Па дадзеных на 1 чэрвеня на Гомельшчыне пражываюць 8088 чалавек з ВІЧ-станоўчым статусам. Пераважная большасць носьбітаў інфекцыі перасягнула 30-гадовы рубеж жыцця. Прычым 53,8% ВІЧ-інфікаваных па ўзросце больш 40 гадоў. Менш у статыстыцы новых фактаў становіцца асоб без пэўнага роду заняткаў, амаль палова выяўленых за студзень-май – працуючыя.

У нашым раёне цяпер пражываюць 70 чалавек з ВІЧ-станоўчым статусам, прычым 62,3% – мужчыны. Рэгулярнае лячэнне атрымліваюць 46% ВІЧ-інфікаваных. Большую прыхільнасць да лячэння маюць тыя, хто пачаў тэрапію адразу пасля пастаноўкі дыягназу. Пра гэта на пасяджэнні каардынацыйнага савета па прафілактыцы ВІЧ і інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, расказала ўрач інфекцыяніст Вольга Прус. Раней тым, у каго вызначалася невялікая колькасць вірусаадзінак, лячэнне не прызначалася. Цяпер медыкаментознай падтрымкай забяспечваюцца ўсе.
Вірус імунадэфіцыта можа доўгія гады драмаць у арганізме. Пра кантакт, які мог стаць прычынай заражэння, чалавек забывае і ў час скрынінгу выяўляецца яго станоўчы ВІЧ-статус.
Дарэчы сёлета ў раёне скрынінгам ахоплены грамадзяне ва ўзросце ад 25 і больш. У мінулым годзе – ад 25 да 35. Узроставыя рамкі пашыраны з-за тэндэнцыі выяўлення новых выпадкаў ВІЧ менавіта ва ўзросце 40+.
Сёлета ў рамках скрынінгу выяўлена 7 новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, летась за год – 8. Факты гэтага года – менавіта старэйшая ўзроставая катэгорыя – 32+. Прычым 57 % новых ВІЧ-носьбітаў знаходзяцца ва ўзросце больш 50 гадоў.
– Пры рэгулярным атрыманні тэрапіі чалавек жыве паўнавартасным жыццём, не рызыкуючы стаць крыніцай заражэння для іншых, – тлумачыць урач інфекцыяніст – Сёння намаганнямі медыкаў верагоднасць перадачы ВІЧ ад маці да дзіцяці таксама выключана. Дасведчанасць у пытаннях прафілактыкі дазваляе ВІЧ-інфікаваным жанчынам нараджаць здаровых дзяцей. Зразумела, першыя паўтара года немаўля знаходзіцца пад наглядам. У нашым раёне быў выпадак, калі ВІЧ-станоўчая жанчына некалькі разоў прымала рашэнне пра аборт, баючыся, што дзіця народзіцца з такім жа статусам. Пасля працяглай тлумачальнай работы яна прыняла рашэнне пра чарговую цяжарнасць з наступным нараджэннем першынца.
Урач эпідэміёлаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Тамара Буглак нагадвае, што адзіны надзейны метад пераканацца ў адсутнасці ВІЧ-інфекцыі – прайсці тэсціраванне на антыцелы да ВІЧ не раней 6 тыдняў пасля таго, як быў выпадак рызыкі інфікавання. Калі ў вашым жыцці здараліся рызыкоўныя сітуацыі – не чакайце калі абследаванне прапануе прайсці ўрач. У аптэцы можна набыць набор для тэсціравання па сліне ці бясплатна і ананімна зрабіць аналіз крыві на ВІЧ у любой медыцынскай установе краіны.

Алена БРУЦКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о