галодны, плачучы, двое суток поўзаў па папялішчы і быў знойдзены на трэція суткі паўмёртвы. Азвярэлыя і галодныя як львы немцы з лютасцю тыгра накідваліся на маладых дзяўчат-падлеткаў, гвалтавалі і кідалі іх целы ў кузавы аўтамашын, прычым, гвалтавалі на вачах бацькоў. Так былі згвалтаваны пяцёра маладых падлеткаў ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў, сярод якіх Каляда Алена Іванаўна, 16 гадоў, Арыновіч Ганна Міхайлаўна, 12 гадоў. З гэтай жа вёскі немцы пагналі на катаргу ў Германію да 150 душ.

вёска Чалюшчавічы: спалена 147 гаспадарак, поўнасцю знішчаны ўсе грамадскія будынкі, больш 30 гектараў пасеваў зерневых, тэхнічных і агародных культур, забіты 6 чалавек мірнага насельніцтва – выключна старыя, сагнаны на катаргу ў Германію больш 70 чалавек, згвалтаваны некалькі маладых дзяўчат, у тым ліку 14-гадовая Саковіч Надзея Пятроўна, якую гвалтавалі на вачах бацькоў пяцёра старых нязграбных немцаў. Саковіч Надзея была паўмёртвая і яе цела кінулі ў кузаў аўтамашыны і павезлі з сабой.

вёска Ванюжычы: спалена 147 падворкаў, усе грамадска-калгасныя пабудовы, знішчаны пасевы розных культур да 30 гектараў, забіты два чалавекі мірных жыхароў.
Такім чынам, за два дні разгула немцаў забіты 48 чалавек, у большасці старыя і дзеці, спалены 1630 гаспадарак, згвалтаваны да 15 дзяўчат. З-за нямецка-фашысцкага разгулу насельніцтва, якое здолела ўцалець, сёння без прытулку, галоднае, бадзяецца па лесе ў страху і жудасці. Многія дзеці засталіся без маці.

Многія маці, бачачы страх, уходзячы ад немцаў, пакідалі малалетніх дзяцей. Так зрабіла жыхарка вёскі Зарэчка Гузавец Фёкла Іванаўна, якая кінула траіх дзяцей на прыпынку Пціч – сама сышла ў лес. Яна не здолела вытрымаць тых здзекаў, якія немцы рабілі над насельніцтвам. Нямецкім двухногім тыграм падалося малым тое, што яны мучылі непавіннае насельніцтва ў названых вёсках, яны працягвалі гэта па дарозе да станцыі Пціч: выпраглі коней, запраглі вяскоўцаў, а самі, седзячы на вазах, хвасталі іх па спінах чым заўгодна.

Фіксуючы факты, мы, тыя, хто падпісаўся ніжэй, заяўляем, што іх намнога больш, чым тут напісана, але ўсё не паведаміць. Мы просім наш савецкі ўрад давесці да ведама наш акт да ўсяго народа, да ўсёй сусветнай грамадскасці. Час расплаты прыйшоў і гібель фашысцкіх катаў блізкая. Правільнасць вышэйнапісанага пацвярджаем подпісамі…”

Нечуваныя пакуты неслі жыхары Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў. Але тым не ўдалося скарыць свабодалюбівы народ. Вайна з фашыстамі закранула кожную савецкую сям’ю, пакінула пасля сябе шмат разбурэнняў і гора. З той пары кожны год мы ўзгадваем гэту трагедыю і робім усё магчымае, каб не дапусціць яе сёння і заўтра.

Алена ДАМАШКЕВІЧ,
загадчыца аддзела
інфармацыі і
выкарыстання дакументаў Мазырскага занальнага дзяржаўнага архіва.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о