На камісіі па надзвычайных сітуацыях, пасяджэнне якой прайшло на гэтым тыдні, былі ўзняты пытанні падрыхтоўкі да бяспечнага пропуску паводкавых вод, папярэджання магчымых надзвычайных сітуацый у паводкавы перыяд.

Рыхтуемся да паводкі ўжо цяперЯк паведаміў начальнік РАНС Мікалай Карабец, штогод пры праходжанні паводкі ў раёне існуе пагроза падтаплення населеных пунктаў і аўтамабільных дарог, што абумоўлена пад’ёмам узроўню вады ў рэках Пціч і Прыпяць. Згодна са шматгадовымі назіраннямі, у раёне дадзеныя веснавой паводкі на рацэ Прыпяць складаюць: максімальны ўзровень – 933 сантыметры (зафіксаваны 03.04.1979); сярэдні – 790; мінімальны – 339 (зафіксаваны 29.08.2015).

Узровень, пры якім вада выходзіць на пойму – 750 сантыметраў, небяспечны ўзровень, пры якім пачынаецца падтапленне аўтамабільных дарог і прыватных падворкаў – 760 сантыметраў. Узровень, пры якім вада выходзіць на пойму ракі Пціч, складае 290 сантыметраў. Узровень, пры якім пачынаецца падтапленне дарогі Лучыцы-Хвойня, складае 305 сантыметраў, падтапленняў прыватных падворкаў і іншых аб’ектаў не назіралася.

– За апошнія 10 гадоў максімальны ўзровень вады на рацэ Прыпяць быў зарэгістраваны 21.04.2013 года ў перыяд прахо-джання веснавой паводкі і склаў 878 сантыметраў, – праінфармаваў членаў камісіі Мікалай Юр’евіч. – Пры гэтым былі падтоплены 256 падворкаў, 81 жылы дом, 202 гаспадарчыя пабудовы ў 18-ці населеных пунктах і 8 участкаў дарог. Найбольш складаная абстаноўка склалася ў райцэнтры па вуліцах Камсамольскай, Набярэжнай, Луцінава і Прыпяцкай, у вёсцы Майсеевічы, у населеным пункце Снядзін і вёсцы Мардзвін у сувязі з прарывам дамбы, які адбыўся 18.04.2013 года. Таксама існуе пагроза быць адрэзанымі вадой для населеных пунктаў зарэчнай зоны Галубіцкага сельскага Савета: Снядзін, Мардзвін, Белін і Таргашын.

На сённяшні дзень, па інфармацыі начальніка РАНС, па да-дзеных Мазырскага цэнтра гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя, па стане на 11 лютага ўзровень вады на рацэ Пціч складае 309 сантыметраў – вада знаходзіцца на пойме. Пачалося падтапленне аўтадарогі Лучыцы-Хвойня. Што да ўзроўню на рацэ Прыпяць, то ён складае 599 сантыметраў. Хоць на Прыпяці ўзровень вады і адносна невылікі, але назіраецца штодзённая дынаміка росту і пры наяўнасці вялікіх запасаў снежнага покрыву прагназуецца рэзкі пад’ём узроўню вады ў рацэ, калі той пачне раставаць. Да таго ж можа ўзнікнуць сітуацыя са шматлікім падтапленнем прыватных дамоў і аб’ектаў паводкавымі водамі.

На пасяджэнні камісіі быў створаны аператыўны штаб, які ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Дзягцяр, вызначаны асноўныя задачы штаба, зацверджаны план асноўных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да пропуску паводкі 2021 года, папярэджанні і аператыўным рэагаванні на магчымыя надзвычайныя сітуацыі, мінімізацыі іх наступстваў, дадзены даручэнні кіраўнікам службаў, што будуць задзейнічаны ў паводкавы перыяд.

Парады насельніцтву: як падрыхтавацца да паводкі і пропуску адталых вод
– паглядзіце і вызначыце, дзе можа з’явіцца вада і па якім кірунку яна можа пайсці;
– тэрыторыю дома ачысціце ад снегу і лёду. Лёд, які перашкаджае праходзіць вадзе, – разбіць;
– ачысціце дрэнажныя і сцёкавыя канаўкі ад смецця, галінак, лёду, назапашаных за зіму;
– пры неабходнасці збудуйце з падручных матэрыялаў найпростыя перашкоды для вады;
– прыбярыце з падворка рэчы, якія могуць пацярпець ад вады;
– у падтопленых памяшканнях не карыстайцеся электрапрыборамі, не ўключайце асвятленне.
Што рабіць, калі дом трапляе ў зону падтаплення паводкавымі альбо адталымі водамі?
– перанясіце каштоўныя і патрэбныя рэчы на гарышча або верхнія паверхі;
– падрыхтуйцеся да эвакуацыі: збярэце “трывожны” чамаданчык, вазьміце з сабой грошы, дакументы, таксама неабходную вопратку, прадукты харчавання, лекі;
– пры неабходнасці варта прадугледзець вываз хатніх жывёл з зоны затаплення;
– аказаць пры магчымасці дапамогу састарэлым, суседзям.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара і
Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о