Карысны і прыемны адпачынак на ўлонні прыроды, азарт, радасць сям’і ад улову, сустрэча з сябрамі – вось далёка не поўны пералік прычын, з-за якіх рыбакі выходзяць на лёд. Але далёка не кожны ведае, пры якіх умовах можна лавіць рыбу без небяспекі для жыцця, а калі захапленне можа скончыцца сумна.

Зыходзячы з апытынняў і размоў, можна меркаваць, што большасць людзей ведае пра небяспеку зімовых вадаёмаў, але многія ўсё роўна выходзяць на лёд. Ці вядома рыбакам, што пры знаходжанні ў вадзе з тэмпературай 2-3 градусы смерць чалавека наступае праз 10-15 хвілін?

У 2019-2020 гадах у Беларусі правалілася пад лёд і патанула 27 чалавек, з якіх 5 – на Гомельшчыне. З пачатку 2021 года на Петрыкаўшчыне ўжо загінула 2 чалавекі.
Каб мінімізаваць рызыку, трэба прытрымлівацца некалькіх простых, але эфектыўных правілаў.

Свідруйце палонкі на адлегласці не бліжэй 5-6 метраў адна ад адной.
Для размеркавання нагрузкі кладзіце каля палонкі дошку.
Не збірайцеся каля ўловістай палонкі вялікімі групамі.
Кожны рыбак павінен мець пры сабе вяроўку даўжынёй 12-15 метраў, да аднаго канца якой трэба прымацаваць груз, а другі завязаць пятлёю.
Маршрут па ледзяным покрыве плануйце з улікам таго, што самы тонкі лёд знаходзіцца каля берагоў, на месцах перакатаў, на ўчастках з больш хуткай плынню і сцёкам у вадаём цёплай вады.

Калі вы праваліліся ў палонку
– не панікуйце і паклічце на дапамогу;
– пастарайцеся вызваліцца ад верхняй вопраткі, цяжкіх рэчаў;
– абапірайцеся лакцямі на лёд, намагайцеся, каб цела атрымала гарызантальнае становішча, паспрабуйце закінуць нагу на ледзяны беражок, а потым, паваротам корпуса, выцягніце другую нагу і хутка выкатвайцеся на лёд;
– без рэзкіх рухаў адпаўзіце як мага далей ад небяспечнага месца ў тым напрамку, адкуль прыйшлі.
Памятайце, усіх рыбакаў чакаюць дома нават і без улова.

Аляксандр ТРУХАНОВІЧ,
старшыня Петрыкаўскага ТВВад.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о